Юбілейны букет — аркестру

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Нязменны брэнд якасці, ад якога кругам галава

“Нам 25! Усё пачынаецца спачатку” — пад такой назвай прайшла на “Славянскім базары ў Віцебску” юбілейная праграма Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга, які, да ўсяго, з’яўляецца лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы. Невыпадкова, што канцэрт менавіта гэтага калектыву вянчаў на фестывалі Дзень культуры Саюзнай дзяржавы.

/i/content/pi/cult/387/7697/8-1.jpg

Невыпадкова і тое, што юбілейная праграма пачалася з уручэння нашаму калектыву і самому маэстра яшчэ адной высокай узнагароды — спецыяльнага дыплома і прыза Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы “За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі”.

Усяго сёлета было ўручана чатыры такія дыпломы. Разам з аркестрам узнагароду атрымаў Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Валянціна Дудкевіча. Цікава, што абодва нашы калектывы даўно ўжо супрацоўнічаюць, у тым ліку — на самых буйных фестывалях, пачынаючы са “Славянскага базару ў Віцебску”. Уладальнікамі дыплома і прыза сталі таксама двое прадстаўнікоў Расіі: гэта рэжысёр Міхаіл Высоцкі, які дарэчы, неаднаразова ладзіў фестывальныя канцэрты, і Паўлавапасадская мануфактура. Дарэчы, мастакі гэтага вытворчага аб’яднання разам з Віцебскім цэнтрам рамёстваў прэзентавалі ў “Горадзе майстроў”, што, паводле традыцыі, разгарнуўся ў час фестывалю, сумесны беларуска-расійскі праект “Букет для славянкі”.

Сумесных жа праектаў аркестра-юбіляра — не злічыць. Калектыў на чале з Міхаілам Фінбергам даўно і плённа супрацоўнічае з самымі знанымі расійскімі артыстамі, якія на працягу многіх гадоў абіралі менавіта гэты аркестр для правядзення сваіх самых значных канцэртаў, у тым ліку — у Маскве, у час цырымоніі адкрыцця сваіх зорак перад Канцэртнай залай “Расія”. Дый на гэтую праграму кампазітар Максім Дунаеўскі прыйшоў, каб выказаць словы нават не прызнання, а любові да “выбітных музыкантаў і цудоўнага дырыжора”. Лічыце, сёння, сказаў ён, мы святкуем “сярэбранае вяселле”, што злучыла кіраўніка з калектывам, які з’яўляецца ўнікальным для ўсёй постсавецкай прасторы і нават усёй Еўропы.

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі можа па праве лічыцца найбліжэйшым сваяком і самога віцебскага фестывалю. Па ўзросце ж — старэйшым братам, а паводле стасункаў — яшчэ і адным з “бацькоў”. Бо аркестр удзельнічаў не толькі ва ўсіх “Славянскіх базарах…”, але і ў двух Фестывалях польскай песні, якія праходзілі ў Віцебску напрыканцы 1980-х, даўшы пэўны штуршок з’яўленню цяперашняга форуму.

/i/content/pi/cult/387/7697/8-2.jpg

Юбілейная праграма даказала, што на базе калектыву можна зладзіць не толькі традыцыйны конкурс маладых выканаўцаў, але і ўвесь фестываль, зладзіўшы для зорак “экзамен” на ўменне спяваць “жыўцом” — ва ўсіх стылях. Стаўся канцэрт і своеасаблівым іспытам для самога аркестра, асабліва для яго інструменталістаў і найперш духавікоў. Гэта была “праверка”, у першую чаргу, на прафесійную вытрымку, бо ў дзень канцэрта музыканты займалі свае месцы на сцэне ажно чатыры разы. Зранку — дзве паўнавартасныя рэпетыцыі: не толькі гэтай праграмы, але і, галоўнае, конкурсу. Потым — сам конкурс і толькі позна ўвечары — уласна юбілейная праграма.

Але музыканты нават у такіх умовах выдавалі сола, ад якіх галава папраўдзе ішла кругам. Вось дзе майстры! А тое, якія фіярытуры выдаваў вядомы Валерый Шчарыца, змяняючы звычайную трубу на трубу-пікала і выводзячы мелодыю нават без інструмента, на адным мундштуку, увогуле на ўзроўні недасяжнага! А калі ён яшчэ і заспяваў, дык мог бы паспаборнічаць і з некаторымі эстраднымі салістамі, асабліва ў такіх “намінацыях”, як шчырасць і музычнасць выканання. Уладзімір Ткачэнка са сваёй гітарай замяніў яшчэ і банджа — па гучанні: у руках гэтага таленавітага мультыінструменталіста і аранжыроўшчыка, здаецца, нават “скрыня са струнамі” заспявае.

Добра, што ў юбілейнай праграме ішоў успамін пра тых расійскіх і беларускіх сяброў і ўдзельнікаў аркестра, якія не дажылі да юбілейнай даты…

Наогул жа аркестр максімальна шырока прэзентаваў уласных салістаў — вакалістаў і інструменталістаў. Акцэнт быў зроблены на ўласных майстроў, а не на запрошаных гасцей, хаця былі і яны.

Запомніліся артыстычная, з адметным, прыцягальным тэмбрам, Наталля Тамела, выразная, з кранальнай вібрацыяй у голасе, Таццяна Глазунова, сонечны, нават у імкненні праспяваць “за Міхаіла Баярскага”, Руслан Мусвідас, нацыянальная, у тым ліку па спеўнай манеры, Галіна Грамовіч ды іншыя. Па сваёй абаяльнасці ўсе яны пераўзыходзілі тую ж Вікторыю П’ер-Мары, якая лічыцца расійскай каралевай блюза. А Юрый Вашчук — і як вядучы канцэрта, і як спявак — з вялікім адрывам “перайграў” Аляксея Чумакова з Расіі...

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"