СЛЫННЫ СКАРБ НАШАЙ СПАДЧЫНЫ

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

20 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё пасля рэстаўрацыі Нясвіжскага замка — унікальнага аб’екта, унесенага ў Cпіс сусветнай спадчыны UNESCO.У падзеі прыняў удзел Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандра Лукашэнку сустракалі артысты ў сярэднявечных строях, а таксама музыканты, што выконвалі старажытную беларускую музыку. З прывітальным словам да Прэзідэнта звярнуўся народны артыст Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, які ўвасобіў Мікалая Радзівіла (Сіротку) — заснавальніка слыннага палаца.

/i/content/pi/cult/387/7691/1-0.jpeg

Аляксандр Лукашэнка наведаў шэраг пакояў палаца і ацаніў якасць праведзеных работ. Замак, камяніца, арсенал, паўднёвая і ўсходняя галерэі, прыбудова да замка, уязны мост, падземныя хады абарончых збудаванняў, роў, падземныя збудаванні пад усходнім валам, добраўпарадкавана тэрыторыя знешніх фартыфікацыйных збудаванняў... Цалкам адноўлены замкавыя капліцы, інтэр’еры княжацкіх пакояў, Залатой, Белай бальнай, Паляўнічай, Малой сталовай, Гетманскай залаў, іншых памяшканняў... Аляксандр Лукашэнка прайшоў па гэтых залах і, у цэлым, застаўся задаволены ўбачаным.

/i/content/pi/cult/387/7691/1-1.jpeg

Разам з тым, Прэзідэнт даручыў рэарганізаваць цяперашнюю сістэму ў рэстаўрацыі і аб’яднаць усіх спецыялістаў у адну "моцную, дастойную арганізацыю".

/i/content/pi/cult/387/7691/1-3.jpeg

/i/content/pi/cult/387/7691/2-5.jpeg   /i/content/pi/cult/387/7691/2-4.jpeg

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся таксама з музейнай экспазіцыяй. Адзначыў неабходнасць яе папаўнення з фондаў іншых музеяў, у тым ліку — шляхам перадачы прадметаў на дэпазіт. Наогул, 57 працэнтаў экспазіцыі — арыгінальныя прадметы XVI — пачатку XIX стагоддзя, астатняе — копіі і сучаснае ўзнаўленне старадаўніх арыгіналаў. Паводле слоў міністра культуры краіны Паўла Латушкі, міжнародныя эксперты далі пазітыўную ацэнку адноўленым інтэр’ерам. Што да замкавых паркаў, то іх, як заўважыў Кіраўнік дзяржавы, трэба падтрымліваць у натуральным стане.

/i/content/pi/cult/387/7691/2-13.jpeg

/i/content/pi/cult/387/7691/2-9.jpeg

/i/content/pi/cult/387/7691/2-14.jpeg

Прэзідэнт падкрэсліў, што кошт білетаў на ўваход у музей павінен быць даступны кожнаму. Міністр культуры паведаміў, што цана білета на наведанне палацава-паркавага ансамбля будзе складаць 50 тысяч рублёў; для некаторых катэгорый грамадзян прадугледжана 50-працэнтная льгота.

/i/content/pi/cult/387/7691/2-2.jpeg /i/content/pi/cult/387/7691/1-2.jpeg

/i/content/pi/cult/387/7691/2-6.jpeg /i/content/pi/cult/387/7691/2-10.jpeg /i/content/pi/cult/387/7691/2-7.jpeg

Як далажыў Кіраўніку дзяржавы міністр культуры, палацава-паркавы ансамбль ужо аказвае шэраг платных паслуг. За тры апошнія гады вырасла колькасць наведвальнікаў комплексу. Калі ў 2010-м палацава-паркавы ансамбль наведалі 173 тысячы чалавек, у 2011-м — 210, то за першае паўгоддзе 2012-га — каля 136 тысяч гасцей. Да канца бягучага года лічба, як мяркуецца, дасягне 300 тысяч наведвальнікаў. Летась даходы ад платных паслуг склалі 1,5 мільярда рублёў, прычым, паводле слоў Паўла Латушкі, цягам двух-трох гадоў комплекс выйдзе на стопрацэнтную акупнасць затрат на ўтрыманне аб’екта.

/i/content/pi/cult/387/7691/2-12.jpeg

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі роду Радзівілаў, якія таксама прыехалі наведаць адрэстаўраваны замак. Яны адзначылі, што, у цэлым, ім падабаецца тое, што выканана ў замку. “Радзівілы ніколі не хацелі выязджаць адсюль, але ў 1939 годзе былі вымушаны зрабіць гэта. Наша сэрца заўсёды тут...” — сказаў адзін з нашчадкаў роду Радзівілаў. “Прыязджайце сюды. Цяпер вам ёсць куды прыехаць”, — у сваю чаргу, сказаў Прэзідэнт.

/i/content/pi/cult/387/7691/2-11.jpeg /i/content/pi/cult/387/7691/2-1.jpeg

Напрыканцы наведання замка Аляксандр Лукашэнка зрабіў запіс у “Кнізе ганаровых гасцей палацава-паркавага ансамбля XVI — ХІХ стагоддзяў у г. Нясвіжы”:

“Дарагія сябры!

Багатая культурная і гістарычная спадчына Беларусі выклікае пачуццё гонару ў кожнага яе жыхара. Адным з унікальных помнікаў архітэктуры з’яўляецца Палацава-паркавы ансамбль у г. Нясвіжы, які ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Велічныя і магутныя формы палаца сведчаць аб выдатным таленце нашых продкаў. Неаднойчы ён аднаўляўся пасля войн і перыядаў занядбання. Дзякуючы працы рэстаўратараў, будаўнікоў і спецыялістаў музейнай справы сёння мы бачым Нясвіжскі палац ва ўсёй яго прыгажосці.

Няхай і надалей гэты цудоўны твор айчыннага дойлідства застаецца ўвасабленнем культурнага багацця Беларусі, сімвалам невычэрпных стваральных сіл і здольнасцей нашага народа.

Жадаю вам поспехаў і новых здзяйсненняў у пачэснай справе даследавання і папулярызацыі славутых старонак мінулага Радзімы”.

Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар музею пояс слуцкага тыпу, характэрны для паясоў, якія вырабляліся на мануфактурах Рэчы Паспалітай у 1760 — 1790-я гады: ён сатканы з шаўковай і сярэбранай пазалочанай (злотнай) нітак, на канцах мае махры. У сваю чаргу, Прэзідэнту на памяць аб наведанні Палацава-паркавага ансамбля быў перададзены габелен з відамі Нясвіжскага замка.

Жыхары Нясвіжа — Культурнай сталіцы Беларусі — маглі наведваць гэтым днём унікальны аб’ект бясплатна.

На свяце, што працягвалася ў замку, віравала культурная праграма, куды ўвайшлі тэатралізаваныя экскурсіі па замку і музычныя прадстаўленні. У падзеях гэтага дня бралі ўдзел ансамбль “Харошкі”, артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, духавы квартэт Прэзідэнцкага аркестра, струнны квартэт Белдзяржфілармоніі, артысты ансамбля “Класік-Авангард”, а таксама Заслужанага аматарскага калектыву краіны “Народны тэатр імя Уршулі Радзівіл”. На плошчы ля Ратушы адбыўся канцэрт аматарскіх творчых калектываў Мінскай вобласці. Ля помніка Сымону Буднаму прайшлі паэтычныя чытанні “Мой горад, мая гісторыя”.

Фотарэпартаж напярэдадні адкрыцця палаца Юрыя ІВАНОВА; фота Максіма ГУЧАКА, БелТА