Паводле тэорыі, мы — еўрапейскія моднікі

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Гэты выпуск штомесячнай рубрыкі “Твой стыль”, якая ўжо займела свой характар і почырк, атрымаўся ў нас не зусім звычайны: напярэдадні першага з’езда вучоных мы вырашылі… таксама скіравацца ў навуку. Так-так, бо адзенне, строі беларусаў, якія фарміраваліся на працягу многіх стагоддзяў перад тым, як прыняць сучасны выгляд, даследуюцца навукоўцамі гэтак жа, як і любая іншая дысцыпліна. Так склалася, што “навука аб адзенні “беларусаў да нядаўняга часу асацыіравалася выключна з этнічным адзеннем. А гараджане, шляхта, магнаты? Між іншым, са славян яны былі ці не першымі моднікамі, нават апярэдзіўшы Расію ў захапленні еўрапейскай модай, да якой Пётр І прывучаў рускіх штрафамі ды жорсткімі ўказамі… Дык калі раней “адзеннелогія” была інстытуцыяй аднабокай, цяпер гэта выпраўлена дзвюма жанчынамі — кандыдатамі гістарычных навук, старшымі навуковымі супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Любоўю Ракавай і Валянцінай Бялявінай. Яны даследавалі гістарычны касцюм усіх беларускіх саслоўяў, ад жабракоў да магнатаў, і напісалі першую на Беларусі кнігу, якая распавяла пра яго. Кніга “Мужчынскі касцюм на Беларусі” выйшла ў свет у верасні і большасць тыражу ўжо раскуплена. Пасля яе чакаецца “Жаночы касцюм на Беларусі”. Пра “дэбют саслоўнага касцюма” ў сучаснай беларускай этнаграфічнай літаратуры мы гутарым з Валянцінай БЯЛЯВІНАЙ.

 /i/content/pi/cult/134/766/Moda1.jpg
 Чамара. Пачатак XIX ст. Віленская губерня.
— Мы даследавалі адзенне, аксесуары розных слаёў насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ад сівой даўніны да сучаснасці, — расказвае Валянціна Мікалаеўна. — Натуральна, ні першая, ні наступная кнігі не змаглі ўтрымаць літаральна ўсе гістарычныя аспекты трансфармацыі ў часе мужчынскай і жаночай вопраткі.
Аднак мы гэта і не бралі за мэту, а паспрабавалі паказаць агульныя тэндэнцыі і эвалюцыю касцюма беларусаў. У нашых працах няма выдумкі, нашы высновы — на падставе дакументаў, цытаты з якіх мы прыводзім. Пачыналі мы з дакументаў самых-самых глыбінных: летапісаў, хронік. Потым, звяртаючыся да ХVІ — ХVІІ стагоддзяў, асноўнымі крыніцамі былі актавыя матэрыялы: вопісы маёмасці, інвентары надзелаў, адзення, жывапіс, нататкі падарожнікаў, мемуарная літаратура.
З сярэдзіны ХІХ стагоддзя нам дапамагала фатаграфія, якая давала падставу меркаваць пра касцюмы тагачасных людзей “у рэальнасці”, без мастацкага вымыслу.
— Магчыма, былі нейкія сенсацыйныя адкрыцці?
— Падчас працы было шмат цікавых знаходак. Напрыклад, у вопісах нам часта сустракаліся побач словы “сорочка” і “кашуля”, і натуральным было меркаваць, што гэта сінонімы. Так яны і ўспрымаліся, пакуль мы не натрапілі на адзін дакумент, які даў зразумець, што “сорочка” — гэта, аказваецца... бялізна. “Кашуляй” жа тады называлі толькі апранутую паверх “сорочки” верхнюю кашулю. Гэтак жа зацікавілі нас у мужчынскай вопратцы і нейкія “хусты”, пакуль мы не сустрэлі гэты панятак як азначэнне бялізны ў шырокім сэнсе слова. Дакументы часам збівалі нашых папярэднікаў з верных высноў паланізмамі. Напрыклад, думалі, што “сподні” — гэта бялізна, а ў палякаў “споднямі” называліся штаны. Паланізм “убіоры”, “убранні” тлумачыліся як упрыгожанні, а аказалася, што гэта таксама мужчынскія штаны.
— Колькі каштавала, напрыклад, шляхціцу прыдбаць сабе новы касцюм, і як часта ён мяняў свой гардэроб?
— Апрануцца прыгожа на тыя часы было вельмі і вельмі дорага, нават цяжка гэта вымераць чымсьці, таму вопратка цанілася і перадавалася з пакалення ў пакаленне як спадчына. Паняцця моды раней не існавала, дэкор і крой адзення не змяняліся гадоў сто, таму даношваць рэчы бацькоў было ва ўсіх сэнсах нармальна. У XVXVII стагоддзях адзенне шляхты было ўсходняга каларыту,у асноўным запазычанага з турэцкага і
 /i/content/pi/cult/134/766/Moda2.jpg

Гарадскі святочны касцюм з пінжаком. Гомель. Пачатак XXст.

татарскага касцюмаў. Такое адзенне здабывалася галоўным чынам у баях, апраналася як трафей і было падставай для гонару. Яно было яркім, прыгожым, багатым і вельмі падабалася шляхце. Гледзячы на яго, мясцовыя краўцы шылі вопратку па тым жа ўзоры, так і пераймалася ўсходняя “мода”. Пазней, калі ў шляхты з’явіліся лішнія грошы, яна пачала закупляць каштоўныя і імпартныя тканіны, вопратку ў вялікім аб’ёме, што было спосабам дэманстрацыі свайго статуса і багацця.
— Калі ж беларусы сталі сапраўднымі моднікамі?
— Гэты панятак — моднікі — мог тычыцца толькі магнатаў, шляхты. І ўласна мода з’явілася на Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, напрыканцы XVII стагоддзя, калі Францыя пачала рассылаць па краінах апранутыя па каралеўскай модзе лялькі. Беларускія гараджане, шляхта, магнаты, як і людзі іншых краін, крочылі за той модай, якая ўсталёўвалася ў Еўропе. Таму нашы продкі не пазбеглі ні іспанскай моднай экспансіі, ні французскай раскошы, ні англійскага дэндзізму, што адлюстравалі жывапісныя партрэты, а затым і фотаздымкі... Дагэтуль жа, да пачатку моды, галоўным было, каб адзенне было прыгожае і багатае. Не існавала нават асобных касцюмаў для зімы і для лета, і калі шляхціц у ХVІ стагоддзі сустракаў гасцей у разгар летняй спёкі, ён усё роўна апранаў на сябе футра, важкія дарагія ўбранні, каб паказаць свой статус. Вядома, і хітравалі, эканомілі: “з твару” апраналіся “пазаможнаму”, а для спінкі касцюма выбіралі матэрыялы папрасцей.
— А як выглядалі тагачасныя прыгажуні?
— Да XVIIІ стагоддзя жанчыны мала выходзілі ў свет. З гэтай прычыны іх вопратка не здзіўляла раскошай, як мужчынская. А калі сувязі з Еўропай умацаваліся і магнаты на французскі манер пачалі ладзіць балі, жаночы касцюм “дацягнуўся” да прыгажосці мужчынскага, а потым і ўвогуле перасягнуў яго.
Дарэчы, як гэта ні дзіўна, інфармацыі пра жаночую вопратку ў актах XVІ — XVII стагоддзяў захавалася не так шмат. А ў мужчынскай можна было не толькі прасачыць тэндэнцыі, а нават і скласці “радаслоўную” таго ці іншага віду адзення. Бо інвентары, вопісы складалі толькі мужчыны, якія не вельмі рупіліся, каб падрабязна апісваць усе жаночыя “прыбамбасы” касцюма. Мабыць, яны іх не дакладна ведалі, а мо ім гэта, як мужчынам, было не вельмі цікава. Таму тое, што насілі жанчыны, яны апісвалі павярхоўна, агульна, карацей кажучы, не так, як гэта апісала б сама жанчына.
 /i/content/pi/cult/134/766/Moda3.jpg
Заходнееўрапейскі палацавы касцюм. Партрэт Уладзіслава Дамініка Астрожскага. 1630-я гг.
— Беларусы маюць імідж людзей, нясхільных да авантуры. Лагічна думаць, што мы заўсёды былі аўтсайдэрамі моды?
— Наадварот. Калі Пётр І уводзіў еўрапейскую моду ў Расіі прымусова, пад страхам штрафаў, нашы магнаты яшчэ прыкладна за сто гадоў да пятроўскіх рэформ увялі еўрапейскі касцюм у побыт, зразумеўшы яго зручнасць і прыгажосць. Дзеці магнатаў, шляхты вучыліся ва універсітэтах Еўропы і прыязджалі адтуль апранутымі па тамтэйшай модзе, якая, спускаючыся ўніз, даходзіла да гараджан. Моладзь, асабліва шляхецкая, вельмі цікавілася еўрапейскай модай, але з узростам гэты інтарэс часта зноў пераносіўся на касцюм продкаў, які больш адпавядаў традыцыям і статусу пасталелага шляхціца. Вяртанне да каранёў адбывалася і з патрыятычнай прычыны, а шляхта на той час была вельмі патрыятычнай і ганарлівай.
— Ці можна сёння заўважыць нейкія тыпова беларускія рысы ў сучасным адзенні грамадзян?
— Сёння мы, як і многія іншыя краіны, ужо не маем уласных традыцый у побытавым адзенні, бо апранаемся па сусветнай модзе. Час ад часу беларускія дызайнеры спрабуюць адрадзіць нацыянальныя традыцыі ў сучасным касцюме, і былі цікавыя вынікі ў 70-ыя, 90-ыя гады, якія прэзентаваліся і атрымоўвалі высокія ўзнагароды на міжнароднай арэне. Аднак гэта асобная плынь развіцця нацыянальнага касцюма ў кантэксце сучаснай моды. А ў побыце ж мы — цалкам еўрапейцы з арыенцірам на сусветную моду.

Святлана КАСЯЧЭНКА