Пра сэрца музея і яго душу

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Любімы экспанат унучатай пляменніцы Песняра

/i/content/pi/cult/385/7645/6-1.jpegКолькі патрэбна чалавек для таго, каб стварыць музей? Дзесяць, дваццаць, а можа, сто? Як паказвае жыццё, для стварэння ўнікальнай скарбніцы матэрыяльных і духоўных артэфактаў часам бывае дастаткова і аднаго, але — апантанага, здольнага, нягледзячы на перашкоды, увасобіць нават неверагодныя ідэі.

Сярод імёнаў такіх асоб можна назваць Уладзіславу Луцэвіч, жонку Янкі Купалы і заснавальніцу яго Музея, Ядвігу Раманоўскую, пляменніцу Купалы і галоўнага захавальніка фондаў, а таксама ўнучатую пляменніцу Песняра Жанну ДАПКЮНАС. Дзякуючы яе намаганням створаны філіялы Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах і Яхімоўшчыне — ландшафтны заказнік “Купалаўскі”, экспазіцыі, выстаўкі... Жанна Казіміраўна, якая аддала Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы больш за чатыры дзесяцігоддзі, пагадзілася адказаць на некалькі пытанняў для чытачоў нашага выдання ды распавесці пра малавядомыя факты з жыцця сям’і Песняра і музейныя таямніцы.

— Жанна Казіміраўна, не магу не пацікавіцца: чаму менавіта вы праз пэўны час за Уладзіславай Францаўнай прадоўжылі справу ўшанавання памяці Купалы?

— Немагчыма нават уявіць, колькі зрабіла для ўшанавання памяці паэта Уладзіслава Францаўна, незабыўная цёця Уладзя. Яна ўсю сябе прысвяціла Янку Купалу. Што і казаць, апраналася вельмі сціпла, асабліва ў параўнанні з некаторымі жонкамі тагачасных пісьменнікаў, а калі з’яўлялася нейкая капейчына, аддавала яе на музей. Я маю на ўвазе, што, да прыкладу, Уладзіслава Францаўна замаўляла партрэты Івана Дамінікавіча ў Пётры Сергіевіча ды іншых мастакоў.

Пра пераемнасць у нашай сям’і ніколі не гаварылася. Але, як я памятаю, пачынаючы з дзесяці гадоў цёця Уладзя брала мяне з сабой паўсюдна на літаратурныя вечары, дзе знаёміла з беларускімі пісьменнікамі. Калі ж надышоў час паступаць ва ўніверсітэт, у мяне было жаданне звязаць сваё жыццё з музыкай або нават медыцынай, а Уладзіслава Францаўна сказала: “Толькі БДУ: беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта”. Яе меркаванне сталася сапраўды аўтарытэтным, не паслухацца яго было проста немагчыма. Іншая справа, што я не ведала, чаму менавіта туды скіроўвае мяне цёця Уладзя. Яна нават не намякнула, дзеля чаго гэта ўсё.

— Аднакурснікі ведалі пра ваша сваяцтва з Купалам?

— Не ўсе, ды і то, можа, ужо напрыканцы вучобы ва ўніверсітэце. Я ніколі не афішыравала гэты факт з біяграфіі. Нават у Музеі Янкі Купалы наведвальнікі даведаліся пра гэта толькі за некалькі гадоў да майго выхаду на пенсію. Гэта было добра, бо калі я праводзіла экскурсіі ці гутарыла з гасцямі, магла пачуць самыя розныя словы ў дачыненні да Купалы, Коласа, іншых літаратараў. Безумоўна, калі б мае суразмоўцы ведалі дадзены факт, іх выказванні, магчыма, маглі мець зусім іншае гучанне. Калі ўжо заканчвала ўніверсітэт, то аднакурснікі Вячаслаў Рагойша, Леанід Акаловіч ды іншыя прасілі пазнаёміць іх з маёй бабуляй, Леакадзіяй Дамінікаўнай Раманоўскай. Я тады асабліва не разумела, што яны хацелі пагутарыць не столькі з маёй бабуляй, колькі з сястрой Купалы.

— У сям’і размовы пра Купалу часта заводзіліся?

— Можа, цяпер было б і больш размоў. Вы ведаеце жыццё Купалы, асабліва тое, што адбывалася ў 1920 — 30-я гады. І пра гэта размаўляць было нельга, нібыта гэтага перыяду ў жыцці Купалы і не існавала. Таксама, як і пра шляхецкае паходжанне, хаця дакументы, якія гэта пацвярджаюць, знаходзіліся ў Гістарычным архіве і былі недаступны нават для цёці Уладзі, якая іх шукала не для таго, каб пацвердзіць яго паходжанне, а каб проста скласці радавод Купалы.

Згадваецца адзін цікавы выпадак. У Ляўках у нашага Песняра быў аўтамабіль “шэўрале”. Пляменнік Івана Дамінікавіча Янка, дзесяціцігадовы хлапчук, вырашыў з сябрам пакатацца на машыне. У выніку шыкоўнае аўто ледзь не апынулася ў Дняпры. Дзядзька Янка дараваў хлопцу гэты выпадак, бо разумеў яго жаданне як хутчэй стаць дарослым. Увогуле, Купала любіў сваіх пляменнікаў.

Але ў цэлым я даведвалася пра Купалу не столькі праз сямейныя размовы, колькі праз успаміны аб ім сучаснікаў, пранікненне ў ягоную творчасць, прадметы, што даводзілася збіраць для новай экспазіцыі Літаратурнага музея з усяго былога Савецкага Саюза. Рыга, Вільнюс, Каўнас, Масква, Ерэван, Кіеў, Ленінград, Казань, Варшава, Люблін, Прага — дзе мы толькі ні былі ў пошуках новых музейных скарбаў... Прыгадваецца, як аднойчы пад час экспедыцыі ў Ленінградзе апынулася ў кватэры, што нагадвала сваёй атмасферай музей. Там час спыніўся ў 1911 годзе. Абсалютна ўсё, нават ручкі, алоўкі, адпавядала гэтай эпосе. Калі гаспадыня кватэры даведалася, для якой справы патрэбны гэтыя рэчы, то з радасцю за невялікі кошт перадала іх музею.

Кожную рэч пачынаеш па-новаму разумець, цаніць, бо яна дагэтуль захоўвае людское цяпло. Хочацца сказаць, што многія людзі з усяго былога Саюза спрыялі Купалу, імкнуліся дапамагчы ў стварэнні новай экспазіцыі. Вялікую дапамогу музею аказаў у свой час выбітны даследчык Віталь Скалабан. Дзякуючы яго ведам, падтрымцы былі знойдзены многія рукапісы Купалы. Па яго падказцы ў Аддзеле рэдкай кнігі Пецярбургскага ўніверсітэта знойдзены аўтографы Купалы на кнігах. З часам мне ўдалося дабіцца іх перадачы ў музей.

— Ці ёсць у Літаратурным музеі Песняра экспанат, у дачыненні да якога вы маеце асаблівыя пачуцці?

— Самымі дарагімі экспанатамі з’яўляюцца тыя, што былі з цяжкасцю знойдзены, як тая лістоўка з перакіднога календара з вершамі Янкі Купалы. Справа ў тым, што нейкі салдат у гады Вялікай Айчыннай з календара рабіў скруткі для курэння, аднак убачыўшы на паперчыне верш Купалы, не змог спаліць і вырашыў схаваць у гільзу ад патрона. Яе праз гады знайшлі школьнікі.

Не могуць пакінуць абыякавым, у першую чаргу, менавіта рукапісы паэта. Дзякуючы ім можна ўбачыць і характар, і настрой Песняра. Я лічу, што рукапісы — гэта сэрца музея, а людзі — душа. І ад таго, наколькі шчырай будзе “душа”, будзе працаваць гэтае “сэрца”.

Асобная гісторыя звязана з тым, як мы рукапісы рэстаўрыравалі. У савецкі час Лабараторыя рэстаўрацыі і кансервацыі рукапісаў была толькі ў Ленінградзе. Мы звярнуліся да кіраўніцтва аддзела з просьбай аб дапамозе. Прапаноўвалі нават заплаціць. Аднак атрымалі адмову, абгрунтаваную наступнай фразай: “Нам не дазволена займацца рукапісамі іншых рэспублік Савецкага Саюза”. І мы пайшлі іншым шляхам. Ядвіга Юліянаўна, пляменніца Купалы і галоўны захавальнік музея, паехала туды другі раз і прывезла з сабой “беларускія прысмакі”: баначку марынаваных баравікоў, беларускія цукеркі. І так — у кожны прыезд. У выніку былі адрэстаўраваны амаль усе рукапісы, частку з якіх пад час Вялікай Айчыннай вывезлі ў Германію, а пасля вярнулі ў Беларусь.

— Вамі шмат было зроблена для стварэння філіялаў Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах. Чаму там паўстаў музей толькі ў 1992 годзе?

— Сапраўды, першым быў створаны яшчэ Уладзіславай Францаўнай філіял Літаратурнага музея ў Вязынцы. З яе ўдзелам былі пазначаны мемарыяльнымі дошкамі галоўныя купалаўскія мясціны. Да Акопаў мы даўно падступаліся. І сам Літаратурны музей, і беларускія пісьменнікі хацелі стварыць там філіял, але нельга было, бо з гэтай вёскай звязаны перыяд жыцця і творчасці Янкі Купалы 20-х гадоў. Пра Акопы не хацелі нават гаварыць. Больш за тое: яшчэ ў савецкі час мы хацелі хаця б знайсці гэтую мясціну, бо нават сцежкі ніякай не было да хутара, куды ў свой час да маці прыязджаў Купала. Стварэнне філіяла пачыналася таксама вельмі складана. Там была закрытая зона, бо непадалёк размяшчаліся паляўнічыя домікі для кіраўніцтва рэспублікі.

Ды і ў саміх Акопах нельга было ўзвесці музей, бо такім чынам ён знаходзіўся б удалечыні ад бліжэйшай вёскі Харужанцы і, адпаведна, усіх камунікацый. Таму на месцы хутара мы вырашылі зрабіць мемарыяльную частку філіяла, а ўжо на ўскрайку вёскі — непасрэдна музейны комплекс. Была праблема і з фінансаваннем. Нягледзячы на тое, што філіял ствараўся “з нуля”, сродкі не выдаткоўваліся нават на помнік Песняру. Тым не менш, усе хто прыехаў на адкрыццё філіяла, былі ўражаны і прыемна здзіўлены ўбачаным.

— Як зацікавіць моладзь спадчынай Купалы?

— Гэта самы галоўны мой клопат. У свой час, калі мы праводзілі цудоўныя вечары ў музеі, усе прысутныя былі ў захапленні. Я ж меркавала па-іншаму. Колькі на такіх імпрэзах збіраецца людзей? Няхай нават сто чалавек. Ды і тое, часцей прыходзілі тыя, хто насамрэч жыве словам Купалы. У мяне ж было жаданне прыцягнуць максімальную колькасць наведвальнікаў. Таму, калі мы выдавалі літаратуру, буклеты, сувеніры, я імкнулася, каб усё гэта было даступна кожнаму. Невыпадкова да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы я вялікае значэнне надавала сувенірам, з якімі таксама звязана шмат цікавых гісторый…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"