Асаблівасці рэгіянальнага мецэнацтва

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

У самім Маладзечне Папараць-кветку адшукалі яшчэ пад час леташніх рэспубліканскіх “Дажынак”: яе мемарыяльную выяву можна цяпер пабачыць на новым гарадскім пляцы. А вось у раёне натрапіць на гэтую рэдкую расліну мне дапамагала метадыст мясцовага РМЦ Настасся Багушэвіч. Яе “касцюміраванае” пераўвасабленне ў Купалінку было абумоўлена і тым, што Маладзечна рыхтаваўся адзначыць 30 чэрвеня Дзень горада, а гэтая падзея планава “перарастала” ў не менш знакавыя ліпеньскія раённае Купалле ў Яхімоўшчыне, гарадское — на рэчцы Уша, рэспубліканскае — у Вязынцы. Карацей, святы, выразна асветленыя і юбілеем Купалы, расцягнуліся больш чым на тыдзень.

/i/content/pi/cult/385/7643/10-1.jpegКультура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Як мы з Купалінкай шукалі Папараць-кветку на Маладзечаншчыне

“Купідон”:навігацыя платныхпаслуг

— Пошук папараць-кветкі — гэта пошук шчасця, сэнсу жыцця, — упэўнены начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч, — А без працы які ў жыцці сэнс?..

А ў сваёй працы начальнік аддзела асабліва каштоўным лічыць яе творчы складнік. Уплыў старшыні райвыканкама Фёдара Дамацэнкі — відавочны, бо ён, як кажуць, крэатыўшчык яшчэ той. Апошні доказ таму звязаны з “Купідонам”. Але пра ўсё — па парадку... Пасля “Дажынак-2011” у гарадскім парку з’явіліся два вадаёмы. Як зрабіць іх больш прывабнымі для гараджан? Над гэтым пытаннем у райвыканкаме доўга не задумваліся. З дзвюх вайсковых металічных лодак зрабілі адзін… човен для шлюбнага воднага праменаду. Навігацыю “Купідона” вакол Выспы кахання распачалі акурат на Дзень горада. Папараць шчасця на ёй ужо квітнее, а паслуга ў перспектыве абяцае быць платнай. Лірыка лірыкай, а план планам.

У арэнду — мікрахвалёўка і не толькі…

Дарэчы, пра план. Летась установы культуры зарабілі паўтара мільярда пазабюджэтных рублёў, а аддзел на Міншчыне быў прызнаны лепшым. За сёлетняе паўгоддзе ў скарбонку ад аказання платных паслуг паступіў 1 мільярд 370 тысяч.

І спрацоўваюць тут самыя розныя падыходы. Да прыкладу, на поўную сілу дзейнічаюць філарманічныя пляцоўкі, створаныя амаль ва ўсіх 14 аграгарадках. І матэрыяльная база пытанняў не выклікае. У Чысці, да прыкладу, СДК такі, што ў ім нават абласныя мерапрыемствы ладзяцца. У аграгарадках “Лебедзева” і “Відзеўшчына”, апрача клубных устаноў, працуюць спартыўныя комплексы.

А ў СДК “Хохлава” апрача канцэртнай залы дзейнічае і зала сямейных урачыстасцей з кухонным абсталяваннем, і ўсё гэта можна арандаваць для вяселляў, юбілеяў ды банкетаў. Унушальным паказчыкам з’яўляецца і тое, што на Маладзечаншчыне дзейнічае 11 ДШМ, 8 з іх — на сяле. А гады два таму для работнікаў культуры было пабудавана 15 кааператыўных кватэр… Хіба ж дзіва, што кадравай праблемы ў раёне проста не існуе?

“Купаліха прыехала!”

Вязынка ў творчым плане адметная не толькі Купалаўскім музеем, але і сельскімі ўстановамі культуры: клубам ды бібліятэкай. Тут гаспадынямі — Лілія Зяневіч і Людміла Ракоць. Але і яны час ад часу бяруць на сябе экскурсійныя функцыі, бо таксама з’яўляюцца захавальнікамі памяці пра Песняра. Як, зрэшты, і любы вязынкавец. Тут кожная бабуля памятае прыезды жонкі паэта — Уладзіславы Францаўны, якая нястомна клапацілася аб стварэнні ў вёсцы купалаўскага мемарыялу. І кожны яе прыезд сустракалі радасным воклічам “Купаліха прыехала!”, бо для паэтавых землякоў тая не шкадавала ні шляхецкай дабрыні, ні творчых цікавостак. Да прыкладу, мясцовая клубная сцэна адной з першых зведала пастаноўку феерычнай “Паўлінкі”. А ў хатцы, дзе нарадзіўся Іван Луцэвіч, узнік музей, якому сёлета спаўняецца 40 гадоў…

Вязынка наколькі невялікая, настолькі і непаўторна маляўнічая. І ўзведзены на пачатку 1950-х маленькі будыначак, дзе месцяцца клуб ды бібліятэка, выглядае дарэчным дапаўненнем да агульнай карціны мілага і блізкага ўсім купалаўскага куточка. І не архаічнае пячное ацяпленне ўстановы тут маецца на ўвазе, а яе сапраўдная хатняя ўтульнасць, уласцівая ўсім клубам, бібліятэкам ды музеям Маладзечаншчыны…

Падарыце кнігу Песняра

Так, Людміла Ракоць і Лілія Зяневіч не могуць пакуль пахваліцца наяўнасцю камп’ютараў ды суперсучаснай музычнай тэхнікі. Але вырабы тутэйшага аматарскага аб’яднання “Майстрыха” ўражваюць не менш. Якая сельская ўстанова, да прыкладу, можа пахваліцца карціннай галерэяй, хоць і невялічкай, дзе графіка Ніны Галаўковай, можа паспрачацца з творчасцю любога прафесійніка? А ў бібліятэцы цягам апошніх гадоў дзейнічае акцыя “Падары кнігу”, у выніку якой сабрана каля трох соцень новых выданняў. Натуральна, ёсць сярод іх і творы Купалы.

І з сацыяльным партнёрствам тут усё як мае быць. Купалаўскі юбілей будзе святкавацца цягам года. І ў работнікаў культуры існуе план сумесных з мясцовымі музейшчыкамі мерапрыемстваў. Самае бліжэйшае з іх — конкурс дзіцячых малюнкаў паводле твораў Песняра…

Якраз за музеем, ля маляўнічай затокі, па словах Купалінкі Насці Багушэвіч, удачлівым шчасціць бачыць час ад часу Папараць-кветку…

“Песня і праца рады спаткацца”

І зноў — пра творчы складнік будзённай працы. У раёне — каля 30 клубных устаноў. Іх супрацоўнікі цяпер нястомна шукаюць спонсараў сваёй дзейнасці. Галоўная праблема — адсутнасць камп’ютарнай тэхнікі — пакрысе вырашаецца. Старшыня ЧУП “Маркава-агра” Леанід Клімовіч летась падарыў СДК аграгарадка “Маркава” ноўтбук — менавіта так ацаніў працу дырэктара ўстановы Людмілы Асіповіч. Тая без слёз замілавання пра падарунак і не згадвае...

А Купалінка Насця Багушэвіч смяецца: маўляў, са/i/content/pi/cult/385/7643/10-2.jpegмы час акцыю “Падары камп’ютар” абвяшчаць. Тым больш, што гэткай жа спонсарскай актыўнасцю вызначаецца і кіраўнік ААТ “Беразінскае” Станіслаў Кулеш. Прадпрыемства вырабляе дэталі для халадзільніка, пачувае сябе на рынку няблага, таму і мае магчымасць калі-нікалі падтрымаць культуру. Сумеснымі намаганнямі работнікаў культуры і ААТ была зладжана акцыя “Песня і праца рады спаткацца”. І ў выніку прадпрыемства “Беразінскае” набыло для народнага вакальнага гурта “Беразіначка” адмысловую сцэнічную вопратку.

Начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч лічыць, што далейшае наладжванне стасункаў паміж работнікамі культуры ды кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацый — генеральны кірунак далейшай дзейнасці.

Пры выніковасць і доўгатэрміновасць такіх “фандрайзінгавых” стасункаў меркаваць можна і на прыкладзе аграгарадка “Яхімоўшчына”. Калісьці мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыяй кіраваў Генадзь Бажко, цяпер ён — намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама… Дык вось, успамінаюць яго тут самым добрым словам, бо і СДК з нуля пабудаваў, і стаяў ля вытокаў стварэння ў Яхімоўшчыне чарговага філіяла Купалаўскага музея, і на мясцовай сажалцы выспу зрабіў, дзе сёння ладзяцца купальскія дыскатэкі і, натуральна, кветнее ў ліпеньскую ноч Папараць...

Гаспадары купалаўскай зямлі

Цяпер гаспадаркай у Яхімоўшчыне кіруе Часлаў Бажко — цёзка па прозвішчы свайго папярэдніка. Але гэткі ж шматгранны кіраўнік, для якога вытворчасць і культура заўжды поруч ідуць… Яхімоўшчына тымі днямі рыхтавалася да святаў. Як запэўніла дырэктар мясцовага СДК Марыя Сушко, з іх арганізацыяй ніякіх праблем не будзе, бо дапамагаюць не толькі Генадзь і Часлаў Бажко, але і старшыня Палачанскага сельсавета Уладзімір Станкевіч. Значыць, як і заўжды, будзе і вогнішча на выспе, і купальская дыскатэка з прызамі…

Янка Купала працаваў тут на бровары у пана Любанскага. У ягоным маёнтку цяпер — кантора мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі. А ў тым дамку, дзе кватаравалі рабочыя, у тым ліку і паэт, — Купалаўскі музей. Менавіта тут Іван Дамінікавіч напісаў палову сваёй неўміручай “Жалейкі”. А паміж СДК і купальскай сажалкай уладкаваны валун з выбітай цытатай класіка. І люд мясцовы спявае купалаўскую песню, у якой — і любоў да радзімы, і непрыхаванае жаданне зрабіць яе яшчэ больш утульнай для жыцця ды працы…

Цяжкай была тая “броварская” дзейнасць. Але Купала, як распавядае загадчык музейнага філіяла Святлана Ціс, заўжды выглядаў і апранаўся па-шляхетнаму, быў вытанчана задуменным і заўжды засяроджаным. Такім і застаўся ў памяці вяскоўцаў — паэтам, грамадзянінам, чалавекам высокага ўнутранага і знешняга густу…

А музей апошнім часам карыстаецца ўсё большай папулярнасцю. Мы заспелі тут шматлікую экскурсію з Маладзечанскай падатковай інспекцыі. Уражанням турыстаў не было мяжы: маўляў, пра замежныя курорты амаль усё ведаем, а пра тое, што пад бокам ёсць, — амаль нічога. Гэтая тэндэнцыя — зведаць найперш сваё, роднае — апошнім часам больш чым выразна праяўляецца па ўсёй Беларусі. Пра гэта і Купала калісьці пісаў: “ Толькі ўмей шукаці блізка!”. Усё правільна: як знаходзіць лес вятрыска, знойдзеш Бацькаўшчыну блізка…

Сапраўды, маштабы ўнутранага (як і знешняга) турызму павялічваюцца. Але ці адпавядае гэтаму ўсплёску гісторыка-краязнаўчай цікавасці інфраструктура нашых музейных устаноў?

Чый бровар?

Ёсць адказ на гэтае пытанне ў загадчыка яхімоўскага музейнага філіяла Святланы Ціс. Яна паведаміла, што музей развіваецца: часткай экспазіцыі сталі і мясцовыя свірны, а экспанаты іншым разам паступаюць ад неабыякавых наведвальнікаў. Дарэчы, адна з супрацоўніц падатковай інспекцыі цягам экскурсіі прапанавала Святлане Уладзіміраўне старадаўнія кросны, якія засталіся ёй ад бабулі… І такія ўзаемастасункі, як падаецца, — таксама разнавіднасць рэгіянальнага мецэнатства. Але гэта не азначае, як сцвярджае Святлана Ціс, што пошукі зацікаўленых у музейным развіцці спонсараў — справа другарадная. Толькі займацца ёю, па агульным меркаванні, варта талакою, каб улічыць інтарэс кожнага, каб укладзеная ў справу капейчына абярнулася важкай аддачай…

Словам, задумак у творцаў з Яхімоўшчыны — шмат: аграгарадоцкі статус вёскі вымагае. Адна з гэтых задумак — вярнуць ва ўласнасць мясцовы бровар: яго ў свой час выкупіў нейкі прадпрымальнік. Выкупіць выкупіў, а справу наладзіць не здолеў. Па меркаванні тутэйшага люду, бровар — не столькі вытворчы аб’ект, колькі гісторыка-культурная каштоўнасць, наўпрост звязаная з памяццю пра Песняра…

"Ведама, з вёскі — Янка Купала…"

У адным будынку з музеем месціцца і сельская бібліятэка, дзе гаспадыняй — Таісія Боган. Яна і распавяла, што Купалле ў Яхімоўшчыне будзе сумяшчацца са святам вёскі. Значыць, перад купальскай ноччу будзе не менш цікавы на падзеі вясковы дзень. І разам збяруцца ці не ўсе 400 жыхароў Яхімоўшчыны. Запланаваны канцэрт, шанаванне зямлякоў, выстаўка народных майстроў. І выйдзе да мясцовага люду Янка Купала: ролю Песняра збіраецца выканаць мясцовы будаўнік Андрэй Афанасенка. Ён і знешне да маладога паэта падобны, і ўнутрана: такі ж натхнёны ды летуценны.

А начальнік аддзела культуры Аляксандр Рамановіч у той дзень сустракаў у Вязынцы дырэктара Купалаўскага музея Алену Ляшковіч. Ішлі апошнія падрыхтоўкі да рэспубліканскага Купалля.

А ёсць яшчэ ў Маладзечанскім раёне СВК імя Янкі Купалы. Наведаць яго мы проста не паспелі. Але зычым гэтай гаспадарцы вялікага плёну ў працы. Няхай тут і ўраджаі будуць важкімі, і песні — суладнымі!


Галерэя спонасараў ад “К”

Падтрымка ад “Крысціны”

“Купідона” стварылі майстры, што працуюць пад кіраўніцтвам прыватнага прадпрымальніка Івана Мішына. Ягоную кавярню “Крысціна” наведаў, бадай, кожны падарожны, што скіроўваўся з Мінска ў бок Маладзечна.

Анатоль Лавор — адзін з тых майстроў-рамеснікаў, якімі ганарыцца Маладзечаншчына… Так, пад дахам “Крысціны” дзейнічае своеасаблівы “філіял” раённага Дома рамёстваў, “А ўся справа ў тым, — тлумачыць Мішын, — што я ў свой час скончыў Універсітэт культуры. Ну і якая розніца, што — фізічнай?! Вось нашы пяць майстроў і ўпрыгожваюць жыццё..."

Пад гэтым упрыгожаннем Іван Мішын мае на ўвазе не толькі пастаяннае добраўпарадкаванне дворыка кавярні, дзе пад адкрытым небам цэлы музей з’явіўся: масткі, калодзежы, казачныя дамкі… Майстры Мішына, у тым ліку і знакаміты разьбяр Анатоль Лавор, упрыгожвалі і Рэспубліканскія дажынкі. І да “Купідона”, як вядома ўжо, непасрэднае дачыненне займелі. А ў Выверах каплічку збудавалі… І ўсё гэта — ледзь не на грамадскіх і дабрачынных пачатках. Вось такая разнавіднасць нацыянальнага спонсарства-мецэнатства ў рэгіянальным маштабе.

Дарэчы, Мішын не толькі культуры дапамагае, але і футбалістам, баксёрам мясцовым — не забываецца, словам, і на культуру фізічную. А інтэрв’ю даваць адмовіўся: маўляў, не размаўляць трэба, а — справай займацца. І хто яго, такога мэтанакіраванага, аспрэчыць?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"