Іўеўскі трохкутнік: пакручасты сюжэт з сенсацый

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Аднаўленне — замест руйнавання ў рэжыме “рэаліці-шоу”

Першая ластаўка Дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі" не стала вялікай сенсацыяй. Яно і зразумела: сціплы навес па-над парэшткамі колішняга котлішча Гаштольдаў, які з'явіўся сёлета ў Геранёнах, вокамгненнага захаплення не выклікае, дый і выглядае ён не надта "тэлегенічна". Згодна з Дзяржпраграмай, на гэтыя работы было прадугледжана дзесяць мільёнаў рублёў, ніякай тэхнічнай складанасці яны з сябе не ўяўлялі, таму і не дзіва, што дадзены яе пункт быў выкананы самым першым.

Тым не менш, абмінуць увагай факт ніяк не выпадае. Хаця б таму, што ён не адзінкавы. Прэвентыўная кансервацыя парэшткаў замка - лагічнае звяно ў ланцугу паслядоўных высілкаў па рэалізацыі турыстычнага патэнцыялу Іўеўскага раёна. Прычым робяцца яны пакуль што, па сутнасці, сіламі самога раёна, не раўнуючы, як у той прыказцы. Зрэшты, ёсць і іншы ўстойлівы выраз: пра ляжачы камень...

/i/content/pi/cult/387/7682/1-3.jpeg

- Работнікі культуры раёна ўзялі над парэшткамі замка своеасаблівае "шэфства", і цяпер мы рэгулярна выпраўляемся сюды на суботнікі, - тлумачыць начальнік аддзела культуры Іўеўскага райвыканкама Георгій Гагарын. - Грошы на стварэнне навеса былі выдаткаваны з райбюджэту, а вось расчышчалі тэрыторыю мы пераважна сваімі рукамі, з дапамогай лясгаса...

У мінулы мой прыезд - усяго некалькі гадоў таму - ніякай сцяжынкі тут не было. І прадзірацца да тых лічаных каменьчыкаў, што засталіся ад былой велічы, адважыўся б хіба самы ўпарты.

"Джунглі" на месцы замка

Стоячы ля руін замка, Георгій Гагарын з захапленнем распавядае пра мінуўшчыну Геранёнаў - тыя часы, калі пры двары Гаштольдаў, кажуць, было ажно дзве сотні музыкаў. Апошні прадстаўнік роду, ваявода наваградскі Станіслаў, у 1537 годзе ўзяў сабе за жонку сямнаццацігадовую Барбару - прыгажуню з роду Радзівілаў. Неўзабаве яна аўдавела, дзяцей у гэтым шлюбе не было, і таму магнацкі род згаснуў. Але сумны фінал стаў пачаткам той гісторыі кахання, якую ведае сёння ледзь не кожны школьнік. Прычым, як мяркуюць даследчыкі, пачыналася яна менавіта тут, у Геранёнах, куды неяк завітаў па справах спадкаемца прастола Жыгімонт Аўгуст...

Напалеон Орда заспеў Геранёнскі замак ужо ў руінах, якія ён і зафіксаваў, надаўшы ім рамантычны выгляд. Думаецца, турысты ўпадабалі б гэтае месца нават у такім выглядзе: крышачку занядбаны, але, у цэлым, вельмі маляўнічы краявід. "Несанкцыянаваная" зеляніна сям-там праглядаецца, аднак яна зусім не псуе карціну: можна ўбачыць і валы, і рэшткі вежаў, і касцёл. Храм, закладзены ля ўзножжа замка яшчэ самімі Гаштольдамі, на шчасце, захаваўся ў добрым стане - акурат цяпер там ідзе сур'ёзная рэстаўрацыя старадаўніх фрэсак. І гэта ці не адзіная "прывязка" да гістарычнага ландшафту.

Парадокс: непралазны гай - парэшткі парку, які з'явіўся ўсяго пару-тройку дзесяцігоддзяў таму. Тамтэйшы калгас-"мільянер" пераўтварыў археалагічны помнік у шыкоўную рэкрэацыйную зону з летняй эстрадай і нават атракцыёнамі. Калі што і засталося на сёння ад тых старанняў, дык толькі - адны праблемы...

"Зачыстка" схілаў і вяртанне ім адпачатковага выгляду запатрабуе нямала высілкаў. Пакуль яна толькі пачалася, дзякуючы чаму да руін можна беспраблемна дабрацца - канешне ж, не ў туфліках на абцасах, але, прынамсі, у красоўках. І барацьба з "джунглямі" працягнецца.

...Сёння турыст у Геранёнах можа паглядзець анімацыйную праграму, прысвечаную вытокам рамантычнай гісторыі. І ўсё, ізноў жа, "сваімі сіламі" - выкладчыкаў мясцовай школы мастацтваў ды супрацоўнікаў раённага метадычнага цэнтра. Замовіць гэтую праграму можа кожны ахвотны, ды і кошт сімвалічны - 50 тысяч рублёў. Турыстычныя групы, маршрут якіх праходзіць праз Геранёны, натуральна, карыстаюцца магчымасцю. Але... груп такіх надта мала: месца - зусім "нераскручанае". І чаго тут яўна не хапае, дык гэта інфармацыйнага шчыта.

- Яго ўсталяванне - у нашых бліжэйшых планах, - Георгій Гагарын нібыта чытаў мае думкі. - Турысты здолеюць убачыць і малюнак Орды, і графічную рэканструкцыю, зробленую ўжо цяпер...

Да нядаўняга часу толькі гэты сціплы малюнак і дазваляў уявіць, якім быў замак у перыяд свайго росквіту. Не так даўно з'явіўся і паўнавартасны трохвымерны макет: яго зрабіла загадчык Геранёнскага філіяла Цэнтра рамёстваў Юзэфа Старасціна. Матэрыял - і традыцыйны, і, адначасова, нязвыклы ды складаны: саломка.

/i/content/pi/cult/387/7682/1-2.jpeg

Пакуль што макет месціцца ў сціплым пакойчыку філіяла, пакідаючы яго хіба з нагоды разнастайных святаў. Тым не менш, неўзабаве ён мае заняць больш пачэснае месца: у Цэнтры культуры ўжо рамантуецца новае памяшканне для мясцовых умельцаў.

- Яшчэ ў мяне ёсць мара: паставіць кросны, - кажа Юзэфа Старасціна. - Нават знайсці іх ужо ўдалося ў адной вёсцы. Таму чакаем памяшкання...

Кросны здатныя стаць яшчэ адным прыцягальным для турыстаў аб'ектам. Але самы вялікі аргумент наведаць Геранёны - гэта цэлы россып сапраўды ўражальных цікавостак, якія знаходзяцца зусім паблізу ды сканцэнтраваны на невялічкай тэрыторыі. Вось і да знакамітага палаца ў Жамыслаўлі адсюль - усяго кіламетраў пятнаццаць, праўда, па кепскай гравійцы. Род Умястоўскіх, які доўгі час валодаў тымі землямі, не так даўно быў увекавечаны досыць нетрывіяльным чынам: у яго гонар назвалі мясцовы СВК. І хоць апошні і з'яўляецца спадкаемцам калгаса, але... Як падаецца, такі прыклад нэймінгу ўсё адно варты пераймання.

Чым пагражае наступны "мокры" сезон?

Адразу па нашым прыездзе ў Жамыслаўль метадыст аддзела культуры Уладзімір Пашкевіч агледзеў забітыя ды зачыненыя дзверы "другіх Лазенак". Для аматараў побытавага вандалізму гэтая перашкода не з'яўляецца непераадольнай: як вядома, яны - людзі ўпартыя. Хаця вартаўнік цяпер ставіцца да сваёй задачы куды больш адказна. Усё ж столькі было тлуму...

/i/content/pi/cult/387/7682/1-1.jpeg

Слядоў нядаўняга пажару адразу і не ўбачыш. Абгарэлыя кроквы прыбраны, а пачарнелы франтон быў пабелены на скорую руку. А вось наступствы ліквідаваць такім касметычным спосабам, на жаль, немагчыма.

Падаючы долу, мажныя брусы папсавалі аўтэнтычную плітку ў холе - сям-там праглядаюцца не абы-якія выбоіны. Ды бяда ў тым, што кафля засталася пад адкрытым небам: даху над цэнтральнай часткай палаца, лічы, няма. Адпаведна, ужо ў наступны "мокры" сезон яго руйнаванне значна паскорыцца.

Адзін з варыянтаў вырашэння сітуацыі - перадача маёнтка ў прыватныя рукі. Па словах Георгія Гагарына, зацікаўленыя інвестары ўжо з'яўляліся на даляглядзе. Яно і не дзіва: лепшае месца для санаторыя ва ўсёй краіне цяжка знайсці, а попыт на такія ўстановы вось ужо які сезон перавышае прапанову... Мабыць, у тым ліку і з эканамічнай прычыны Гродзенскі аблвыканкам вырашыў пакінуць гэты "ласы кавалак" на сваім балансе, выступіўшы ў ролі інвестара.

Сёння гаспадароў у былой сядзібы шмат - спіртзавод і некаторыя гаспадарчыя пабудовы належаць прыватнікам, у капліцы ідуць набажэнствы, а даўно аварыйны палац, афіцыны, свіран па-ранейшаму застаюцца на балансе мясцовай гаспадаркі. Праект ахоўных зон пакуль не распрацаваны. Як вынік - летась на тэрыторыю сядзібы "залезла" сучасная забудова.

Неўзабаве цэнтральная частка маёнтка мае быць перададзена Іўеўскаму райвыканкаму. Прычым яе непасрэдным гаспадаром, як мяркуецца, стане менавіта аддзел культуры.

- Пра канкрэтныя планы, вядома, казаць зарана, але агулам канцэпцыя выкарыстання ўжо даўно з'явілася, - распавядае Георгій Гагарын. - Гэта будзе Культурна-турыстычны цэнтр, дзе знойдзецца месца і для музейнай экспазіцыі, і для глядзельнай або канферэнц-залы, і для рэстаранчыка, і, вядома, для гасцявых пакояў. Як нам падаецца, у афіцынах можна стварыць дэмакратычыя гатэльчыкі, а вось начлег у самім палацы будзе, безумоўна, па VIP-прэйскуранце...

Георгій Гагарын нічога не кажа пра тэрміны. Затое ён спадзяецца, што падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі і, адпаведна, рэстаўрацыйныя работы ўдасца разбіць на часткі.

 - І пачнём мы, зразумела ж, з даху, - дадае ён. - Бо займацца часовай кансервацыяй, як падаецца, сэнсу няма, трэба як мага хутчэй прыступіць да асноўных работ. Тым больш, наколькі мне вядома, сур'ёзнае фінансаванне запланавана ў абласным бюджэце ўжо на наступны год...

Замак Гаштольдаў быў зруйнаваны задоўга да нашага з'яўлення на свет. А вось сядзіба Умястоўскіх руйнуецца акурат цяпер - нібы па законах "рэаліці-шоу", эфект якога забяспечвае перманентная ўвага СМІ. Сюжэт развіваецца пакручаста: то занепакоенасць, то надзея, то роспач... І не выклікае сумневаў, што хэпі-энд тут патрэбны нават не столькі з эканамічных, колькі менавіта з ідэалагічных прычын.

Манументальныя экспанаты

Тым больш, гэты комплекс у перспектыве здатны прапанаваць шырокі дыяпазон забаў для турыста, стаўшы аб'ектам паказу і інфраструктуры "ў адным флаконе". Сюды можна прыехаць і на экскурсію, і на адпачынак - балазе пад бокам прыгожая сажалка. Ды і ў пахмурнае надвор'е будзе чым заняцца. Сядаеш на каня - жалезнага або жывога - і наперад па навакольных адметнасцях!

Па дарозе назад у Іўе ўглядаешся ў спічастыя вежы неагатычнага касцёла ў Суботніках, крыпта якога стала фамільнай пахавальняй Умястоўскіх. І звонку, і знутры храм захаваўся ў выдатным стане - як быццам, і не было дзесяцігоддзяў запусцення. А ёсць яшчэ шыкоўныя касцёлы ў Дудах, Ліпнішках, Трабах, Лаздунах, самім Іўі... Між тым, гарадок адметны і сваёй асяроддзевай забудовай: мала дзе яшчэ так добра захаваўся дух мястэчка стогадовай даўніны. І шкада, што гэты дух, не ўзяты пад абарону дзяржавы, паступова чэзне: сучасныя рамонты даюцца ў знакі...

Зразумела ж, паўстае пытанне: дзе турыст можа падрабязна даведацца пра ўсё гэтае багацце? Як выявілася, своеасаблівы інфармацыйны цэнтр у Іўі ўжо з'явіўся - ці, дакладней, гэтую функцыю выконвае Музей нацыянальных культур, адносна нядаўна адкрыты ў гарадку.

Не заўважыць гэтую даваенную камянічку наўрад ці ў каго атрымаецца. Ля яе ўвахода - цэлая "выстаўка дасягненняў" савецкага манументальнага мастацтва. Раней помнікі ставілі ледзь не ў кожным калгасе, а цяпер аддзел культуры выступіў з папраўдзе мудрай ініцыятывай: звесці іх з усяго раёна на музейны падворак ды надаць статус экспанатаў.

Экспазіцыя ў музеі пакуль толькі ствараецца, сродкаў на яе бракуе, і таму гэты і без таго складаны ды карпатлівы працэс, верагодна, расцягнецца ў часе. Ды дзейнасць установы не абмяжоўваецца ейнымі сценамі - яна прапаноўвае і паўнавартасныя экскурсійныя паслугі па горадзе ды раёне.

- Тыя турысты, што падарожнічаюць самастойна, без экскурсійнага суправаджэння, шмат чаго "недаатрымліваюць", - пераканана дырэктар музея Рэгіна Сяліцкая. - Так, можна самім пад'ехаць, скажам, да нашай мячэці, паглядзець яе звонку... Але наўрад ці ў вас атрымаецца пазнаёміцца з імамам, даведацца пра шматвяковыя традыцыі беларускіх татараў...

У музеі кожны ахвотны можа атрымаць і буклецік з картай ды апісаннем адметнасцей Іўеўшчыны. Так, надрукаваны ён на звычайным чорна-белым прынтары - усё ж робіцца "сваімі сіламі". Аднак патрэбную інфармацыю з яго ўсё адно можна пачэрпнуць.

Між іншым, і арыгінальная назва музея - не проста "назва дзеля назвы". Пра геаграфічны брэндынг сёння гавораць усё часцей, і зусім недарэмна. Кожны куток Беларусі, які прэтэндуе на ўвагу турыстаў ды павагу сваіх жыхароў, павінен мець нейкую пазнавальную рысу ва ўласным абліччы. На Іўеўшчыне яе, падобна, ужо знайшлі. І робяць акцэнт на мультыкультуралізм, мірнае суіснаванне розных веравызнанняў ды культур, уласцівае гэтаму краю спрадвеку.

16 чэрвеня на местачковай плошчы была адкрыта манументальная кампазіцыя. Чатыры высокія пліты, у нечым падобныя да скрыжаляў, адлюстроўваюць чатыры рэлігіі і канфесіі, якія гістарычна "прапісаліся" ў мястэчку. Праваслаўная частка мемарыяла "пазірае" на царкву, каталіцкая - на касцёл, мусульманская - на мячэць, а іудзейская - на колішнюю сінагогу. Пасярэдзіне ж - фантанчык, які для некага сімвалізуе вітальную сілу, а камусьці проста радуе вока. Мемарыял, між іншым, таксама паўстаў "сваімі сіламі", без сур'ёзнага фінансавання.

Дый што казаць, калі нават графіці, якія санкцыянавана ўпрыгожваюць адзін з местачковых парканаў, таксама адлюстроўваюць тэму мультыкультуралізму! Пакуль многія ўсё яшчэ не могуць уцяміць, а што ж такое геаграфічны брэндынг (беларускія работы, дасланыя на нядаўні Міжнародны фестываль "Open", як падаецца, дазваляюць паставіць такі "дыягназ"), тут, у маленькім Іўі, ужо не проста вызначыліся з ідэяй брэнда, але і паспелі зрабіць важкія крокі па яе "прасоўванні".

Таму самае важнае, каб высілкі неяк "зрэзаніравалі" і за межамі раёна, каб пра іх даведаліся і турагенцтвы, і непасрэдна іх кліенты, каб на медыяхвалях з'явіўся піяр. Але ж вырашыць гэтую задачу сваімі сіламі амаль нерэальна. І таму хочацца верыць, што "зародак" турызму, створаны стараннямі жыхароў Іўеўшчыны, будзе развівацца ўжо не толькі на саматужным энтузіязме.

Мінск - Іўеўскі раён - Мінск

Фота аўтара