Terra incognita Я.К.

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

“Тулянні па свеце” як аснова турмаршруту

Купалаўскія мясціны на Беларусі выклікаюць устойлівы асацыятыўны ланцуг: Вязынка, дзе нарадзіўся Ян Дамінік Луцэвіч, Яхімоўшчына, дзе ён пісаў свае вершы ў вольны ад працы на бровары час, Акопы, дзе яго паэтычны талент сапраўды раскашаваў, і, урэшце, Ляўкі — лецішча ўжо прызнанага творцы. Усе гэтыя чатыры тапонімы можна знайсці ў пераліку філіялаў Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы.

Тым не менш, “купалаўская геаграфія” на Беларусі значна шырэйшая. Як вядома, у юныя гады паэту давялося нямала “патуляцца па свеце”, зарабляючы на кавалак хлеба самымі рознымі прафесіямі. Менавіта ў гэты, здавалася б, зусім нерамантычны, перыяд жыцця і адбывалася творчае станаўленне Песняра. А сярод тых людзей, якія сустракаліся яму на жыццёвых пуцявінах, літаратуразнаўцы лёгка пазнаюць герояў “Паўлінкі” ды іншых класічных твораў…

Радашковічы

Непадалёк ад Вязынкі — старадаўняе мястэчка Радашковічы. Менавіта тут у касцёле Святой Тройцы было ахрышчана немаўля, якое нарадзілася ў Купальскую ноч. Яшчэ гадоў дваццаць таму храм выклікаў досыць сумныя ўражанні, але пасля таго, як ён ізноў стаў дзейным, яго стан пакрысе пачаў змяняцца да лепшага. Між іншым, трохі пасталеўшы, Ян Луцэвіч вернецца ў мястэчка — адным з першых працоўных месцаў у яго паслужным спісе была пасада пісара судовага следчага ў Радашковічах.

Селішча

У 1895 годзе лёс закінуў сям’ю Луцэвічаў у засценак Селішча, што на Лагойшчыне, ды затрымаў там на дзевяць гадоў. Ад хутара, што яна арандавала, застаўся толькі пагорак, знайсці які недасведчанаму чалавеку будзе нялёгка. Тым не менш, менавіта тут Купала напісаў свае першыя вершы — тады яшчэ на польскай мове.

Бяларучы

У 1897-м падлетак выправіўся з Селішча па навуку. Фінансавы стан сям’і не дазваляў хлопцу разлічваць на добрую адукацыю, і свой атэстат ён атрымаў у народным вучылішчы ў Бяларучах — адносна недалёка ад “часовага” дома. Памяць пра гэты няпоўны год жыцця будучага класіка дбайна захоўваецца ў музеі вясковай школы.

1902 год — ці не самы трагічны ў Купалавым жыцці: у маі памірае ягоны бацька, увосень, адно за адным, сыходзяць з жыцця брат і дзве сястры... Хлопец застаецца “за старэйшага” і выпраўляецца з Селішча па заробкі.

Старая Беліца

У наступным годзе ён упершыню апынуўся досыць далёка ад дома: у маёнтку Свяцкіх “Старая Беліца”, што на Сенненшчыне. Як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі, менавіта тут у вольны ад працы канторшчыкам час Ян Дамінік напісаў свой першы беларускамоўны верш “Мая доля”. Сёння шыкоўная некалі сядзіба выклікае сумныя ўражанні: палац дайшоў да нас у руінах, а гаспадарчыя пабудовы паступова набліжаюцца да гэтага стану…

Бараўцы і Сёмкава/i/content/pi/cult/385/7644/11-2.jpeg

Хвароба маці вымусіла Купалу вярнуцца ў Селішча. Неўзабаве сям’я змяняе адрас, арандаваўшы фальварак у вёсцы Бараўцы — бліжэй да Мінска. Хлопец нейкі час заставаўся пры гаспадарцы, але неўзабаве зноў “выправіўся ў свет”: у недалёкім адтуль маёнтку Сёмкава спатрэбіўся работнік на бровары...

Зусім занядбаная сядзіба Хмараў не так даўно перайшла да выдавецтва Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая плануе стварыць там буйны грамадска-турыстычны комплекс. У першачарговых планах — адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Песняроў (Якуб Колас таксама бываў у тых мясцінах), а таксама невялічкай музейнай экспазіцыі, прысвечанай ім.

/i/content/pi/cult/385/7644/11-1.jpegАкопы

З Бараўцоў сям’я Луцэвічаў пераехала ў знакамітыя Акопы. Зусім непадалёк месціўся маёнтак Антона Лявіцкага — Карпілаўка. Да ягонага гаспадара, які ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры пад псеўданімам
"Ядвігін Ш.", Купала наведваўся і раней, яшчэ з Селішча, ды лічыў яго сваім літаратурным настаўнікам. Натуральна, шчыльнае сяброўства працягвалася.

Яхімоўшчына і Дольны Сноў

Потым была яшчэ надзвычай цяжкая праца на броварах у Яхімоўшчыне і Дольным Снове. І калі першы з іх захаваўся ды часткова музеефікаваны, дык ад другога засталіся хіба ўспаміны. Зрэшты, іх таксама неабходна падмацоўваць нейкімі матэрыяльнымі артэфактамі — хаця б нават самымі простымі памятнымі знакамі...

Паўтарыць купалаўскія маршруты можа кожны ахвотны, балазе амаль усе згаданыя мясціны — зусім блізка ад Мінска. Толькі вось ці ў кожным з гэтых куточкаў сапраўды чакаюць турыстаў? Адказ на гэтае пытанне вымагае асобнага матэрыялу…

Пагадзіцеся, старыя і новыя здымкі з архіваў рэдакцыі ды краязнаўчых рэсурсаў Інтэрнэта яскрава сведчаць яшчэ і пра патрэбу ў своеасаблівым абноўленым камплекце паштовак, прысвечаным купалаўскім, у тым ліку і невядомым, мясцінам.