Што з Музеем прыватных калекцый?

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

У рэдакцыі “К” гэтымі днямі раз-пораз раздаюцца тэлефанаванні. Сэнс пытанняў прыблізна наступны: “12 ліпеня ў Віцебску знянацку закрылі адзіны ў краіне Музей прыватных калекцый. З якой прычыны?” Для “прасвятлення” сітуацыі мы звярнуліся ва ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама.

Спецыяліст абласнога ўпраўлення Пётр Падгурскі, які курыруе дзейнасць музеяў, патлумачыў, што будынак па вуліцы Даватара, дзе месціцца Музей прыватных калекцый, знаходзіцца ў небяспечным стане. Менавіта з гэтай прычыны калекцыі перавезены на захоўванне ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей, філіялам якога і з'яўляецца Музей прыватных калекцый... Па больш падрабязную інфармацыю Пётр Падгурскі параіў звярнуцца да дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Глеба Савіцкага.

Па словах кіраўніка абласной установы, будынак па вуліцы Даватара сапраўды знаходзіцца ў аварыйным стане: трэшчыны ў сценах, лядашчыя паддашкавыя перакрыцці. Канчатковае экспертнае заключэнне, паведаміў Глеб Савіцкі, павінны даць неўзабаве полацкія спецыялісты. Супрацоўнікі Музея прыватных калекцый працуюць на сваіх ранейшых рабочых месцах, а вось для прыватных наведванняў установа, сапраўды, закрыта з 12 ліпеня. Далейшы лёс музейнага будынка па вуліцы Даватара, па словах Глеба Савіцкага, невядомы. Але ў любым выпадку прыватныя калекцыі неўзабаве можна будзе пабачыць у сценах абласнога краязнаўчага музея...

Застаецца дадаць, што Музей прыватных калекцый - сапраўды ўнікальны. Працуе ён з 1993 года і з'яўляецца своеасаблівым штабам мясцовых (і не толькі!) калекцыянераў. У фондах - амаль паўтары тысячы прадметаў: манеты, медалі, паштоўкі, археалагічныя і побытавыя рэчы. Акрамя таго, тут перыядычна экспанаваліся самыя разнастайныя прыватныя зборы.