Папулярныя Печышчы

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Стратэгія экспазіцыі ў Татарстане

/i/content/pi/cult/385/7646/6-4.jpeg5 ліпеня супрацоўнікі Купалаўскага музея ў вёсцы Печышчы (Расія, Татарстан) — дырэктар Рыма Абызава і захавальнік фондаў Таццяна Чарнова — перадалі дырэктару Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаілу Рыбакову ліст ад кіраўніцтва Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан. У ім — падзяка за творчае супрацоўніцтва з музеем і за значны ўнёсак у развіццё культурных стасункаў Беларусі і Татарстана.

Рыма Абызава наведвае Беларусь не ўпершыню: ёй ужо даводзілася бываць тут пад час купалаўскіх святаў. Уражанні — самыя лепшыя. Гэтым разам яна ўзяла з сабою ў Беларусь сваіх дачок Алену і Эліну (яны — удзельніцы літаратурнага гуртка пры музеі), каб тыя пабачылі радзіму нашага Песняра. Алена прачытала верш “А хто там ідзе?” на татарскай мове.

Спадарыня Абызава кажа, што калі ўзначаліла музей (а ўвесь яго штат — яна сама ды захавальнік фондаў), дык думала, што праца будзе сумнай. А сёння ёй сумаваць няма калі, бо не хапае часу, каб рэалізаваць ўсе ідэі па развіцці ўстановы і пераўтварэнні яе ва ўнікальны культурны асяродак, дзе гістарычна знітаваны Беларусь, Расія, Татарстан.

У памяшканні Купалаўскага музея ў Печышчах мясцовая школа праводзіць урокі па тэме “Літаратура краін СНД”. Дзень нараджэння Янкі Купалы музей адзначае Купальскім святам. Калі гэтая справа пачыналася, збіралася чалавек трыццаць- сорак (усё насельніцтва Печышчаў — каля тысячы чалавек), цяпер жа на свяце — людзі з усяго наваколля. Прыязджаюць аўтобусамі і з суседніх раёнаў. Свята набыло такую папулярнасць, што існуе небяспека, каб Купалле не "перацякала" ў нацыянальнае татарскае свята Сабантуй…

Спадарыня Абызава мае намер ажыццявіць да 100-годдзя прэм’еры “Паўлінкі” яе пастаноўку сіламі мясцовага народнага тэатра. Калісьці Купалаўскі музей у Печышчах уяўляў з сябе адно мемарыяльны пакой, цяпер жа гэта — цэлы паверх у гістарычным будынку. Рыма Абызава лічыць магчымым у перспектыве сумясціць у музеі асветніцкія функцыі з камерцыйным чыннікам. Маўляў, няхай людзі агледзяць экспазіцыю, а потым адзначаць сямейнае свята дранікамі ў кавярні беларускай нацыянальнай кухні.

Музей у асобе двух яго супрацоўнікаў, а таксама суполь/i/content/pi/cult/385/7646/6-3.gifнасці сяброў установы, куды ўваходзяць не толькі мясцовыя беларусы, але і людзі яшчэ шмат якіх нацыянальнасцей, вядзе гістарычныя доследы. Шукае людзей, якія ведалі Купалу ў часе ягонага знаходжання ў Татарстане, запісвае іх успаміны. У спадарыні Абызавай ёсць ідэя адшукаць вучняў мясцовай школы, якія памятаюць урокі Уладзіславы Францаўны, жонкі Купалы.

Рыме Абызавай падалася слушнай думка, агучаная адным з удзельнікаў размовы: разгарнуць у Музеі Песняра ў Печышчах экспазіцыю, прысвечаную купалаўскай традыцыі ў сучасным беларускім мастацтве. Гэта, як яна мяркуе, можа зацікавіць моладзь.

Напрыканцы сустрэчы Міхаіл Рыбакоў перадаў татарстанскім музейшчыкам стос беларускіх кніг, якія могуць быць для іх карыснымі, і некалькі беларускіх народных касцюмаў. Частку іх плануецца змясціць у экспазіцыі, а другая мае стаць “рабочым адзеннем” для тых, хто будзе вадзіць па музеі экскурсіі.

Дарэчы, сёлета Купалле ў Печышчах пераносіцца на пазнейшы час, калі Рыма Абызава і Таццяна Чарнова вернуцца дадому з камандзіроўкі ў Беларусь.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"