"Ільвіная доля"

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Сапраўдным героем сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску” стаў Леў Лешчанка. У лютым знанаму артысту споўнілася 70. У дзень адкрыцця фестывалю ён атрымаў Спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. А напярэдадні закрыцця форуму спявак меў бенефіс у Летнім амфітэатры. Перад ім Леў Валяр'янавіч завітаў у прэс-цэнтр фестывалю.

- Грамадскае прызнанне для мяне вельмі дарагое. Я ўражаны вашым прыёмам, шчыра люблю Беларусь, тут у мяне шмат сяброў. Добра памятаю, як удзельнічаў у першым "Славянскім базары ў Віцебску": мы разам з Максімам Дунаеўскім стаялі на сцэне (ён - за раялем) - і спявалі "Городские цветы". Тое было яшчэ да фільма, дзе песню праспяваў Міхаіл Баярскі. Мой кожны прыезд да вас - падарунак лёсу...

/i/content/pi/cult/387/7686/1-1.jpeg

Калі пачаліся ўспаміны, то Леў Валяр'янавіч зазначыў:

- А вось да колішніх савецкіх мастацкіх саветаў стаўлюся не толькі са знакам "мінус". Там былі прафесіяналы, якія не прапускалі дрэнныя, безгустоўныя песні. Хаця выпадкі, зразумела, былі розныя... На адной з тэлепраграм я спяваў "Ни минуты покоя". І ў канцы нешта такое на мяне "найшло", што я... падскочыў ад перапоўненасці пачуццямі. Ну а потым, вядома, праграму павінен быў прымаць мастацкі савет. Паглядзелі, убачылі мой скок. Рэдактар запытвае ў камісіі: "Што, выразаць?" - "Песню можаце выразаць, а скок хай застанецца"...

Няма часу ў Льва Лешчанкі на канфлікты:

- Эстрада, лічу, - адзінае мастацтва, якое шукае для адлюстравання не канфлікт, а... "кампраміс", бо скіравана на тое, каб публіка атрымала задавальненне. Увогуле, мастацтва кампрамісу, у яго лепшым жыццёвым сэнсе, павінна быць адным з галоўных для кожнага. Навошта канфліктаваць, калі можна знайсці паразуменне? А знаходзіць яго - трэба. І неабходна. Так, пагаджуся, крыўду дараваць нельга, яна "з'ядае". Але знайсці выйсце можна заўсёды! Хаця б пагутарыўшы з чалавекам сам-насам. Калі я крыўджуся, дык стараюся разбірацца самастойна, не звяртаючыся ў розныя інстанцыі, як гэта, бывае, робяць мае калегі...

Пры ўсёй сваёй адданасці эстрадзе, Льву Лешчанку, як аказалася, не далёкі і жанр оперы. І не толькі таму, што пасля заканчэння школы ён некаторы час працаваў рабочым сцэны ў... Вялікім тэатры. І не таму, што пасля заканчэння ГИТИСа быў акцёрам Маскоўскага тэатра аперэты - літаральна некалькі месяцаў...

- Давід Тухманаў падарыў мне тры песні: "Соловьиная роща", "Притяжение земли" і "День Победы". Без іх я ніколі не стаў бы тым, хто я зараз, бо менавіта яны прынеслі мне, бадай, самую вялікую папулярнасць, любоў слухачоў. Аднойчы ён сказаў: "У мяне ёсць опера". Я паслухаў, мне вельмі спадабалася. Гэта была "Царыца". Опера гэтая сапраўды цікавая. Там тры акты. І ажно тры Кацярыны: маладая, сталая і старая. У музыцы выкарыстана полістылістыка. Адметныя вакальныя партыі. І я пачаў неяк "прабіваць" яе па сваіх каналах, карыстаючыся папулярнасцю, вядомасцю майго імені. Звярнуўся, найперш, у Вялікі тэатр. Але там тады ішоў рамонт, і спаслаліся на тое, што, маўляў, няма базы. Паспрабаваў яшчэ нешта знайсці ў Маскве, узгадаў пра Міхайлаўскі тэатр у Санкт-Пецярбургу. Знайшоў я і спонсара, угаварыў яго паслухаць напісаны твор. Той паслухаў - і ўклаў грошы.

Пастаноўка была ажыццёўлена "Гелікон-операй" з Масквы. Але вельмі сімвалічна, што прэм'ера адбылася ў Санкт-Пецярбургу, на сцэне Александрыйскага тэатра... І хаця мяне пазначаюць у праграмках аўтарам ідэі, я, насамрэч, займаўся толькі "прамоўшнам". Але чаму б не дапамагчы, калі твор цікавы ды кампазітар таленавіты?..

А вось да сваіх талентаў знакаміты спявак ставіцца сціпла:

- Зоркай я пачуваю сябе толькі тады, калі знаходжуся дзесьці сам-насам - у ванным пакоі, да прыкладу. Бо калі ты зорка, дык хто ж тады Пушкін, Лермантаў, той жа Шаляпін? Да такіх азначэнняў трэба ставіцца асцярожна. Я рэальна ацэньваю свае магчымасці. Голас у мяне ад прыроды нізкаваты, дзесьці "бас-барытон". На эстрадзе я намагаюся спяваць больш лёгкім гукам, і той аказваецца пазбаўленым некаторых фарбаў. Каб неяк "расквеціць" вакальную палітру, мне абавязкова патрэбны бэк-вакал. Але дзякуючы гэтаму я, можна сказаць, "падрыхтаваў" многіх вядомых сёння спявачак: у свой час у мяне працавалі Каця Лель, Варвара, іншыя цудоўныя выканаўцы. Выкладаючы эстрадны вакал у Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, заўсёды сваіх вучняў "цягнуў": тая ж Аксана Багаслоўская стала лаўрэатам конкурсу "Славянскага базару ў Віцебску" ў 2006 годзе...

Калі вакол цябе моладзь, адораная ды прыгожая (а я, усе ведаюць, вельмі люблю прыгожыя твары), гэта, бясспрэчна, дае "падпітку". Але сакрэт маладосці - яшчэ і ва ўмеранасці. Ёсць і такі спосаб: штодзень, зранку падыходзіць да люстэрка і казаць сябе самому: "Мужык, трымайся!" Вось і трымаюся. І голас намагаюся зберагаць...

Самай вясёлай, "прыкольнай" у добрым сэнсе слова атрымалася "Зорная гадзіна" ўкраінскага дуэта "Патап & Насця" - таго самага, які спявае "Чумачэчую вясну". Артысты сыпалі жартамі, каламбурылі - прычым далёка не бессэнсоўна. Цікавымі былі і азначэнні беларускай эстрады з вуснаў Патапа:

/i/content/pi/cult/387/7686/1-2.jpeg

- Бацька ў дзяцінстве ставіў мне кружэлкі папулярных беларускіх ансамбляў. Таму "Песняры", "Сябры", "Верасы" - мой музычны падмурак. Нават "Чумачэчая вясна" нараджалася як пародыя на "Песняроў". Для параўнання: украінская эстрада - пераважна "вясёлая", расійская - сумная, часта трагічная. А беларуская - меладычная, з крыштальна чыстымі галасамі. Увогуле, усе вашы прадукты, якія пакаштавалі, - надзычай высокай якасці...

"Зорныя гадзіны" на сёлетнім "Славянскім базары ў Віцебску" адкрыў Аляксандр Рыбак з Нарвегіі - пераможца "Еўрабачання-2009" і беларус па паходжанні. Па-беларуску, праўда, ён пакуль не размаўляе, але песню беларускамоўную запісаў - "Небасхіл Еўропы". І ўключыў яе ў свой новы альбом:

/i/content/pi/cult/387/7686/1-3.jpeg

- Ёсць два тыпы кар'еры: тыя, якая развіваецца паступова, і тая, што пачынаецца адразу з нечаканага ўзлёту. Тры гады таму ў мяне атрымаўся акурат другі варыянт. І вось дзеля гастрольных тураў нават "адклаў" заканчэнне кансерваторыі. Але сёлета навучанне завяршылася. Я атрымаў дыплом, дзе пазначана: "Майстар скрыпкі"...

Сваю прэс-канферэнцыю Аляксандр Рыбак завяршыў, можна сказаць, рэкламнай акцыяй. Спачатку прызнаўся: "Мне так падабаецца ваша краіна! І я так хачу, каб да вас прыязджала ўся Еўропа!" А пасля папрасіў залу праскандзіраваць запрашэнне  для ўсіх замежнікаў  прыязджаць да нас у госці.

Упершыню расійская спявачка Пелагея ўдзельнічала ў нашым фестывалі, калі ёй было ўсяго 15 гадоў, цяперашні прыезд - ужо шосты па ліку. Яна называе свой кірунак рускім этна-рокам, сцвярджаючы, што падобная полістылістыка - яе прынцыповая пазіцыя:

/i/content/pi/cult/387/7686/1-4.jpeg

- Люблю сваімі выступленнямі разбураць стэрэатып, што народныя песні - гэта сумна і нецікава. Бачу ў тым сваю калі не місію, дык задачу: абуджаць у людзях цікавасць да народнай песні...

Праўда, сольнік Пелагеі аказаўся тут не самым пераканаўчым доказам. У саміх кампазіцыях там-сям адчуваліся цікавыя ідэі, толькі не ў галіне рока, а тэмбравых пошукаў, санорыкі. Але ж каб папраўдзе "ўзбуджаць", выступленню, як падалося, не хапала ўнутранай энергетыкі. Узгадаліся шматлікія беларускія спробы спалучэння фольку з рокам - ажно пачынаючы ад знакамітых "Песняроў" на чале з Уладзімірам Мулявіным. Што ні кажыце, а наш сінтэз рок-стылістыкі і народных плыняў, прадоўжаны тымі ж "Палацам", "Kriwi", этна-трыа "Тройца", - куды больш цікавы. А вось піярым мы свае фольк-рок-гурты - куды менш...

 Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"