"Оперны рок" ды сакрэт беларускай мовы

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Цікавай была сустрэча з італьянскім спеваком Алесандра Сафіна, які і ў канцэртных праграмах удзельнічаў, і ў складзе журы працаваў. Гэткім жа “сінтэзам” розных жанраў ды стыляў вызначаецца яго творчасць. Заняткі ў кансерваторыі і перамога на конкурсе вакалістаў прывялі Алесандра да выканання цэнтральных оперных партый. Ён удзельнічаў і ў пастаноўках класічных аперэт, дзе таксама патрабуецца добры оперны вакал, спяваў багата духоўнай музыкі. А гадоў пятнаццаць таму стаў займацца, як ён гэта называе, “оперным рокам”, спалучаючы з акадэмічным вакалам элементы поп-музыкі, соўла, манеры мюзіклаў.

- Опера цяпер і ў Італіі не ў лепшым становішчы. Гэта надзвычай дарагое задавальненне, і эканамічны крызіс паўплываў на дадзены жанр не лепшым чынам. Стала менш новых пастановак, ніхто не ведае маладых выканаўцаў... Увогуле, апошнім італьянскім спеваком з папраўдзе сусветнай вядомасцю быў Лучана Павароцці. Але гэта не значыць, што пасля яго ніхто так і не з'явіўся. І падобная з'ява закранае не толькі акадэмічную музыку. Змяніўся знакаміты песенны конкурс у Сан-Рэма, паўсюль гучаць абвінавачванні яго ў камерцыялізацыі. Яго пераможцы атрымліваюць куды меншую вядомасць, чым удзельнікі тых жа рэаліці-шоу. Але такая папулярнасць хутка знікае, яе хапае акурат да пачатку новага такога ж тэлепраекта.

/i/content/pi/cult/387/7687/1-7.jpg

Ва ўсходнеславянскіх краінах часта бываюць занепакоены тым, што іх лепшыя спевакі, маўляў, з'язджаюць за мяжу. У тую ж Італію. Не хвалюйцеся: мы таксама занепакоены тым, што нашы італьянскія спевакі з'язджаюць. За мяжу. І "знаходзяць" сябе ў замежных пастаноўках, замежных тэатрах. У гэтым працэсе трэба бачыць два бакі. Калі добры музыкант запатрабаваны ў розных краінах, гэта нармальна. Але ж трэба ствараць такія ўмовы і на яго радзіме. Інакш там развіццё мастацтва запаволіцца. Ідэальны варыянт (і да яго звяртаецца ўсё больш творцаў) - жыць на радзіме і быць запатрабаваным па ўсім свеце. Гэта ўзбагачае і самога мастака, і культуру саміх краін. Замкнёнасць адно на ўласных рэсурсах для культуры немагчымая. Я, да прыкладу, спяваў рускія оперы - таго ж Ленскага ў "Яўгеніі Анегіне". У мяне, вядома, былі цяжкасці з вымаўленнем, але працаваць было цікава, бо натхняла музыка Чайкоўскага. Хаця, прызнацца, складана было і ўвасабляць сам вобраз Ленскага - паэта і рамантыка, які гіне з-за кахання. Такія рысы не ўласцівы цяперашняй моладзі, а хацелася, каб яна таксама ўспрыняла майго героя - свайго аднагодка...

Цікава было пачуць і ўражанні італьянскага спевака ад Беларусі:

- Мой сын П'етра, якому споўнілася дзесяць гадоў, ведае, што я паехаў у Беларусь. Ён ведае, што ёсць такая краіна. Думаю, зможа знайсці яе на карце свету. А вось з мовай выйшла непаразуменне. Збіраючыся да вас, я быў упэўнены, што ў Беларусі гавораць толькі на беларускай мове. А прыехаў - чую рускую. І я падумаў спярша, што беларуская мова - практычна аднолькавая з рускай. Толькі потым мне растлумачылі, што гэта не так...