“Захаваем мір на Зямлі!”

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

Пад такой назвай 24 кастрычніка ў мінскім Палацы мастацтва пры вялізнай колькасці публікі адкрылася выстаўка твораў Уладзіміра Крываблоцкага. Яна стала не толькі своеасаблівай справаздачай мастака перад грамадскасцю за 30 гадоў творчасці, але і значнай падзеяй у культурным жыцці краіны. У экспазіцыі прадстаўлены практычна ўсе манументальныя работы У.Крываблоцкага (у вялікіх маляўнічых фатаграфіях, а некаторыя — у натуры) і дзесяткі палотнаў станковага жывапісу — фігуратыўныя карціны і партрэты.

 /i/content/pi/cult/135/770/Kryvablocki1.jpg

У.Крываблоцкі. “Тры лёсы”.

На вернісажы, а потым і за “круглым сталом” гучалі шчырыя прамовы на адрас таленавітага мастака, лідэра сучаснага атрада беларускіх манументалістаў, душэўнага чалавека, патрыёта зямлі беларускай. Выступалі ягоныя першыя педагогі па Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве і Тэатральна-мастацкім інстытуце, калегі па творчым Саюзе, а таксама архітэктары, дырэктары музеяў, прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, мастацтвазнаўцы, журналісты, літаратары, музыканты, былыя малалетнія вязні фашысцкага лагера смерці “Азарычы” — усіх і не пералічыць...
Хіба ж гэта не вялікае прызнанне заслуг Уладзіміра Васільевіча?!
Калі я аглядаю экспазіцыю, мне адкрываецца апошні паладзін Вялікага стылю, які ў сваіх творах адлюстроўвае не толькі час, але і сябе. Майстар манументальнага роспісу, мазаікі, вітража, ён і ў станковым жывапісе няспешны, але цвёрды. Не завастраецца нідзе і самой неперарыўнасцю ліній маніфестуе ўласную экспрэсіўную натуру, яе цэласнасць і самадастатковасць. Крываблоцкі — чалавек, я б сказаў, стылю “неабарока”. Ашчаднасць у крайнасцях дае тую рознасць патэнцыялаў, якая трымае ў надта высокім напружанні саму ягоную праяву ў акце тварэння.
А вялікая ўнутраная сіла Асобы дазваляе не толькі несупярэчліва сінтэзаваць артэфакты адзінага стылю — ці то арнаментальна-дэкаратыўныя кампазіцыі, ці то глыбокія гістарычныя рэмінісцэнцыі, напоўненыя высокай духоўнасцю і пераканаўчасцю “выбуховай” пластыкі, — але і прыцягнуць да сябе максімальна аддаленыя кропкі, ахапіць акаём, звесці канкрэтную дэталь да сімвала.
Словазлучэннямі “эпічная поліфанія”, “манументальны сімвалізм” я назваў бы той стыль, якому падпарадкоўваецца жывапісец, бо яго мастацтва — ад міфалагічнага (у сучасным разуменні) успрыняцця жыцця, ад пагарджання “нікчэмнай прозай” бытавых дробязей, ад “харавой” дзеі і сімфанізму абіраемых ім сюжэтаў.
Творчы свет мастака, дзе, па сутнасці, няма жанравых межаў,— гэта свет на рэдкасць цэласны, сур’ёзны і стваральны. Частка жыцця яго прайшла ў эпоху “сацыялізму з чалавечым тварам”, але ўласны твар пры гэтым мастак здолеў захаваць. І як творца ён знаходзіцца ў вельмі асаблівых стасунках з часам: умее натуральна збліжаць мінулае з цяперашнім, вострым поглядам ажыўляць “рэтра”, заглыбляцца ў жахі вайны альбо аналізаваць карані народных міфалагічных вобразаў.
Мінімалізм многіх ягоных работ бязмежны. Выразнасць — першабытная. Магутны рык параненага звера. Архаіка, напоўненая вобразамі фальклору, і вострая сацыяльнасць — не праява супярэчання. Яны — узаемныя дапаўненні на тым узроўні, дзе “дух дыхае, дзе хоча”. Іх сінтэз — сапраўдная задача кожнага бягучага моманту часу і погляду ў мінулае. Вытворная ў самым дакладным матэматычным сэнсе тэрміна.Падпарадкаванне Мастацтва (мімалётнасці і зменлівасці) Культуры (паўтаральнасці і вечнасці)— галоўная праблема сапраўднага мастака.
Праблема, якая вырашаецца крывёю сэрца, што пераплаўляе эстэтычныя адходы
 /i/content/pi/cult/135/770/Kryvablocki2.jpg
У.Крываблоцкі. “Рэквіем” (фрагмент).
цывілізацыі ў чыстае золата вечных каштоўнасцей.
Што яшчэ характэрна для мастацтва Уладзіміра Крываблоцкага? Перш за ўсё — драматызм светаадчування. Не, не змрочнасць, не прыгнечанасць пачуцця, а пастаяннае душэўнае напружанне, энергія валявога супрацьборства.
Менавіта драматычная дынаміка з’яўляецца вядучым матывам ягоных манументальных твораў ва Ушачах, Брэсце, Салігорску і Мінску. І праз гэты матыў ажыццяўляецца складаны шлях да пазітыўнага плёну. Гэта нейкі стыхійна знойдзены, але па-свойму глыбока апраўданы лад сучаснай вобразнай псіхалогіі, які з несумненнай відавочнасцю супрацьстаіць кволай душэўнай мускулатуры бяздумных, легкаважкіх, “усмешлівых” адлюстраванняў нашага жыцця, што так часта сустракаюцца не толькі на выстаўках, але і ў прасторавых экстэр’ерах і інтэр’ерах дзяржаўных і грамадскіх устаноў.
Яшчэ адна характэрная рыса творчага аблічча Уладзіміра: на рэдкасць абвостранае пачуццё гісторыі, пастаянныя і шматзначныя дыялогі з мінулым, большасць ягоных вобразаў звязана не толькі з народнай міфалогіяй, але і з “залатым векам” беларускага Адраджэння і ўвогуле з духоўнай культурай нацыі, у тым ліку і ў станковым жывапісе. Гэта карціны “Песня пра зубра” з вобразам Міколы Гусоўскага, партрэты Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Адама Міцкевіча,партрэты асветнікаў і дзеячаў культуры — ад Еўфрасінні Полацкай, Васіля Цяпінскага і Францыска Скарыны да Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пэўныя вобразы з сучасных перажыванняў і разваг выяўляюцца гістарычнымі калізіямі і аналогіямі (як у цудоўных роспісах атрыума Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі). Безумоўна, ва ўсім гэтым падспудна адлюстравана ў мастака вострае пачуццё гістарычнай памяці і, асабліва, жывая памяць Вялікай Айчыннай вайны, памяць светлая і трагічная, якая так важка і відочна расказана мастаком у роспісах “У імя жыцця на Зямлі” ў Музеі народнай славы ў г. п. Ушачы і ў манументальным поліптыху “Рэквіем” у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.Урэшце, ягоную творчасць літаральна захліствае гульнёвая стыхія іншасказанняў, сімвалаў, упадабленняў, умоўных прыёмаў, метафар.
Глядач уцягваецца ў сутворчасць, а аўтар даверліва звяртаецца да ягоных уяўлення і фантазіі. Пасіўнасць успрыняцця пры гэтым выключаецца, а чарадзейства пераасэнсавання жыцця набывае вольны палёт.
Уладзімір Крываблоцкі — мастак-сімваліст. Сімвалізм ягоны не мае патрэбы ў тлумачальным слоўніку, валодае ўласцівасцямі адкрытасці і універсальнасці. Прычым, сімволіка ягоная — простая, натуральная. Яна дапускае, верагодна, розныя тлумачэнні, але ніводнае з іх не супярэчыць іншаму.І ў той жа час, галоўным у ягонай творчасці з’яўляецца магутная прыгажосць вобразаў і прасторавых рытмаў, колеравая гармонія і дакладная прадуманасць кампазіцый. У жывапісе ён не празаік, не апавядальнік, не навеліст; ён больш творца гераічных балад, патрыятычных паэм, дакладней кажучы — драматург, што піша “насценныя п’есы” пра лёсы Радзімы.
Так, іншым разам у ягоных творах прысутнічае ўласна бачны “аповед”, але канчатковае ўражанне ад такіх работ — уражанне духоўнай напоўненасці, рэалізаванай задумы і глыбокага душэўнага дачынення да таго, што аўтар адлюстроўвае. Мусіць, так і павінна быць, бо ў іерархіі рамёстваў і талентаў мастак-творца — бліжэй за ўсіх да Богавага трона...

Барыс КРЭПАК