Простыя рэчы няпростага класіка

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Гісторыі ля Свіслачы пад таполяй

Так, менавіта ля Свіслачы і менавіта пад таполяй месціўся колісь дом, дзе перад Вялікай Айчыннай вайной з сям’ёй жыў Янка Купала. Дом не захаваўся, згарэў у першыя дні вайны, таполя, што начным енкам папярэджвала пра паводку, — таксама... Цяпер колішняе месцазнаходжанне песняроўскага жытла пазначана валуном. А непадалёк, у 1959 годзе, “вырас” Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Усё жыве тут нязгасным успамінам пра Песняра. І музейны калектыў, натуральна, ашчадна захоўвае традыцыю купалаўскай гасціннасці, калі пад таполяй збіралася да трох дзясяткаў сяброў, а наўкола буяў кветкавы вырай, вырашчаны рукой Уладзіславы Францаўны, і гучалі гісторыі пра творчасць, любоў ды каханне. І з гісторый тых складалася жыццё. Цяпер гэтыя гісторыі распавядаюць музейныя рэчы. Простыя рэчы няпростага Купалы...

/i/content/pi/cult/385/7648/14-1.jpegБандэроль з аўтографамі

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч распавядае, што летась ва ўстанове пабывала 105 тысяч наведвальнікаў, а за паўгоддзе 2012-га — 70 тысяч. Словам, у Купалы, як і раней, — завозна і недахопу ў гасцях няма.

Калекцыю гэтую, па словах Алены Ляшковіч, музей збіраў цягам усёй гісторыі свайго існавання. Здавалася, што выяўлены ўжо ўсе рукапісныя пазнакі Песняра. Аднак дачка пісьменніка Аляксея Новікава-Прыбоя даслала ў музей бандэроль з трыма невядомымі аўтографамі класіка беларускай літаратуры: гэта дарчыя надпісы на кнігах “Избранные стихи и поэмы 1906 — 1935” і “Песня будаўніцтву”, якія паэт у снежні 1935 года падарыў рускаму калегу. Аўтографы, відаць, з’явіліся пад час святкавання 30-годдзя творчай дзейнасці паэта. Як вядома, 10 снежня ў купалаўскім доме адбыўся юбілейны вечар з трансляцыяй па радыё, а наступным днём урачыстасці прайшлі ў БДТ-1, і Новікаў-Прыбой прымаў у іх удзел.

А летась у музейныя фонды трапіла кніга паэта “Под новым солнцем”. Купала напісаў Канстанцыі Буйло (усё ў тым жа 1936 годзе): “Мілай Костцы на памятку”. Пошукі аўтографаў Песняра працягваюцца...

"Афіцыйныя" валёнкі

Пад час Вялікай Айчыннай вайны Купала, як вядома, жыў у Маскве, потым — у пасёлку Печышчы ля Казані. Вядучы навуковы супрацоўнік музея Фаіна Ваданосава дзеліцца яшчэ адной гісторыяй, звязанай з гардэробам паэта. Справа ў тым, што Івану Дамінікавічу падарылі валёнкі. Купала прыняў падарунак з задавальненнем і ў тых зграбных валёнках нават “засвяціўся” на афіцыйных сходах. Зімы былі суровымі, і класік, хоць і быў прыдзірлівы да ўласнага знешняга выгляду, перавагу тады аддаваў усё ж здароўю.

Чэхаславацкая абноўка

Наступны нюанс, датычны паэтавай шляхетнасці. Так, на асобных здымках маладзён-Купала выглядае рыхтык моднік-франт. Згадайце: падкручаныя вусікі, каўнерык-стойка, пярэсты гальштук, крамны чорны пінжак... Пра якія валёнкі магла ісці тады гаворка? Між тым, галоўны захавальнік фондаў Купалаўскага музея ў Мінску Надзея Саевіч пераконвае, што Іван Дамінікавіч не быў франтам, апранацца імкнуўся акуратна, але краўцоў заказамі не мучаў: у экспазіцыі — крамныя паліто, куртка. Пацвярджаюць гэта і ў музейных філіялах Вязынкі, Яхімоўшчыны. Купала, маўляў, за модай не гнаўся, але выглядаў заўсёды прыстойна.

У 1935 годзе ён прывёз з паездкі ў Чэхаславакію гальштук. Рэч — універсальная і досыць практычная, бо на кожным з двух бакоў гальштука — свой адмысловы ўзор-малюнак. Невядома, ці часта насіў яго паэт, але ў музейнай экспазіцыі прадмет захаваўся.

Люлька, муштук, сцізорык...

Асабістых рэчаў паэта захавалася, на жаль, мала. Вайна, нагадаю, спыніла гісторыю дома ля таполі. Але па тых, што знаходзяцца ў музейнай экспазіцыі, можна меркаваць, што Купала любіў рэчы вытанчаныя, з густам зробленыя. Захаваліся, да прыкладу, люлька, муштук. Так, Пясняр быў аматарам тытуню. Аднак гаворка — пра рэчы... Люлька з любоўю выраблена з нейкага адмысловага дрэва, муштук — наборны. Хоць і простыя, але прыгожыя. З такога ж “курыльнага” набору — і пачак “Явы”, запальнічкі. На многіх фотаздымках Купала — з цыгарэтай: спосаб рэлаксацыі? Можа быць...

Сцізорык — крамны, з фабрычным кляймом і з някепскай, відаць, сталі. А ёсць у экспазіцыі і ліхтарык, які ў гаспадарцы — заўжды да месца... Мабыць, ёсць сярод усяго гэтага і рэчы выпадковыя, але ўсе яны, хоць і нешматлікія, даюць пэўнае ўяўленне пра свайго гаспадара — чалавека ўпартага, няўрымслівага, “упарадкаванага” ў мэтах і жаданнях.

З някрамных рэчаў Іван Дамінікавіч любіў... прыбярэжны марскі жвір — “абчасаныя" хвалямі дробныя каменьчыкі. Ён прывозіў іх з курортаў, пасля імі забаўляліся дзеці, якія гасцявалі ў доме класіка. Што за пачуцці выклікалі ў паэта гэтыя марскія каменьчыкі? Мабыць, нагадвалі падманліва-спакойнае мора, у любы момант гатовае падпарадкавацца неўтаймоўнаму шторму?..

А вось і пашпарт Янкі Купалы, які прынесла з фондаў Надзея Саевіч. Шчыра кажучы, калі трымаў яго ў руках, нібы парукаўся з паэтам. Шматлікія пячаткі прапісак на векавых старонках “пашпартнай кніжкі” як жыццёвыя крокі Івана Дамінікавіча Луцэвіча, які пад час гэтай будзённай хады здолеў акрылена ўзляцець Янкам Купалам…

Шах і мат — Коласу/i/content/pi/cult/385/7648/14-2.jpeg

Так, Купала быў яшчэ і шахматыстам. І ў музеі захоўваецца імітацыя ягонага шахматнага століка. Вось што распавядае на гэты конт старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-фондавай работы Лілія Яўменава: “Дзе і калі паэт навучыўся гуляць у шахматы, дакладна невядома, але яны захапілі яго на ўсё жыццё...”

Часта гуляў з Якубам Коласам. Па сведчанні Купалавага сябра — мастака Канстанціна Елісеева, шахматная барацьба паміж сябрамі была, зазвычай, доўгай і ўпартай. Але ў Купалы напагатове заўжды быў моцны, добра прадуманы ход. Колас сам прызнаваўся жонцы з Кіславодска, дзе ў 1926 годзе адпачываў з сябрам: “Вольныя мінуты часта запаўняюцца шахматамі, але Янка Купала часцей абыгрывае мяне”.

Яшчэ адзін шахматны партнёр паэта — урач Яўген Калітоўскі. Ён пісаў: “Не маючы тэарэтычнай падрыхтоўкі, Янка Купала меў багаты практычны шахматны вопыт і часта сваёй перамогай прыносіў засмучэнне прафесіяналам-шахматыстам”.

А вось гісторыя шахматнага століка. Ён быў антыкварны, XIX стагоддзя, з чырвонага дрэва, на разной падстаўцы. Стальніца — з мармуру. А шахматныя фігуры — адлітыя з металу...

Гэта столік у 1927-м Купала ўбачыў у Беларускім Дзяржаўным музеі. Неўзабаве з’яўляецца акт ад 19 студзеня 1927 года, які сведчыць пра тое, што паэт прапанаваў у абмен на ўпадабаны шахматны рыштунак сярэбраны крыжык, аздоблены бірузой, шкляны цыліндрычны бакал і жалезны трыкутны замок старасвецкай работы. Камісія пагадзілася, бо столік быў лядашчы... Сённяшнія ж, узноўленыя, столік і фігуркі — драўляныя.

“Паўлінка” жыве

Загадчык аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы музея Глафіра Кушаль пазнаёміла мяне з выстаўкай “Неўміручая “Паўлінка”, прысвечанай 100-годдзю купалаўскай п’есы і яе сцэнічнаму ўвасабленню. Выстаўка — мастацкая, літаратурна-дакументальная.

Кожны экспанат, па словах Глафіры Кушаль, — унікальны. Гэта — рукапісы пісьменніка, друкаваныя выданні п’есы, у тым ліку і з аўтографам Купалы, фотаздымкі паэта, сцэн са спектакляў. Натуральна, у кожнага прадмета — свой лёс, сваё адлюстраванне жыцця Песняра. Каштоўнасць, да прыкладу, эскізаў сцэнічных касцюмаў да “Паўлінкі” ў тым, што іх аўтара — мастака Аскара Марыкса — Янка Купала добра ведаў. У БДТ-1 пісьменнік літаральна дняваў і начаваў, разам з Уладзіславай Францаўнай прысутнічаў на рэпетыцыях, даваў парады акцёрам, мастакам і рэжысёрам, а пасля спектакляў запрашаў іх да сябе ў госці, у дом ля Свіслачы пад таполяй…

/i/content/pi/cult/385/7648/14-3.gifІ пра санет…

Як распавядае “К” дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, абнаўленне экспазіцыі завершыцца напрыканцы ліпеня.

Яе першая чарга распачнецца ў трох залах установы. Пяць, як і раней, адкрыты для наведвальнікаў. Абнаўленне, па словах кіраўніка, выклікана патрабаваннямі часу (старая экспазіцыя была сфарміравана аж у 1976 годзе) і, найперш, — неабходнасцю выкарыстання новых музейных ды інфармацыйных тэхналогій.

З’явіцца, да прыкладу, раздзел, прысвечаны вытокам роду Луцэвічаў, шляхецкаму паходжанню Янкі Купалы. На падставе архіўных матэрыялаў будзе адлюстраваны шлях Песняра па Беларусі і да Беларусі. Сярод экспанатаў мяркуецца прэзентаваць і пашпарт мінскага мешчаніна Івана Дамінікавіча Луцэвіча.

Дапоўняць раздзел аўтэнтычныя рэчы таго часу, а таксама — інтэр’ерныя куткі, што адлюструюць жыццёвы і творчы шлях Купалы Віленскага і Санкт-Пецярбургскага перыядаў… Асобны раздзел распавядзе пра жонку пісьменніка — Уладзіславу Францаўну, заснавальніцу музея ля Свіслачы. Яна, як вядома, была асобай выбітнай, мела французскае паходжанне з роду Манэ.

Першыя польскамоўныя санеты Янка Купала напісаў у 1903 годзе. Ягонае першынство перад Максімам Багдановічам тут — неаспрэчнае. Менавіта гэтаму жанру творчай дзейнасці Песняра мяркуецца прысвяціць асобны раздзел.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"