Водныя прыгоды паміж двух Залессяў

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

Сплаў па Віліі паводле графа Тышкевіча. І журналістаў "К"

/i/content/pi/cult/386/7673/1-1.jpeg"Шляхам Тышкевіча" - пад такой назвай вось ужо некалькі гадоў, паўтараючы маршрут славутага продка, група энтузіястаў штогод здзяйсняе сплаў па адной з самых вядомых рэчак Беларусі. Сёлета ініцыятыву падтрымалі Вілейскі і Смаргонскі райвыканкамы. Вілія, або, як яе называюць мясцовыя жыхары, Вялля, пачынаецца ад паўночнага ўсходу вёскі Вялікае Поле Докшыцкага раёна і ўпадае ў Нёман каля Каўнаса на тэрыторыі Літвы. Яе воды паступаюць у Мінск праз Вілейскае вадасховішча, а значыць, яна цячэ з кранаў многіх сталічных жыхароў. Аднак Вілейская водная сістэма забяспечвае не толькі многіх мінчан пітной вадой, але і здаўна прыцягвае ўвагу аматараў падарожжаў. Што і казаць, водны маршрут па адной з самых буйных рэк нашай краіны выкарыстоўваўся не адно стагоддзе як плытагонамі, рыбакамі, так і, пачынаючы з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, даследчыкамі ды турыстамі. Сёлета, адрынуўшы ўсе перасцярогі і страхі, карэспандэнты "К", натхнёныя экспедыцыяй графа Канстанціна Тышкевіча, скарыстаўшыся ўласным адпачынкам, вырашылі пазнаёміцца з воднай гладдзю Віліі ды яе пакручастымі берагамі і прайсціся, а дакладней - праплыць шляхам славутага земляка. І паказаць вам, шаноўныя чытачы, перавагі гэтага культурна-турыстычнага маршруту.

"Налім" і яго мінулае

Згодна з умовамі экспедыцыі, каб прыняць у ёй удзел, патрэбна мець не толькі жаданне, добры настрой, але і ўласна судна. Таму першым нашым дзеяннем "у кірунку экспедыцыі" стаў пошук персанальнага "карабля" да сплаву.

Зрабіўшы тузін званкоў знаёмым, мы выйшлі на прафесійнага турыста і прадпрымальніка Сяргея Забалотнага, які без пытанняў пагаджаецца здаць нам у арэнду лодку маркі "Налім".

- Не хвалюйцеся, - тлумачыць Сяргей па тэлефоне, - кіруецца яна так сама, як і байдарка, а важыць - толькі дзесяць кілаграмаў. Прыязджаеце на месца, надзімаеце помпай - і лодка гатова да сплаву...

Праз некалькі дзён "знаёмімся" з нашым будучым транспартным сродкам. А Сяргей дае нам парады:

- Вілія - рэчка неглыбокая.Асноўныя перашкоды - гэта мялізны, сустракаюцца перакаты, але яны не страшныя. Увогуле, рэчка - адна з самых "лёгкіх" у Беларусі. А наконт прыгажосці... Я звычайна важу групы па адрэзку з пачатку Віліі да яе злучэння з рэчкай Нарач: для мяне гэта - самая цікавая частка ракі...

Слова за слова - і Сяргей літаральна распачынае "аповед" пра тое, колькі цікавых і "нераскручаных" рэчак і азёраў ёсць у Беларусі, як яны выглядаюць у розныя поры года і калі лепш на іх бываць...

- Тая ж Вілія, надзвычай прыгожая ў ліпені, - гэта шыкоўная і празрыстая рэчка, а ў жніўні яе вада становіцца каламутнай з-за цвіцення, - распавядае кандыдат у майстры спорту па водным турызме, тэхніцы лыжнага турызму, спартыўным турызме і спартыўным слаламе.

- А як жа культурны складнік? - пытаемся мы.

- Калі распрацоўваю маршрут, абавязкова імкнуся ўнесці ў яго культурныя аб'екты, і прапаноўваю групе, якую вяду, наведаць іх. Вось зусім нядаўна вадзіў турыстаў на Іслач: магіла Дуніна-Марцінкевіча, рэшткі сядзібы, касцёл... - цягам маршруту ўсе ахвотныя мелі магчымасць паглядзець гэтыя цікавосткі ды адметнасці...

Праводзячы апошні інструктаж, Сяргей канстатуе, што апошнім часам назіраецца тэндэнцыя павелічэння цікавасці людзей да арыгінальнага адпачынку, у тым ліку - да водных паходаў.

- І нават гаспадары аграсядзіб, з якімі мы імкнёмся супрацоўнічаць, пачынаюць усведамляць, што звычайнай "чаркай і шкваркай" сёння людзей ужо не затрымаеш. А вось спалучыць спартыўны, культурны і гістарычны адпачынак - паслуга значна больш цікавая, - аддаючы нам вёслы, кажа ён.

І, натхнёныя гэтым карысным інфармацыйным пачаткам, мы рушым наперад.

Раз Залессе, два Залессе.../i/content/pi/cult/386/7673/1-2.jpeg

Згодна з нашым планам, мусім нагнаць экспедыцыю ў вёсцы Залессе, дзе спыняюцца ўдзельнікі воднага падрожжа з мэтай таго самага культурнага візіту ў сядзібу Агінскага. Кіраўнік экспедыцыі Міхаіл Петух, з якім мы стэлефанаваліся напярэдадні, чакае нашага прыбыцця і, як кажуць, трымае месцы ля вогнішча.

Але, як здараецца ў шматлікіх вандроўках, прыгоды не прымусілі сябе доўга чакаць. Менавіта ў дзень нашага адпраўлення электрычкі ў кірунку Маладзечна з-за рамонтных работ на згаданым адрэзку былі значна пасунуты ў раскладзе. На Цэнтральным аўтобусным вакзале сталіцы нам параілі шпарка ехаць на "Маскоўскі", дзе з хвіліны на хвіліну мае адправіцца аўтобус на Вілейку праз Залессе.

Цудам мы паспяваем на бусік, прадбачліва дастаём свой GPS-навігатар і высвятляем, што... едзем зусім не ў тое Залессе. Так, яно знаходзіцца побач з Вілейкай, але належыць да іншага раёна. Усе гэтыя несупадзенні прыводзяць да думкі, што лёс наканаваў нам пачаць падарожжа з Вілейкі, адкуль некалькі дзён таму і быў узяты старт усёй экспедыцыі.

Ужо дабраўшыся да Вілейкі, мы цягнем лодку да бліжэйшага сходу ў Вілію. Папярэдняя "разведка" прыносіць станоўчыя звесткі: вада - бяспечная, наш "Налім" падрыхтаваны да сплаву, і вось ужо мы вяслуем у кірунку вёсак Мамаі і Чырвоны Беражок. Надвор'е стаіць цудоўнае!..

Сплаў у мінулае

/i/content/pi/cult/386/7673/1-3.jpegАле, што і казаць, кожнае падарожжа мае свае цяжкасці. У дачыненні да воднага сплаву, напэўна, кожны турыст узгадае лужыны пад нагамі ад вады з вёслаў, і тое самае сонца, якое бязлітасна пячэ. Прыстасоўваючыся да абставін, мы ўсё ж не губляем энтузіязму, узгадваючы, якім чынам падарожнічалі па той самай Віліі нашы продкі.

Славуты граф Канстанцін Тышкевіч, каму рэчка абавязана ўнікальным выданнем-даследаваннем "Вілія і яе берагі", дзеля сплаву па ёй вырабіў цэлую флатылію з пяці суднаў. Адметна, што зборачны цэх размяшчаўся ў Лагойску, і ўжо адтуль судны цягнулі волакам да вёскі Камена. Менавіта з гэтага пункта і пачалося ў 1857 годзе падарожжа графа, якое завяршылася ў месцы зліцця Віліі з Нёманам - ля Каўнаса.

Цікава, што галоўны карабель, дзе быў устаноўлены фамільны герб сям'і Тышкевічаў, называўся, амаль як у Хрыстафора Калумба, - "Марыя". Паразважаўшы над "імем" нашай лодкі, лепшага варыянту, чым "Налім", мы для яе так і не знайшлі: як адзіная прэснаводная рыба атрада трасковых, якая найбольш актыўная ў халодных водах, так і мы пад промнямі сонца ўсё больш прагнулі прахалоднай затокі ды адпачынку...

Балазе варыянтаў для стаянкі на берагах Віліі - хоць адбаўляй. Рака, якая на адрэзку "Вілія - Мамаі" бясконца віхляе, прапаноўвае адзін чароўны краявід за другім. Асабліва вабяць вока пясчаныя берагі з сасоннікам і там-сям стаячымі паасобку дамкамі. На адным з такіх берагоў мы і робім свой першы прывал./i/content/pi/cult/386/7673/1-4.jpeg

Але графу Канстанціну Тышкевічу часам даводзілася бачыць у гэтых мясцінах іншую карціну. Вось так ён, дарэчы, апісвае берагі Вілейкі: "...Ад Сосенкі плывём у горад Вілейка. Вілія набывае характар сапраўднай гандлёвай ракі: плывём амаль цэлы дзень сярод лаў, плытоў і скрыняў... Пасля гандлёвых - людных і тлумных - прыстаней пачынаецца іншая Вілія: самотная, панурая, з нізкімі, пустэльнымі берагамі. Нечакана па-над берагавой лініяй, на ўзгорку, з'яўляецца нейкі белы аб'ект, які з гэтага моманту ўжо не знікае з нашых вачэй, нават калі мы змяняем напрамак. А за тым узгоркам, уздоўж Віліі, адкрыліся чорныя дахі драўлянага паселішча..."

Мы ж, у сваю чаргу, назіралі, праплываючы, Вілейку жывую: з мураванымі дамамі, бачным здалёк велічным касцёлам, пабудаваным на пачатку ХХ стагоддзя. Але далей - у пунктах менш населеных ды значных - і нам сустракаліся закінутыя дамы ды двары... І гэта прыкмета ўжо іншай хваробы - знікнення вёскі з-за адтоку яе жыхароў у гарады...

Мінуючы ў самоце адну за другой вёскі Вілейшчыны, нават не верыш, што яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя гэтая шырокая і чыстая рака была папулярнай сярод аматараў байдарачнага - на сённяшні дзень алімпійскага - спорту.

Напрыканцы першага дня нам падумалася пра тое, што нават і наша выпадковая зацікаўленасць - зусім не выпадковая.

Галоўнай задачай падарожжа графа Тышкевіча было не проста адпачыць добрай кампаніяй на ўлонні маляўнічай прыроды, але і пазнаёміцца з гісторыяй ды апісаць сустрэтыя на водным шляху вёскі і мястэчкі, вызначыць глыбіню ракі, выявіць яе рэльеф ды ландшафт, пачуць і зафіксаваць мясцовыя паданні, легенды... І гэтая яго праца, дарэчы, так канчаткова і не перакладзеная на беларускую мову, сталася тым самым неацэнным падмуркам, ад якога могуць адштурхоўвацца ўсе даследчыкі і турысты.

Паварот у сучаснасць

/i/content/pi/cult/386/7673/1-5.jpegІдэя паўтарыць шлях Тышкевіча, стварыўшы сумесную маштабную экспедыцыю, па словах аднаго з першых удзельнікаў праекта старшага навуковага супрацоўніка Інстытута праблем выкарыстання прыродных эсурсаў і экалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Алега Гайдукевіча, лунала ў паветры досыць працяглы час. І, нарэшце, была рэалізавана летам 2007-га - акурат праз 150 гадоў, - дзякуючы намаганням беларускіх ды літоўскіх энтузіястаў. Сярод іх вылучаўся выбітны вілейскі краязнаўца Віталь Кастэнка, які, на жаль, трагічна загінуў колькі гадоў таму.

У гэтым першым водным паходзе, міжнароднай экспедыцыі "Шляхам Тышкевіча", што доўжылася каля месяца, прыняў удзел больш за дзясятак навукоўцаў, якія, паўтараючы метад графа Тышкевіча, надалі пільную ўвагу прыродзе, культуры і гісторыі Віліі. Першыя ўдзельнікі экспедыцыі мелі магчымасць убачыць, як нараджаецца гэтая магутная рака, і з захапленнем пастаяць адразу на абодвух яе берагах.

Калі ж мы дасягнулі адрэзку злучэння Віліі з рэчкай Нарач - адной з самых прыгожых мясцін на маршруце, - то зразумелі, што пра паўтарэнне "подзвігу" ўдзельнікаў экспедыцыі 2007 года нам заставалася толькі марыць: Вілія, якая была ў шырыню да 25 метраў, разлілася да 35 - 40 метраў, ператварыўшыся ў сапраўдную беларускую Амазонку. Часам адзін яе бераг межаваў з пахучымі адкрытымі лугамі, другі - звінеў сасновым водарам. Далей жа - лясы пачыналі вабіць вока самымі рознымі пародамі дрэў: ад той жа алешыны, бярозкі да дуба.

- Як даўно тут праплывала экспедыцыя? - пытаемся ў жанчыны, якая купаецца з маленькай дачкой.

- Ой, не ведаю, - адказвае яна. - Тут шмат ходзіць водных турыстаў. Усіх і не запомніш...

І сапраўды, самыя разнастайныя судны, якія сустракаліся нам на шляху, хоць і прышвартаваныя да берага, пацвярджаюць думку, што ўдзельнікі экспедыцыі - далёка не адзіныя "марачкі" на рэчцы.

Смаргонскі мост

Як першая стаянка нашага экіпажа на Чырвоным Беражку, так і шматлікія іншыя прыпынкі адбываліся непадалёк ад месцаў баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны. Менавіта гэтая, многімі ўжо забытая, вайна стала лейтматывам сёлетняй экспедыцыі: як на самой рацэ, так і на яе берагах засталося вельмі шмат артэфактаў тых трагічных падзей. Гэта, у тым ліку, і надмагільныя камяні з імёнамі забітых салдат абодвух варагуючых бакоў, і рэшткі стогадовых мастоў, што будаваліся кайзераўскімі заваёўнікамі.

На адным з такіх мастоў - Смаргонскім - і адбывалося наша першае "баявое хрышчэнне". Незаўважныя здалёк невысокія драўляныя апоры ад старога моста сталі для нас сапраўдным выпрабаваннем: менавіта іх на трываласць і праверыла наша судна, наляцеўшы носам на адзін з такіх драўляных рыфаў. Хто ведае, можа гэтыя слупы былі сведкамі крывавых бітваў Першай сусветнай? Нават і сёння яны прымусілі моцна пахвалявацца, пакінўшы ў тамтэйшых водах закрыўку ад нашага надзіманага "Наліма". Але бравы экіпаж прашоў іспыт, атрымаўшы досвед і вырабіўшы новую закрыўку - з дрэва.

А вось паглядзець на лінію ўмацаванняў каля вёскі Вайнідзяняты, куды таксама трапілі ўдзельнікі экспедыцыі, у нас ужо,прызнаемся, не хапіла сіл.

Вёска Данюшава і парог "Прывітальны"

Не абышлі ўвагай кіраўнікі сёлетняй экспедыцыі і непасрэдна культурны складнік. Вышэйзгаданая сядзіба знакамітага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, пра якую неаднаразова пісала "К", наведанне краязнаўчага музея ў Жодзішках, прыпынкі ля адметных помнікаў прыроды і традыцыйнай культуры. Той жа валун "Асілак" каля вёскі Белая Смаргонскага раёна ў даўнія часы з'яўляўся сакральным аб'ектам старажытных беларусаў - на Купалле дзяўчаты прыносілі дя яго вянкі з кветак і ўпрыгожвалі імі валун.

Праплываючы па Віліі, нельга не заўважыць і шэраг старадаўніх храмаў, выявы званоў якіх чароўна пераліваюцца па воднай гладзі. Адным з такіх стаў помнік драўлянага дойлідства пачатку ХІХ стагоддзя - касцёл ў вёсцы Данюшава. Нашым гідам па гэтай святыні стала мясцовая жыхарка, спадарыня Станіслава.

- Турысты розныя сустракаюцца, а вось такія настойлівыя - рэдка, - саступае нашай просьбе распавесці пра тутэйшыя цікавосткі жанчына.

Як аказалася, касцёл дзейнічае толькі пару разоў у месяц і, тым не менш, вельмі добра даглядаецца - вакол яго можна заўважыць роўна падстрыжаны газон і духмяныя кветнікі. Менавіта ў гэтым касцёле ў гады Першай сусветнай вайны размяшчаўся нямецкі шпіталь. Побач з касцёлам захаваўся і помнік з надпісамі на нямецкай мове, на якім сёння ўзвышаецца скульптура Божай Маці. Цікавы лёс і старадаўняга звона, вывезенага ў час Вялікай Айчыннай у Германію: яго ўдалося-такі вярнуць у Данюшава, дзякуючы захадам прыхаджан, літаральна колькі гадоў таму...

Атрымаўшы порцыю цікавай інфармацыі культурнага-гістарычнага плана, пераключаемся на прыродныя ландшафты. Так, пасля вёскі Данюшава Вілія змяняецца: пачынаецца так званая сярэдняя плынь ракі, а ў яе рэчышчы з'яўляюцца шматлікія камяні, перакаты, парогі. І мы, насцярожана ўглядваючыся ў хуткую плынь, шукаем лепшы варыянт праходу перашкод.

Апісваючы раку пасля Данюшава, Тышкевіч у сваёй кнізе распавядае пра так званы парог "Прывiтальны", паходжанне назвы якога звязана з адметным абрадам. У даўнія часы ўсе плытагоны, праходзячы гэты парог, віталі яго і рабілі паднашэнне са словамі: "Вiтаю цябе хлебам-соллю! Хлеб-соль прымi, а мяне прапусцi". Такая перасцярога тлумачылася тым, што парогі і адзінкавыя камяні некалі стваралі вялікую перашкоду ды небяспеку для плытагонаў. Мы, у сваю чаргу, цудам мінаючы два галоўныя камяні парога - "Ластаўку" і "Зязюлечку", - толькі што і пракрычалі "Эге-гей!" і "Ура!" і зусім перасталі веславаць, аддаўшыся бурлівай плыні.

Побач з воднай небяспекай нас чакаў напамін: яшчэ адзін помнік Першай сусветнай вайны - камень-валун з выбітым на ім надпісам "Landst. 1917 JR33 III batl.". Надпіс на камені сведчыць пра тое, што тут размяшчаўся 33-і пяхотны полк 3-га батальёна, а слова "Landst" - усяго толькі скарачэнне ад "Land Strasse", што ў перакладзе з нямецкай мовы гучыць як "сельская дарога". Старажылы памятаюць, як уздоўж гэтага каменя яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя праходзіла прамая дарога, так званы Вялiкi Гасцiнец, ад Данюшава да Жодзішак - наступнага пункта нашага падарожжа...

Раптам - тэлефонны званок:

- Алё! Гэта Міхаіл Мікалаевіч. Як хутка вы будзеце?

- Плывём. Яшчэ літаральна кіламетр - і мы вас нагонім, - адказваю я.

Як потым прызнаецца нам кіраўнік экспедыцыі, пад час нашых тэлефанаванняў уся група ўжо западозрыла нас у "арыгінальным" рэпартажы: седзячы дома, даведвацца пра тое, што адбываецца ў лагеры, і такім чынам пісаць артыкул.

- Але бачу, што вы не здань і не прывід, - калі прыбылі на месца, Міхаіл Мікалаевіч выйшаў на бераг, каб персанальна сустрэць каманду "К"...

(Працяг будзе.)

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ,  Кастусь АНТАНОВІЧ, нашы спецкарэспандэнты

Мінск - Вілейскі раён - Смаргонскі раён - Мінск

Фота аўтараў