Пра тэатр і не толькі

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

У Дзень Беларусі сваю “Зорную гадзіну” трымаў народны артыст СССР, народны артыст Беларусі Расціслаў Янкоўскі — выканаўца цэнтральнай ролі ў спектаклі “Пане Каханку”, што трыма гадзінамі пазней паказваў у Віцебску Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага.

- Я нарадзіўся ў Адэсе. І адным з самых яркіх уражанняў дзяцінства стаў касцёл. Мой бацька, былы штабс-капітан лейб-гвардыі Сямёнаўскага палка, быў палякам. І бабуля неяк павяла мяне ў касцёл. А там - ляпніна, арган...

/i/content/pi/cult/387/7688/1-6.jpg

Прыгажосць, якую апісаць немагчыма! Дый сама служба - гэта ж сапраўдны тэатр! І так гэта ўсё мяне ўразіла, што дома я стаў капіраваць усё тое, што ўбачыў ды пачуў. Хаджу, бубню нешта "басам". А потым суседка ў бабулі запытвае: "Да вас што, святар прыходзіў?" - "Ды не, гэта Росцік..." Потым мы жылі ў Джэзказгане, там быў казахскі тэатр. Мяне адразу захапіла сцэна і кулісы. І з таго часу, пэўна, тэатр мяне ўжо не адпускаў. А бацька... Яго рэпрэсіравалі двойчы. Першы раз выпусцілі, калі змянялі Яжова на Берыю. Я добра памятаю, як гэта было. Прыходжу неяк дадому, а маці з нейкім мужчынам незнаёмым абдымаецца. Тата вярнуўся! Я наўмысна паўсюль хадзіў з ім, каб усе бачылі: "Вось мой тата!" А потым ён вырашыў звярнуцца да Тухачэўскага. Паехаў, запісаўся на прыём, а яму кажуць: з'язджайце. Далейшы разгорт падзей я таксама добра памятаю. Прыходжу неяк дадому, а там зноў чэкісты. Я - да таты, а яны: "Забярыце дзіця!.." Памятаю і тое, як пасля гэтага арышту са мной гуляць ніхто не хацеў. А потым адна дзяўчынка пасябравала - дачка чэкіста...