Знойдзены рай Марка Шагала

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

Кажуць, дзяцінства — гэта і ёсць той страчаны рай, што кожны з нас шукае ўсё жыццё. Страчаным раем для нашага знакамітага земляка Марка Шагала быў яго Віцебск — месца, якое ён не пераставаў адлюстроўваць ва ўсіх сваіх работах. Не дзіва, што тыя, хто калі-небудзь адважваецца на стварэнне кіно пра вялікага мастака, не могуць абмінуць увагай гэты выдатны беларускі горад.

/i/content/pi/cult/386/7668/1-1.jpegВіцебск стаў адным з асноўных "персанажаў" новай карціны "Марк Шагал. Нерэальная рэальнасць" вытворчасці "Белвідэацэнтра". Стужка ўбачыла свет да 125-годдзя з дня нараджэння Майстра. Яе стваральнікі - аўтар сцэнарыя Вера Савіна, рэжысёр Зоя Катовіч, прадзюсар Юрый Ігруша - пабудавалі сваю стужку на ўспамінах самога Шагала, якія ён прывёў у аўтабіяграфічнай кнізе "Маё жыццё", і сведчаннях тых людзей, з дапамогай каго мастак ды ягоная творчасць назаўсёды вярнуліся на радзіму.

Самая галоўная перавага "Нерэальнай рэальнасці", відавочна, - добра адноўленая атмасфера яўрэйскага Віцебска стогадовай даўніны, непаўторная атмасфера, што лягла ў аснову ўсёй наступнай творчасці мастака. Стары Віцебск, самы буйны горад ля самай "рысы аседласці", з усімі сваімі храмамі, дамамі і крамамі з'яўляецца на экране са старых фатаграфій, унікальных кадраў кінахронікі, /i/content/pi/cult/386/7668/1-2.jpegуспамінаў самога Шагала. Стваральнікі фільма шырока выкарыстоўваюць пастановачныя сцэны, статыстаў, якія ўвасабляюць самога Шагала, яго сваякоў ды суседзяў. У кадры з'яўляецца мноства экспертаў: яны распавядаюць не столькі пра творчасць Шагала, колькі пра тое, як атрымалася вярнуць яго на родную зямлю.

Але самы цікавы прыём, што ўжываюць стваральнікі карціны, - ажылыя палотны Майстра, з якіх на нас, сучаснікаў, пазіраюць яго героі. Сам Шагал паўстае ў фільме і маладым, захопленым сваім мастацтвам юнаком, якраз як на партрэце пэндзля яго настаўніка Юдаля Пэна, і мудрым сівавалосым старцам у кінахроніцы ды на фотаздымках. Варта пазайздросціць упартасці ды працавітасці аўтараў карціны, якія прыклалі неверагодныя намаганні для таго, каб сабраць разам і арганізаваць у адзінае цэлае велізарны аб'ём матэрыялу такім чынам, каб усе сорак хвілін, пакуль доўжыцца карціна, ён ні на секунду не адпускаў гледача./i/content/pi/cult/386/7668/1-3.jpeg

Па колькасці сюжэтных ліній, персанажаў і паваротаў дзеяння карціну "Марк Шагал. Нерэальная рэальнасць" на самой справе можна параўнаць толькі з паўнавартасным ігравым праектам. Прытым, што фільм Веры Савінай і Зоі Катовіч валодае яшчэ і дзейсным адукацыйным эфектам, утрымліваючы багатую факталогію ды інфармацыю з мноства ўнікальных крыніц. Фактычна фільм носіць універсальны характар: гэта, адначасова, і своеасаблівая міні-энцыклапедыя жыцця Марка Шагала ды яго сувязей з беларускай зямлёй, і спроба стварыць паўнавартасны мастацкі вобраз шагалаўскага Віцебска.

Зразумела, новая стужка - гэта не першая спроба ў Беларусі распавесці на экране пра вытокі творчасці Марка Шагала. У 1998 годзе рэжысёр Белтэлерадыёкампаніі Надзея Гаркунова зняла карціну "Мой пачатак", дзе таксама шырока выкарыстаны фрагменты аповесці "Маё жыццё", якія зачытваў акцёр-купалавец Віктар Манаеў. Карціна была адзначана і гледачамі, і прафесіяналамі. Прынамсі, нягледзячы на зварот у абедзвюх стужках да адной і той жа літаратурнай першакрыніцы, фільмы 1998 і 2012 гадоў атрымаліся абсалютна рознымі. Яно і не дзіва: у кожнага Шагал - свой, асабісты.

На здымках: кадры з фільма "Марк Шагал.
Нерэальная рэальнасць".