З andante — на allegro

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

“Вянок дружбы-2012": тры дні, дзесяць гадоў і больш за шэсць стагоддзяў

/i/content/pi/cult/386/7675/1-1.jpegСёлетні юбілейны Х Міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы” сабраў у Бабруйску прадстаўнікоў пятнаццаці краін. Гэта ўкраінцы, расіяне, прыбалты і малдаване, блізкія нам паводле славянскай ментальнасці славакі, а таксама — больш экзатычныя Турцыя, Індыя, Венесуэла, Францыя, Іран.

Галоўная сцэна фестывалю - "Бабруйск-Арэна". Тут праходзілі ўрачыстае адкрыццё і закрыццё фестывалю, але выступалі артысты і пад адкрытым небам, на галоўнай плошчы горада. Большасць ансамбляў, што ўдзельнічалі ў фестывалі сёлета, у Бабруйску не ўпершыню, і мясцовая публіка добра іх ведае. Таму адных сустракалі проста ветлівымі апладысментамі, а іншых - шквалам авацый, а па заканчэнні выступлення доўга не адпускалі са сцэны.

Хоць і лічыцца, што бабруйскі фестываль ладзіцца для прэзентацыі традыцыйнай, народнай, культуры, шэраг ансамбляў прапаноўваў гледачам мастацтва, вельмі далёкае ад уласна фальклору. Гэта найперш датычыцца артыстаў з замежжа. Харэаграфічная група з Францыі "Душа танца" дэманстравала на бабруйскай сцэне авангардысцкі балет. "Душа танца" - унікальны ансамбль, гэта рэальнае ўвасабленне ідэі арт-тэрапіі. Кіраўнік ансамбля Марлін Жаке цягам ужо пяці гадоў працуе з інвалідамі, падлеткамі і дарослымі. З 24-х удзельнікаў ансамбля 12 - людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Але рэжысура і харэаграфія ўлічваюць фізічныя асаблівасці артыстаў, так што глядач успрымае іх людзьмі абсалютна паўнавартаснымі.

Вакальна-танцавальны ансамбль песні горада Ухай (Кітай) быў створаны ў 1976-м для пашырэння народных танцаў і спеваў. Але сёння "Ухай" - гэта вытанчанасць харэаграфіі, фантастычная зладжанасць рухаў і шляхетнасць сцэнічных касцюмаў. Інакш кажучы - балет, элітарнае мастацтва.

Народны ансамбль танца "Флорас" з Расіі складаецца са студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў культуры і школьнікаў старэйшых класаў. Творчасць калектываў мае вельмі ўскоснае дачыненне да этнічнай аўтэнтыкі. Кожны нумар - стылізаваная пастаноўка. А паводле харэаграфіі - гэта танец, хутчэй, эстрадны, хоць глядзіцца як народны.

Прыбалтыйскі сцэнічны стыль заўжды вызначаўся дакладнай этнаграфіяй і пэўным кансерватызмам, які грунтаваўся на глыбокай пашане да фальклорнай традыцыі. На фестывалі ж я бачыў, што латвійская моладзь спрабуе спалучаць нацыянальную традыцыю з эфектнай харэаграфіяй. Гэткі пераход са звыклага andante на больш відовішчнае allegro.

Відаць, і Беларусь не застанецца ўбаку ад гэтай тэндэнцыі. На другі дзень фестывалю ў "Бабруйск-Арэне" адбыўся канцэрт выхаванцаў мясцовых дзіцячых школ мастацтва. Пераважала не традыцыйная народная эстэтыка, а стылізаваныя пастаноўкі з сюжэтным зместам. І музыка гучала адпаведная: тая, што нагадвае, хутчэй, дыскатэку.

У час фестывалю горад узбагаціўся новымі культурнымі аб'ектамі. Адбыліся ўрачыстыя адкрыцці Палаца грамадзянскіх абрадаў і Бабруйскага мастацкага музея Г.Паплаўскага. Новы музей на галоўнай плошчы горада я агледзеў грунтоўна. Відавочна, грошай на яго не пашкадавалі. У залах - добрае асвятленне, якое не скажае колеры і формы. Закрывае графічныя творы спецыяльнае шкло, што не блікуе. На дадзены момант музейны збор складаецца з работ бабруйскіх мастакоў. Усе творы падораныя майстрамі. Сама наяўнасць цудоўнай экспазіцыйнай пляцоўкі (у дадатак да някепскай выставачнай залы на вуліцы Сацыялістычнай) ужо ёсць стымул для развіцця выяўленчага мастацтва ў Бабруйску.

Навацыяй дадзенага фестывалю стала лазернае шоу ў "Бабруйск-Арэне" на ўрачыстым адкрыцці "Вянка дружбы" і на плошчы Леніна ў другі дзень фэсту. Пад свята быў задзейнічаны ўвесь цэнтр Бабруйска. Вартыя ўвагі імпрэзы праходзілі адначасова на розных пляцоўках. Даводзілася выбіраць, што паглядзець, а ад чаго са шкадаваннем адмовіцца.

На гэтым фестывалі зроблены першыя крокі да заснавання спецыяльнага музея гісторыі "Вянка дружбы". І першымі яго экспанатамі стануць менавіта "вянкі...". Справа ў тым, што кожны ўдзельнік фэсту, акрамя канцэртных нумароў, прадстаўляе на суд гледачоў яшчэ і твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вянок можа быць выкананы ў якой заўгодна тэхніцы, галоўнае, каб ён адпавядаў настрою свята і вобразу краіны паходжання. Сёлета лепшым прызнаны вянок, зроблены туркамі - Асацыяцыяй універсітэцкіх маладзёжных клубаў народнага танца і мастацтва.

Фактычна, фестываль доўжыўся пяць дзён замест трох абвешчаных. Шэраг ансамбляў і пасля заключнага канцэрта выступаў на розных пляцоўках горада. 2 ліпеня ў гарадскім Палацы мастацтваў прайшоў канцэрт артыстаў з Турцыі, Індыі і Францыі пад назвай "Розныя народы. Адзіны дом - сцэна". А потым адбылася тэатралізаваная праграма, прысвечаная падзеям вайны 1812 года. З фаер-шоу ды феерверкам.

У гэты дзень сцэнічнай пляцоўкай была Бабруйская крэпасць. Гэта самая старая пабудова - яна стаіць на камянях старога, першаснага, Бабруйска, - таму менавіта тут праходзілі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 625-годдзя горада.

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"