“Belart. by”: мінскі вернісаж

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

17 ліпеня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрыецца выстаўка “Belart.by. Маладыя мастакі Беларусі”.

З гэтым брэндам у свой час ужо пазнаёміліся аматары мастацтва беларускай і расійскай сталіц. Прэзентацыя праекта адбылася ў Дзяржаўным музеі сучаснай гісторыі Расіі ў рамках праграмы Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.

Экспазіцыю складаюць творы з калекцыі музея, а таксама новыя работы выхаванцаў мастацкіх ВНУ краіны. Да звыклых жывапісу, графікі, скульптуры і ДПМ дадаецца відэаарт як знак асваення новай выяўленчай прасторы. Дата стварэння большасці твораў - 2010 год. Сярод удзельнікаў выстаўкі - стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.