Everybody dance", або Чаму івесьскія бабулі — лепшыя за "Буранаўскіх..."

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

Хто можа паехаць на наступнае "Еўрабачанне"?

/i/content/pi/cult/386/7678/1-1.jpg

На "Славянскім базары ў Віцебску" выступяць многія знакамітыя артысты і калектывы, у тым ліку і ўладальнікі "сярэбранага медаля" "Еўрабачання" - "Буранаўскія бабулі" з Расіі. Але ж у нас таксама ёсць шэраг аўтэнтычных ансамбляў, якія могуць прадставіць Беларусь на наступным еўрапейскім музычным конкурсе не горш за названы калектыў. "К" склала спіс патэнцыйных зорак з сельскіх дамоў культуры.

"Мы не горшыя за бабуль з Расіі!"

У Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, каля знакамітага возера Шо, на базе Івесьскага гісторыка-культурнага цэнтра здаўна дзейнічае фальклорны гурт "Спадчына". У склад калектыву ўваходзяць сем чалавек, якія пастаянна выязджаюць і даюць канцэрты не толькі ў сваім рэгіёне. Да прыкладу, зусім нядаўна, напрыканцы красавіка, глыбоцкіх бабуль віталі на IX Міжнароднай навукова-этнаграфічнай канферэнцыі, што ладзілася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. А яшчэ бабулі з Віцебшчыны пастаянна дэманструюць свае спевы для турыстаў, якія прыязджаюць у "цэнтр Еўропы": для расіян, шведаў, латышоў і многіх іншых замежных гасцей. "Мы зусім не горшыя за бабуль з Расіі, - кажа кіраўнік ансамбля Зоя Жаўранак, - і таксама можам з поспехам прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе.

Трыста песень/i/content/pi/cult/386/7678/1-2.jpg

У вёсцы Ямінск Любанскага раёна традыцыйнаму спеўнаму стылю калектыву "Журавушка", як ужо пісала "К", нядаўна быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Ансамбль створаны ў 1974-м Надзеяй Новікавай. Сёння гуртом кіруе Алена Хадароўская. А ў рэпертуары аўтэнтычнага ансамбля - больш за трыста мясцовых песень, якія ўдзельніцы перанялі і запомнілі ад сваіх прабабуль.

Каштоўнасць краіны

Здаўна існуе аўтэнтычны фальклорны гурт і ў вёсцы Казлы Ельскага раёна Гомельскай вобласці. Сваю песенную спадчыну мясцовыя бабулі пранеслі праз усё нялёгкае сялянскае жыццё. Дзе б яны ні былі - на сенакосах, на жніве - песня заўсёды побач з імі. Таму ў рэпертуары калектыву прадстаўлена каля 50 песень, у якіх захоўваюцца старадаўнія традыцыі песеннай творчасці продкаў. Фальклорны гурт вёскі Казлы - актыўны ўдзельнік раённых аглядаў-конкурсаў, а таксама традыцыйнага Рэгіянальнага фестывалю гарманістаў палескага краю "Грай, гармонік!", Рэгіянальнага фестывалю песеннага мастацтва "Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных..." ды многіх іншых. А ў 2009 годзе блоку старадаўніх песень Казлоўскага фальклорнага гурта быў прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Спявачкі з маленькіх Зблянаў

Пра тое, што ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці існуе хутар Збляны, пэўна, мала хто ведае: у паселішчы пражывае цяпер некалькі дзясяткаў чалавек. Вёсачка хоць і малая, але знакамітая сваім аўтэнтычным калектывам, які вельмі запатрабаваны ў жыхароў вобласці. Мясцовыя бабулі пастаянна дэманструюць сваё майстэрства на абласных фестывалях фальклору, а таксама прадстаўлялі Лідчыну на пазалеташніх рэспубліканскіх "Дажынках".

"Завіца": слухаць - не наслухацца!

/i/content/pi/cult/386/7678/1-3.jpgЗавічкай на Ганцавіччыне называюць жонку брата ці сваячку. Адсюль - і назва народнага аўтэнтычнага фальклорнага гурта - "Завіца": усе ў ансамблі - сваякі ды родзічы. Дзейнічае калектыў пры СДК вёскі Раздзялавічы. Ініцыятар стварэння "Завіцы" - Соф'я Рабцэвіч, знаўца мясцовых песень, прымавак, прыказак і абрадаў. Уся гэтая ўнікальная спадчына і сталася рэпертуарам самадзейных артыстак, што ўжо добра вядомыя на Палессі. Непаўторныя песні "Завіцы" можна слухаць гадзінамі і не наслухацца, бо хочацца чуць палескую песню яшчэ і яшчэ. Дарэчы, усе песні гурта зафіксаваны ў фондах аўдыя- і відэазапісаў Ганцавіцкага РМЦ.

"Незабудку" - не забыць

Той, хто хоць раз пачуў спевы бабуль з народнага фальклорнага калектыву "Незабудка" Галавенчыцкага клуба народнай творчасці, што ў Чавускім раёне Магілёўскай вобласці, ніколі іх не забудзе. Адных толькі вясельных песень у гурта - больш за сотню! Ансамбль пад кіраўніцтвам Надзеі Казловай не толькі выступае на раённых мерапрыемствах, але і гастралюе за межамі Беларусі. Нядаўна, напрыклад, гурт вярнуўся з паездкі ў Смаленск, дзе выступленне аўтэнтычнага народнага калектыву выклікала вялікую цікавасць у расіян...

Як бачна, Беларусь багатая на аўтэнтычныя калектывы, што з поспехам могуць прадставіць краіну на чарговым "Еўрабачанні" ды не толькі. Дык які ж з фальклорных ансамбляў паедзе ў Швецыю? Магчыма, той, які мы ў гэтым рэйтынгу не назвалі? Дасылайце свае лісты пра аўтэнтычных мясцовых зорак - мы абавязкова распавядзём пра іх на старонках "К". І, магчыма, шведы яшчэ здзівяцца спевам беларускіх бабуль!..

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"