Пачастунак ад дзядзькі Янкі

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Тузін згадак пра Купалу ад сына Якуба Коласа — "Міхаська дасужага, Міхаська гаворкага..."

/i/content/pi/cult/385/7647/6-7.jpegНечаканы ход. Напярэдадні 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы карэспандэнт “К” сустрэўся з сынам... Якуба Коласа — Міхасём Канстанцінавічам МІЦКЕВІЧАМ, які па нашй просьбе ўзгадаў пра “дзядзьку Янку”, пра прыязнае стаўленне беларускага Песняра да сяброў і родзічаў, пра шматлікія перыпетыі ягонага лёсу. Шмат што з аповеду Міхася Канстанцінавіча, магчыма, вядома толькі спецыялістам.

Падарункі ад класіка

— Літаральна днямі перачытваў лісты Коласа, яго ўспаміны, занатаваныя ў дзённіках, і ў памяці мімаволі ўсплывалі тыя падзеі, якія непасрэдна звязаны з дзядзькам Янкам, як я яго называў, з Іванам Дамінікавічам. Я памятаю з маленства, як ён прыходзіў да нас, калі мы жылі на Вайсковым завулку ў Мінску. Купала ніколі не завітваў без пачастунку: абавязкова прыносіў або кулёчак цукерак, або пячэння. Але найбольш запомніўся такі падарунак: калі мне было прыкладна пяць гадоў, ён падарыў мне два цудоўныя ілюстраваныя альбомы энцыклапедычнага характару пра жывёл свету: Афрыкі, Азіі, Амерыкі… Купала ведаў, што мне вельмі падабаліся звяры, таму ягоны падарунак быў вельмі даспадобы. Я пасля гадзінамі разглядаў гэтыя, яшчэ дарэвалюцыйныя, выданні…

Купала-калекцыянер

— Калі Іван Дамінікавіч прыходзіў да нас, дык яны з бацькам размаўлялі, гулялі ў шахматы. А потым, калі я ўжо падрос, мы хадзілі з бацькам у лазню, што знаходзілася якраз насупраць дома Янкі Купалы. Вядома, завітвалі і ў госці. У Івана Дамінікавіча было вельмі шмат марскіх каменьчыкаў, якія ён прывозіў з адпачынку. Ён вельмі любіў паказваць свае калекцыі, а аднойчы насыпаў мне цэлы пакунак незвычайных камянёў: з дзірачкамі, незвычайнай формы, рознага колеру... А таксама Купала калекцыянаваў розныя керамічныя вырабы. “Чарапкі збіраў”, як казаў пра гэты яго занятак мой бацька…

Рыба — усяму галава

— Калі мая маці ведала, што да нас у госці прыйдзе Купала, дык яна старалася прыгатаваць стравы, да якіх быў ахвочы дзядзька Янка. А ён вельмі любіў заліўную рыбу, асабліва — рыбіну галаву, якую надта добра ўмеў разбіраць, а таксама заліўны парасячы бачок. У той час парасяціну ўсюды прадавалі на рынках…

Жыццё ў адной хаце

— У 1931 годзе ў Мінск прыйшла бяда: разлілася Свіслач і /i/content/pi/cult/385/7647/6-6.jpegзатапіла шмат дамоў, у тым ліку — хату Купалы. Ён і ягоныя сябры паспелі ўсю бібліятэку Івана Дамінікавіча перанесці на гарышча, а сам паэт з жонкай перабраўся жыць да нас у хату і гасцяваў тыдні тры. Памятаю, што цёця Уладзя, жонка Купалы, была заўсёды жвавая, як сёння сказалі б, завадная. Прыкладна ў той час Купала паехаў на Каўказ і прыслаў мне адтуль паштоўку, якая, як быццам, зараз, стаіць у мяне перад вачыма: цёмна-сіняе неба і горы. І напісаў на той паштоўцы вершык для мяне, што пачынаўся словамі “Міхасёк дасужы, Міхасёк гаворкі…”. Поўнасцю зараз той верш не ўзгадаю, але памятаю, што мне, малому, было вельмі прыемна атрымаць ягонае прывітанне з самога Каўказа...

Пра брата Юрку

— Купала вельмі любіў усіх нас, а асабліва — майго сярэдняга брата, Юрку. Ён, відаць, нечым яму імпанаваў, магчыма, сваёй хуткасцю, імклівасцю ў дзеяннях. Трэба сказаць, што Юрку ўсе любілі, бо ён быў такі адкрыты, шчыры, мог апошнюю кашулю з сябе зняць, абы дапамагчы сябру… Мо і Купала адчуваў такую Юркаву шчырасць і дабрыню, і вельмі яго любіў. Ды і ўсе мы ставіліся да дзядзькі Янкі з вялікай павагай і таксама сустракалі яго з вялікай радасцю, калі ён завітваў да нас у госці…

100 гадоў сустрэчы

— Бягучы год — не толькі час, калі адзначаем 130-годдзе Купалы і Коласа, але і 100-годдзе з таго дня, калі два класікі сустрэліся першы раз. У 1912-м Купала прыйшоў да Коласа ў госці. Гэтай сустрэчы нават прысвечана, наколькі я ведаю, два вершы: Анатоля Вярцінскага і Пятра Прыходзькі. У кнізе Максіма Лужаніна апісваюцца ўсе моманты таго знаёмства, як спярша Купала і Колас адчувалі пэўную няёмкасць пры гэтым спатканні... Ім на той час было па трыццаць гадоў, і роўна столькі ж доўжылася іхняе сяброўства…

Сустрэчы і гасцяванні

— Купала і Колас часта сустракаліся, хадзілі адзін да аднаго ў госці, іншым разам спрачаліся, але заўсёды адразу ж мірыліся. Я памятаю Купалаў прыезд летам у 1936 годзе да нас на лецішча ў вёску Падбярэжжа, што на Пухавіччыне. Ён прыехаў з цёцяй Уладзяй. Было надта спякотна, і жанчыны адразу пайшлі купацца ў Свіслачы, якая была тады вельмі чыстая. У рацэ на той час вадзілася шмат рыбы — галаўні, язі, — і Купала з Коласам, папярэдне выпіўшы прывезеную Іванам Дамінікавічам у падарунак бутэлечку грузінскага каньяку, вырашылі пайсці павудзіць. Купала быў рыбак, скажам шчыра, не надта споры — злавіў некалькі акуньчыкаў, — а ў Коласа было занажанае, прыкормленае месца. Іван Дамінікавіч нават ужо лавіць перастаў, прыхіліўся да вялікага дрэва, што стаяла на беразе Свіслачы, ды адпачываў, і тут у майго бацькі ўзяўся вялікі язь — прыкладна з кілаграм вагой. Дык дзядзька Янка, убачыўшы такую здабычу, адразу ўзрушыўся і зноў пайшоў лавіць, але яму неяк не шанцавала. Колас жа выцягнуў яшчэ аднаго вялікага галаўня, і я пабег з уловам да хаты, каб хутчэй падсмажыць гэтых злоўленых рыбін. Пасля за сталом неаднаразова ўспаміналі пра рыбацкую ўдачу Коласа, і гэты дзень мне запомніўся на ўсё жыццё…

Паездка на курорт

— Трэба сказаць, што Купала вельмі прыязна ставіўся да маёй маці, аднойчы яны нават разам ездзілі на курорт. І Іван Дамінікавіч быў нават здзіўлены, што яна напісала пасля крытычны вершык пра гэтую паездку. Бо Купала пад час гасцявання ў гасцініцы паводзіў сябе крыху педантычна, патрабаваў, каб усё было акуратна, каб стол быў добра сервіраваны, і гэтак далей. Я ўжо не памятаю ўсяго верша, але ў ім былі такія словы: “Не так там засланы сурвэткі, не так раскладзены катлеткі..” і гэтак далей… Але ўсё гэта было жарты, бо адносіны іх былі вельмі цёплыя. Маці была жанчына далікатная і, у той жа час, — строгая. Таксама ж настаўніца, як і бацька...

/i/content/pi/cult/385/7647/6-8.jpegВайна і яе жахі

— У чэрвені 1941 года, пасля пачатку вайны, мы выбраліся з Мінска да Сцяпянкі, а пасля — цягніком да Оршы, там дазваніліся на дачу Купалы і паехалі ў Ляўкі на машыне, якую даслаў па нас Іван Дамінікавіч. Там, у Ляўках, пераначавалі. Маці тады крыху пакрыўдзілася на яго, бо Купала сказаў: “Вы — мае госці на два-тры дні”. А ён меў на ўвазе, што сам хутка будзе з’язджаць. Затым ад’язджалі, ехалі доўга прасёлкавымі дарогамі, а потым на цягніку — да Масквы, на станцыю Клязьма, да матчынага брата. Праз тыдзень ці два туды ж прыехаў Купала на сваім “шэўрале”, які і дасюль можна пабачыць у Ляўках. І начаваў ён там вельмі часта…

Лагодны ды шчыры

— Купала заўсёды быў лагодны, з усмешкай на твары, і, у той жа час, — нешматслоўны, у яго была своеасаблівая гаворка. І перажылі і Купала, і Колас вельмі шмат разам, асабліва ў трыццатыя гады, калі на іх пачаліся ганенні, праводзіліся допыты і вобыскі. Калі давялі Купалу да спробы самагубства, ён цяжка хварэў, і Колас вельмі перажываў за яго, заўсёды наведваў Івана Дамінікавіча. У дзядзькі Янкі была, відаць, больш ранімая душа, чым у Коласа. Да таго ж, мой бацька аказаўся больш загартаваны, бо ў свой час, як вядома, праседзеў тры гады ў турме. А Купала такога вопыту не меў, таму ён нашмат цяжэй перажываў усё гэта. Так што Колас яго вельмі падтрымліваў. Ды і пасля, калі Купала аднойчы захварэў на запаленне лёгкіх і ўсе думалі, што ён не выжыве, бацька амаль штодня яго наведваў у шпіталі, клапаціўся пра стан ягонага здароўя…

Рыжыя каты класіка

— Недзе ў 1940-м годзе на адзін з юбілеяў Купалы бацькі заказалі вялізны торт, і я адвозіў яго ў хату дзядзькі Янкі. А ў яго на весніцах было напісана: “Асцярожна, злы сабака!”. Я гэтага сабаку не памятаю, але добра ведаю, што Іван Дамінікавіч вельмі любіў рыжых катоў. У яго быў адзін такі кот, які ўмеў стаяць на задніх лапках і служыць. А з гэтам тортам, дарэчы, быў смешны выпадак. За сталом адзін літоўскі пісьменнік выступаў з яркай прамовай, віншаваў Івана Дамінікавіча, а потым падаўся паціснуць яму руку — і набраў поўны рукаў крэму з таго торта, што стаяў якраз каля Купалы. Відаць, ужо пасля чаркі!..

Смерць Купалы

— Мы жылі тады ў Ташкенце. І спякотнай раніцай, было, памятаю, сем гадзін, я яшчэ ляжаў у ложку і слухаў па радыё паведамленні. Перш — весткі з фронту, бацькі паслухалі іх і адышлі, а я слухаў далей. І тут перадалі: загінуў Купала. Бацькам гэтая заўчасная смерць была ўспрынята вельмі балюча. Як ён потым пісаў, адчуў сябе, нібыта нажом па сэрцы разанулі… Адразу мы зладзілі ў Ташкенце вечар памяці Купалу, на якім выступалі пісьменнікі, было шмат беларусаў і рускіх, а таксама вайскоўцаў. Вечар прайшоў у смутку, і бацька пасля яго напісаў верш з прысвячэннем сябру…

Фота Юрыя ІВАНОВА і з архіва рэдакцыі

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"