Цэнтрам урачыстасці стаў Багданаўскі касцёл, у якім быў ахрышчаны Рушчыц і які пазней мастак маляваў. Славутая карціна з яго выявай - "Ля касцёла" - упрыгожвае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Адноўлены касцёл у Багданаве з'яўляецца помнікам архітэктуры, ахоўваецца дзяржавай, і не выпадкова тое, што там было вырашана ўстанавіць мемарыяльны знак нашаму земляку. Ідэю падтрымалі ксяндзы С.Угоўскі і І.Лашук, а грошы на бронзавы адліў ахвяравалі ўнук мастака Фердынанд і яго сын Эдвард, якія жывуць у Варшаве. Кампазіцыя знака складаецца з дзвюх частак. Уверсе выява галавы Фердынанда Рушчыца на фоне дрэва, што нагадвае і аблокі. Унізе, пад партрэтам, - выява ўзаранай раллі. Ніжняя частка з тэкстам нагадвае кляновы ліст, які адарваўся і ляціць. Паміж верхняй і ніжняй часткамі кампазіцыі - адлегласць, што сімвалізуе невялікі багданаўскі ручай.
Трэба спадзявацца, мемарыяльны знак з'яўляецца толькі пачаткам на шляху аднаўлення сядзібы Рушчыцаў у Багданаве. Аўтар мемарыяльнага знака - скульптар Валерый Калясінскі, член Беларускага саюза мастакоў.