Елізар’еўскі “рэфрэн”

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

30 кастрычніка, у дзень свайго нараджэння, народны артыст СССР і Беларусі, прафесар Валянцін Елізар’еў — дырэктар — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета РБ — прымаў на сцэне Палаца Рэспублікі віншаванні з 60-годдзем.

 /i/content/pi/cult/135/769/Elizarjev1-44.jpg
Віншаванне ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі зачытаў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец. Старшыня Мінгарвыканкама Міхаіл Паўлаў уручыў юбіляру медаль і дыплом Ганаровага грамадзяніна горада Мінска.
Народны артыст Беларусі Юрый Траян — колішні саліст, а цяпер намеснік дырэктара тэатра — прадставіў ганаровых гасцей вечара. Сярод іх былі знаныя харэографы, тэарэтыкі і гісторыкі балета, педагогі, балетныя крытыкі з Германіі, Велікабрытаніі, Японіі, Кітая, Расіі, Украіны, Літвы. Віншавальныя тэлеграмы ад калектываў, устаноў, арганізацый і асобных творцаў былі дасланы юбіляру з усяго свету.
Сам жа віноўнік урачыстасці быў максімальна нешматслоўны. Прызнаўся ў любові да Беларусі і дарагіх мінчукоў і падарыў прысутным плён сваёй творчасці.
Першае аддзяленне канцэрта склаў балет “Карміна Бурана” паводле аднайменнай кантаты К.Орфа. Пастаўлены ў 1983 г., ён зведаў розныя пакаленні выканальніцкіх складаў,кожны з якіх па-свойму прачытваў геніяльную харэаграфію В.Елізар’ева. Адметным быў і цяперашні склад: Людміла Кудраўцава (Каханая), Антон Краўчанка (Паэт), Кацярына Борчанка (Блудніца), Юрый Кавалёў (Абат). Але ледзь не цалкам змянілася сутнасць спектакля. Калісьці ён быў глыбока філасофскім, прымушаў разважаць пра жыццёвыя каштоўнасці і ўслаўляў само жыццё з яго пераменлівасцю фартуны. І хаця сцэнаграфія Э.Гейдбрэхта па-ранейшаму акцэнтавала філасофскі бок, цяперашні варыянт больш засяроджваўся на гісторыі кахання, у якой Паэту даводзілася выбіраць паміж дзвюма дзяўчынамі. Выдатна працаваў кардэбалет, цудоўна гучаў аркестр пад кіраўніцтвам Мікалая Калядкі, хор (хормайстар — Ніна Ламановіч), з оперных салістаў асабліва вылучаліся бездакорныя Таццяна Гаўрылава і Уладзімір Пятроў.
 /i/content/pi/cult/135/769/Elizarjev2-44.jpg

Другое аддзяленне ўяўляла сабой гала-канцэрт зорак сусветнага балета, насычаны прыемнымі сюрпрызамі. Адзін з іх заключаўсяўжо ў тым, што Валянцін Елізар’еў узгадаў сваю першую прафесію — артыста балета. Спачатку ён выйшаў у партыі Драсельмеера, дадаўшы Адажыо з балета “Шчаўкунок” П.Чайкоўскага адценне бацькоўскага блаславення, — тым больш, што партыі Машы і Прынца выконвалі маладзёны Ірына і Алег Яромкіны. А ў фінале, якім стаўся знакаміты Сіртакі з балета М.Тэадаракіса ў выкананні навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, салісты Юрый Кавалёў і Дзяніс Клімук выцягнулі Валянціна Мікалаевіча, нягледзячы на камічнае “супраціўленне”, на сцэну — і ён “сіртачыў” так, што можна было толькі пазайздросціць.
Вялікая канцэртная праграма была выдатна зрэжысіравана, кантрастныя нумары адцянялі адзін аднаго і складалі ў сваім чаргаванні лагічна адбудаваную драматургію.Выступленні салістаў Марыінскага тэатра, Нацыянальнай оперы Украіны, Санкт-Пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра, Літоўскага Нацыянальнага тэатра оперы і балета, тэатра “Крамлёўскі балет” чаргаваліся з шыкоўнымі адажыо з балетаў В.Елізар’ева. Акрамя “Шчаўкунка”, гэта былі пранікнёныя лірычныя фрагменты з “Кармэн-сюіты” Ж.Бізэ — Р.Шчадрына, “Легенды аб Уленшпігелі” Я.Глебава, “Спартака” А.Хачатурана — кожны са сваімі харэаграфічнымі “разыначкамі”, праз якія малююцца штораз новыя характары і адрозныя тыпы ўзаемаадносін. Гэтыя адажыо, адметныя елізар’еўскім творчым почыркам (бы своеасаблівыя “рэфрэны” ў агульнай форме ронда), у чарговы раз даказалі, што талент шаноўнага майстра непераўзыдзены не толькі ў буйной форме спектакляў, але і ў дуэтнай мініяцюры, багатай на псіхалагічныя адценні і лексічныя знаходкі. І што В.Елізар’еў — не толькі глыбокі філосаф, але і тонкі лірык.

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымках: падчас юбілейнага вечара.
Фота Юрыя ІВАНОВА