Кансервацыя не прадугледжана?

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Касцёл Святой Веранікі на Ушаччыне: пяць тэлефанаванняў пра аварыйны стан, абяцанні ды піяр

/i/content/pi/cult/387/7684/2-2.jpegДнямі, выязджаючы ў пазакамандзіровачную вандроўку па рэгіёнах Беларусі, карэспандэнты “К” наведалі вёску Бычкі, дзе нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. А пасля, вяртаючыся на мінскую трасу, былі ўражаны велічным касцёлам Святой Веранікі ў Селішчы. Пашкоджаны, адкрыты і людзям, і дажджам (у культавым збудаванні дах абваліўся ў некалькіх месцах, а пра перспектыву муроў вось-вось абрынуцца і казаць не варта), тым не менш, касцёл прыцягвае вандроўнікаў сваёй манументальнасцю ды велічнасцю… Патэнцыйна прывабны турыстычны аб’ект? Безумоўна. Але ў тым стане, у якім храм знаходзіцца зараз, казаць пра яго турыстычную запатрабаванасць было б, вядома ж, ранавата. Чаму ж гэты аб’ект не стаў месцам паломніцтва шматлікіх беларускіх і замежных турыстаў, ці плануецца кансервацыя касцёла і ці будуць выдаткаваны на яе фінансавыя сродкі, з дапамогай пяці тэлефанаванняў даведаўся карэспандэнт “К”, вярнуўшыся ў Мінск.

Тэлефанаванне першае. "Баланс - не наш"

Сяргей ГАРБАЧОЎ, начальнік аддзела культуры Ушацкага райвыканкама:

- Ведаю аб праблеме. Гэты касцёл, пабудаваны, здаецца ў ХVІІІ стагоддзі (год пабудовы - 1726. - Ю.Ч.), на жаль, знаходзіцца не на нашым балансе: ім валодае Кубліцкі сельскі савет. Вядома, на кансервацыю касцёла патрэбна шмат грошай, якіх няма. Ды і прыхаджан-каталікоў, якім можна было б перадаць гэты аб'ект для захавання, наколькі ведаю, у Селішчы амаль не засталося. Усё ж днямі была зацверджана раённая Праграма па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, і, згодна з дакументам, уласнік касцёла павінен да канца бягучага года прыняць усе меры па абмежаванні доступу да аб'екта і правесці першасныя кансервацыйныя мерапрыемствы...

Тэлефанаванне другое. "Дапамозе будзем рады!"

Наталля ПАДГОЛ, сакратар і в.а. старшыні Кубліцкага сельскага савета Ушацкага раёна:

- Вырашэнне агучанага пытання ўпіраецца ў нястачу грошай. Асабіста ў мяне сэрца крывёю абліваецца, калі я бачу гаротны стан касцёла Святой Веранікі, але што ж мы можам зрабіць? На кансервацыю ці работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі храма фінансавання не прадугледжана. Асабіста маё меркаванне - трэба падключаць да гэтай справы валанцёраў, бо сваімі сіламі мы проста не ўправімся. Але, безумоўна, будзем рады любой дапамозе. Магчыма, яна з'явіцца, і пры дапамозе вашай газеты...

Тэлефанаванне трэцяе. "Турызм - перспектыва"

Алена ПАШКОВІЧ, старшыня Ушацкага раённага савета дэпутатаў:/i/content/pi/cult/387/7684/2-1.jpeg

- Самае галоўнае, на мой погляд, - засцерагчы касцёл ад далейшага разбурэння. І гэтаму павінны дапамагчы не толькі першасныя меры, накшталт забівання дошкамі ўваходаў ды вокнаў культавага збудавання, але і рамонт даху старадаўняга храма. Іншая справа, што грошай у раёне на рэалізацыю падобнага праекта пакуль няма. У адным з іншых паселішчаў Ушаччыны - у Дольцах - у нас таксама стаяла напаўзакінутая сядзіба. Дык вось, летась з дапамогай уласніка, мясцовага СВК, мы змаглі замураваць уваходы ў аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны. Да яшчэ адной сядзібы - у вёсцы Арэхаўна - цяпер таксама абмежаваны доступ. Аб'ект знаходзіцца на балансе раённага аддзела культуры, і таму мы маем магчымасць пастаянна адсочваць стан будынка. Я пераканана: турызм - гэта наша будучыня, і яго развіццё на Ушаччыне вельмі перспектыўнае. Таму мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб нашы аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны былі дагледжаны. Але ж не ўсё адразу...

Тэлефанаванне чацвёртае. "Будзем трымаць сітуацыю на кантролі"

Пётр ПАДГУРСКІ, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама:

- З той прычыны, што ўласнікам касцёла не з'яўляецца ні Рымска-каталіцкая царква, ні аддзел культуры, наладзіць выніковую працу з гэтым аб'ектам даволі складана. Але касцёл Святой Веранікі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны краіны, таму ўвага да гэтага храма заўсёды будзе пільнай. Шмат што ў плане захавання спадчыны, як я перакананы, залежыць ад мясцовых улад. Але, на жаль, у бюджэце ўласніка - мясцовага сельсавета - сапраўды не прадугледжаны грошы пад рэалізацыю ахоўных мерапрыемстваў. Таму, паўтаруся, гэта даволі складанае пытанне. Безумоўна, першачарговыя работы па кансервацыі аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны правядзём, і будзем трымаць сітуацыю з аховай касцёла пад самым пільным кантролем...

Тэлефанаванне пятае. "Ініцыятыва павінна зыходзіць з рэгіёнаў"

Аксана СМАТРЭНКА, намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

- Па-першае, паводле беларускага заканадаўства менавіта мясцовыя ўлады павінны паклапаціцца пра ахову гісторыка-культурнага аб'екта, што знаходзіцца ў іх уласнасці. Каб закансерваваць касцёл, можна абысціся мінімальнымі сродкамі: не так шмат каштуе скасіць траву вакол храма, пазабіваць вокны дошкамі і гэтак далей. Гэта даволі лёгка можна зрабіць з дапамогай школьнікаў, мясцовых жыхароў. Па-другое, варта шукаць уласніка, які зможа ўтрымліваць дадзены аб'ект у цэласнасці. Па-трэцяе, можна прыцягнуць да кансервацыі касцёла валанцёраў, арганізаваць разнастайныя акцыі, і такім чынам звярнуць увагу на праблемы гэтага аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны. Карацей, патрэбна ініцыятыва менавіта з рэгіёнаў, каб пра гэты храм ведалі не толькі жыхары Селішча, тады і грошы на кансервацыю аб'екта знойдуцца нашмат хутчэй. Напрыклад, праекты ў Барысаве, дзе рамантуецца Свята-Уваскрэсенскі кафедральны сабор, або ў Сынкавічах, па рэстаўрацыі царквы-крэпасці, былі распачаты, у тым ліку дзякуючы ініцыятыве святароў ды прыхаджан...

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"