Ужо пяты раз раён пачуе звон мячоў ды ўбачыць баі рыцараў. Сёлетняе свята “Мсціслаў” запланавана правесці з размахам. Як распавяла “К “ метадыст РМЦ Тамара Чубанава, мерапрыемства распачнецца традыцыйным шэсцем удзельнікаў. У першы дзень свята гледачы ўбачаць двубоі ваяроў, змаганні лучнікаў і мечнікаў, джыгітоўку.
Для таго, каб зрабіць гэтыя дні сапраўды незабыўнымі, на рыцарскі фэст запрошаны беларускія фольк-гурты, сярод якіх — вядомы “Стары Ольса”, а таксама танцавальныя ды вакальныя калектывы не толькі з нашай краіны, але і з Кіева, Харкава, Санкт-Пецярбурга.
У другі дзень адбудзецца бугурт “Штурм замка” і змаганні вершнікаў. Але гэтым праграма свята ў Мсціславе не вычэрпваецца. Гасцей чакае шмат падзей: гэта і відовішчнае фаер-шоу, і майстар-класы па стральбе з лука ды арбалета, і адмысловая забаўляльная праграма для дзяцей…
З багатай гісторыяй мясцін гледачы змогуць пазнаёміцца на выстаўках “Мсціслаў на скрыжаванні эпох”, “Беларуская кніга: шляхам са стагоддзяў”.
Дзіяна ФІЛІМОНАВА