Дзень моладзі — сёння!

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

Адметным у праграме “Славянскага базару ў Віцебску” стане правядзенне Дня моладзі.

 

Як паведаміла "К" сакратар ЦК БРСМ Ганна Кастунова, Дзень моладзі ўпершыню пройдзе пад час афіцыйнай праграмы "Славянскага базару...". Пачаўся ён 13 ліпеня з дыскатэкі.

У Дні моладзі 14 ліпеня прымуць удзел больш за 500 юнакоў і дзяўчат з усіх куткоў Беларусі. Гэта актыў БРСМ, а таксама прадстаўнікі розных субкультур: велатрыялісты, віртуозы-ролеры, скейтбардысты, выканаўцы хіп-хопа, бітбокса, танцоры брэйк-данса, тэктоніка, крапма, хаўса, джаз-франка, локінга, вокінга, мастакі графіці, бодзі-арта, а таксама жыхары ды госці Віцебска.

Галоўнай падзеяй Дня моладзі стане II Міжнародны фестываль "Агонь танца", які адбудзецца на плошчы Перамогі ў Віцебску. У ім прымуць удзел не толькі выканаўцы з Беларусі, але і моладзь з суседніх краін. Спаборнічаць у намінацыях "Стрыт-шоу", "Лаціна", "Шоу-праграмы", "Брэйк-данс" будуць звыш 400 пераможцаў рэгіянальных адборачных тураў праекта.

На плошчы Перамогі запланавана праца тэматычных пляцовак, удзельнікі якіх прадэманструюць сваё майстэрства. І кожны ахвотны зможа прыняць удзел у конкурсах ці наведаць майстар-клас у цікавай для яго сферы.

Фінальнай кропкай Дня моладзі стане дыскатэка "Вечарына ў стылі рок".

Аляксандра КАСКЕВІЧ,
Аліна БАРКОЎСКАЯ