Конкурс-драйв

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

ХХІ Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” пабіў усе рэкорды. Яшчэ ніколі не было такога, калі ледзь не кожны другі ўдзельнік спаборніцтва па сваіх здольнасцях мог прэтэндаваць не проста на ўзнагароду, а на… Гран-пры.

Пра лёс Гран-пры

У надзвычай высокім узроўні сёлетняга творчага спаборніцтва першымі пераканаліся арганізатары і тыя, хто глядзеў тэлевізійныя "прэзентацыі" канкурсантаў яшчэ да пачатку "Славянскага базару ў Віцебску". На лёсаванні, пасля якога канкурсанты праспявалі ў філарманічнай зале па адной кампазіцыі "на вольную тэму", гэта стала яшчэ больш відавочна. Невыпадкова яшчэ да пачатку ўласна конкурсных праслухоўванняў Аляксандр Ціхановіч, які прадстаўляў нашу краіны ў складзе журы, адзначыў: "Сёлетні конкурс - галаўны боль для журы, бо ўсе ўдзельнікі - спеўныя. У такіх умовах, каб разлічваць на перамогу, ім трэба пераканаць журы і публіку, што кожны з іх - асоба..." Тую ж думку (зноў жа, да пачатку праслухоўванняў "у залік") прадоўжыла Ірына Дарафеева, якая сама выходзіла на віцебскую сцэну канкурсанткай, прычым двойчы, і толькі другая спроба прынесла ёй лаўрэацтва. "Такім конкурсам можна толькі ганарыцца, - падкрэсліла яна. - Ва ўсіх - яркія, прыемныя тэмбры, маладая энергія - гэта сапраўднае сузор'е!" Зазначыла яна і тое, што новае пакаленне спевакоў прынесла новую спеўную манеру: "Ідэальны варыянт - далучыць да агульных тэндэнцый, няхай і найноўшых, штосьці сваё".

/i/content/pi/cult/387/7689/2-1.jpeg

Сапраўды, на сёлетнім конкурсе ўсё вырашала не адоранасць і падрыхтоўка канкурсанта, а выбар рэпертуару. І, як сказаў у прыватнай размове старшыня журы Максім Дунаеўскі ўжо пасля падвядзення вынікаў, "уменне чымсьці здзівіць". Уласна кажучы, абсалютна відавочнага Гран-пры на гэтым конкурсе не існавала: яго ўладальнік Бобан Майсоўскі з Македоніі (які, дарэчы, зусім не ўразіў на лёсаванні) быў "вышэй" усяго на два, шмат у чым выпадковыя, балы. Але журы не магло адмовіцца ад уручэння гэтай узнагароды, бо спаборніцтва было надта складаным для ўсіх яго ўдзельнікаў. "Карэктыву" ўнёс дырэктар фестывалю Радзівон Бас, адразу ўручыўшы смелай, эпатажнай Саманце Ціне з Латвіі (І прэмія) афіцыйнае запрашэнне на наступны "Славянскі базар..." Пра ўзровень конкурсу сведчыць і тое, што Славіна Карканджыева з Балгарыі, уладальніца больш як 50-і ўзнагарод музычных фестываляў і конкурсаў, сярод якіх - 15 Гран-пры і 20 першых месцаў, - заняла толькі ІІІ месца, падзяліўшы яго з італьянкай Федэрыка Марынары.

Пра ўсіх і ўсё

Дзякуючы разнастайным спецыяльным прэміям і прызам былі адзначаны ўсе папраўдзе лепшыя: тэмпераментны, з надзвычай прыгожым тэмбрам, Руслан з Арменіі; кубінка Луселія Ролдан з моцным пачуццёвым голасам, якая праспявала "Васільковае неба" Леаніда Шырына на словы Аляксандра Вавілава нават лепш, чым беларускія выканаўцы гэтай песні, за што і была адзначана спецыяльнай прэміяй імя Уладзіміра Мулявіна; Саша Сонг з Літвы - тонкі, трапяткі выканаўца з еўрапейскай інтэлектуальнай манерай; артыстычная Алёна Трыбой з Малдовы, якая ў знакамітым "Арлекіна" літаральна пераўзышла маладую Алу Пугачову, прапанаваўшы сваю версію песні.

Голасу ж украінкі Галіны Конах бракавала той ювелірнай апрацоўкі, якая называецца культурай спеваў. Будзем лічыць, ейная ІІ прэмія - некаторы аванс. А ў тым, што ён спраўдзіцца, Украіна пераканала ўжо сёлета, калі прывезла сваіх лаўрэатаў конкурсаў "Славянскага базару ў Віцебску" розных гадоў. Усе, хто памятае іх колішнія конкурсныя выступленні, былі ўражаны іх творчым ростам. Нават усяго за адзін год! Калі летась лаўрэацтва Уладзіміра Квасніцы выклікала сумнеў "неапрацаванасцю" даных, дык сёлета ён паўстаў сапраўдным майстрам.

А што ж нашы?

Ці можам мы пахваліцца тым жа самым у дачыненні да сваіх, беларускіх, лаўрэатаў? Вядома, можам, але далёка не да ўсіх. Сярод сёлетніх удзельнікаў фестывалю сваё лаўрэацкае званне даказала Алёна Ланская, запомніўшыся ў гала-канцэрце адкрыцця прэм'ерай песні, выкананай, заўважу, "жыўцом". У канцэрце закрыцця гэтак жа вылучылася Ірына Дарафеева - сваёй індывідуальнасцю ў прачытанні славянскай класікі. А як ярка выступіла ў тым жа канцэрце Вікторыя Алешка, якая на досвітку ўласнай спеўнай кар'еры на конкурсе "прапусціла" свой уступ! Яе прыклад, дарэчы, у чарговы раз даказвае, што больш важным для музыканта з'яўляецца не столькі сам конкурс, колькі тое, што адбываецца пасля яго. Невыпадкова на цырымоніі ўзнагароджання член журы Марыя Навумава з Латвіі - пераможца "Еўрабачання-2002" - заўважыла: "Артыст нараджаецца не на конкурсе, а  - на сцэне. Таму прызавыя месцы не заўсёды перамога: яны супакойваюць. А пачуццё несправядлівасці дае такі стымул для руху наперад!"

Сапраўды, было б цікава калі-небудзь сабраць разам усіх нашых не толькі лаўрэатаў, але і дыпламантаў (дыпламантам, дарэчы, становіцца кожны ўдзельнік гэтага міжнароднага конкурсу, у адрозненне ад многіх іншых творчых спаборніцтваў у свеце), ды паглядзець, чаго яны дасягнулі. У нашага Яўгена Славіча, адзначанага сёлета Спецыяльным прызам Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі, ёсць усе падставы для далейшага творчага росту і ўдалай кар'еры: адметны тэмбр, адухоўленасць, інтэлігентнасць, захапленне музыкай. Пра ягоныя выдатныя прафесійныя якасці ды ўменне самаўдасканальвацца сведчыць ужо хаця б тое, з якой хуткасцю адбывалася яго станаўленне як спевака. Ён усяго чатыры гады прафесійна займаецца эстраднымі спевамі - прытым, што за плячыма іншых удзельнікаў была надзвычай багатая канцэртна-тэатральная практыка. Удзел у цяперашнім конкурсе, трэба спадзявацца, прынёс яму шмат не толькі ўражанняў, але і практычных ведаў. Усімі яго трыма выступленнямі (на лёсаванні і двух конкурсных днях) можна ганарыцца. Адзінае, хіба, - наўрад ці трэба было так рэзка змяняць рэпертуар: за некалькі тыдняў да конкурсу. Асабліва гэта датычыцца першай песні. Што ні кажыце, а "Белая царква" Алега Молчана на словы Аляксандра Лягчылава куды больш конкурсная за выкананыя Славічам "Берагі". Ёсць нагода задумацца і пра больш ранейшае вызначэнне канкурсантаў ад нашай краіны на віцебскі "фестываль фестываляў".

Але гэта ўжо тэма для асобнай гутаркі...

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

У наступным нумары "К" плануе прадоўжыць даследаванне тэндэнцый сёлетняга "Славянскага базару ў Віцебску". Асаблівую ўвагу мяркуем звярнуць на Дзень Беларусі, Міжнародны дзіцячы музычны конкурс, а таксама на рэжысёрскія знаходкі форуму. Запрашаем выказаць сваё меркаванне і нашых чытачоў!

Дасылайце свае лісты на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, на электронную скрыню kultura@tut.by або пішыце ў групе http://www.facebook.com/kimpressby.