Песні вяртаюцца!

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

Трыб'ют Ізмаілу Капланаву

/i/content/pi/cult/386/7672/3-1.jpeg

У Гарадскім доме культуры Дзяржынска адбыўся канцэрт-прысвячэнне памяці знанага беларускага музыканта і кампазітара Ізмаіла Капланава. Месца правядзення было абрана невыпадкова: менавіта тут крыху больш як год таму, у час канцэрта, заўчасна абарвалася жыццё гэтага таленавітага дзеяча нашай нацыянальнай культуры.

Перад гледачамі паўстала не камернае, а аркестравае дзейства са шматлікімі салістамі, якія складаюць гонар беларускага мастацтва. З Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І.Жыновіча выступілі не толькі вакалісты гэтага славутага калектыву Якаў Навуменка, Марына Васілеўская, Ігар Задарожны, Наталля Салава, але і заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, Пётр Ялфімаў, Аляксандр Саладуха, Іван Буслай, Андрэй Коласаў, а таксама лепшы джазавы трубач не толькі нашай краіны, але і ўсёй постсавецкай прасторы Валерый Шчарыца ды іншыя. У зале не было ніводнага вольнага месца: прыйшлі ўсе, хто быў на апошнім канцэрце Капланава, з'ехаліся ўсе паэты, з якімі ён супрацоўнічаў.

Ізмаіл Львовіч стаяў ля вытокаў беларускай эстрады. У 1960-я гады ён быў адным з ініцыятараў стварэння ў нашай рэспубліцы першых ВІА, што паступова сталі прыходзіць на змену камерным народным складам, накшталт "баяніст ды іншыя". Яго пачуццё стылю, уменне ва ўсе часы адэкватна і, што вельмі важна, імгненна рэагаваць на найноўшыя тэндэнцыі сусветнай эстрады, не страчваючы ўласнага аблічча, дазваляла яму ствараць хіты для выканаўцаў усіх рангаў і схільнасцей, у тым ліку для расійскіх зорак, для моладзі (зразумела, на адпаведнай для яе мове) і зусім юных зорачак. А якія апрацоўкі ды аранжыроўкі ён рабіў! І не толькі электронныя, але і для аркестраў. На пэўным этапе пачаў яшчэ і сам спяваць -найперш, каб падтрымаць "у дуэце" сваю жонку, заслужаную артыстку Беларусі Нэлі Багуслаўскую, з якой быў неразлучны.

/i/content/pi/cult/386/7672/3-2.jpegАдной з апошніх "спеўных сябровак" майстра стала юная Ганначка Смірнова. Капланаў пачуў дзяўчынку, калі ёй было пяць гадкоў. І напісаў для яе шэсць песень. Некаторыя з іх ён паспеў пачуць у яе выкананні, іншыя ж упершыню прагучалі менавіта на гэтым канцэрце ў Дзяржынску. Пра творчую плённасць майстра, які нібыта зазіраў у будучыню, сведчыў той факт, што сярод 25-і песень, абраных для вечарыны, было ажно чатыры прэм'еры.

- Мы бачым гістарычную місію нашага калектыву ў тым, - сказаў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра імя І.Жыновіча, народны артыст краіны, прафесар Міхаіл Казінец, - каб ушаноўваць памяць пра выдатных сыноў Беларусі. Аднавіўшы некалькі буйных музычна-тэатралізаваных работ Уладзіміра Мулявіна ды адзначыўшы юбілеі Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, пачалі падрыхтоўку да ўгодкаў Максіма Танка. Пры ўсёй напружанасці графіка, абмінуць увагай асобу Ізмаіла Капланава, выдатнага музыканта і вельмі сціплага чалавека, было немагчыма. У рэпертуары аркестра ў свой час было шмат яго твораў, некаторыя развучваліся спецыяльна для гэтай праграмы. Вялікі ўнёсак, як заўсёды, зрабіла музычны рэдактар нашага аркестра, музыказнаўца Вольга Брылон. Яна ж сабрала неабходны музычны матэрыял, ажыццявіла рэдактуру клавіраў. Усе аранжыроўкі, паводле традыцыі, зрабіў саліст і дырыжор калектыву Аляксандр Крамко: народны аркестр, што ні кажыце, мае сваю спецыфіку. А ў лістападзе мы паўторым гэты канцэрт у філармоніі - у пашыраным складзе.

- Для нас было вельмі важна, - падзялілася ўражаннямі дырэктар Дзяржынскага ДК Таццяна Чаган, - каб гэты папраўдзе знакавы вечар прайшоў менавіта на нашай сцэне. Ізмаіл Капланаў выступаў у нас неаднойчы, шмат было прапаноў і на будучыню, нават пад час таго вечара, калі яму раптоўна стала дрэнна, ён працягваў строіць планы. Таму гэты канцэрт стаўся быццам бы выкананнем яго прыжыццёвых жаданняў. Нам вельмі хацелася, каб музыку суправаджала відэапраекцыя, заснаваная на ягоных фота, каб выйшлі запрашальнікі з яго партрэтам. Штосьці зрабілі самі, у нечым дапамог аркестр - працавалі з любоўю і шчырым прызнаннем...

На здымках: удзельнікі канцэрта-прысвячэння Ізмаілу Капланаву; саліруе Валерый Шчарыца.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"