Паркі Песняра

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Чатыры іпастасі паэта — разцом Анікейчыка

/i/content/pi/cult/385/7637/1-1.jpegТак ужо супала, што юбілейныя даты нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы (7 ліпеня 1882 г.) і народнага мастака Беларусі Анатоля Анікейчыка (11 ліпеня 1932 г.) стаяць побач. І так склаўся лёс, што менавіта Анікейчык стаў адным з яркіх беларускіх творцаў, хто змог у скульптуры увасобіць вобраз Песняра з найбольшай сілай, эмацыйнасцю ды пераканаўчасцю. Калісьці, незадоўга да сваёй нечаканай смерці, ён мне сказаў вось што: "У кожнай творчай прафесіі - галава, канешне ж, перш за ўсё. Ёсць мастакі, якія працуюць для сябе, для душы, і - па замове. Усё, што я раблю, - гэта для душы. Працаваць галавой - не значыць працаваць толькі розумам, а перш за ўсё - перакананнем. Трэба адчуць сваю ідэю сэрцам, крывёю, інакш яна будзе халоднай, сухой, індыферэнтнай. Рукі - гэта прафесіяналізм. Прафесіяналізм таксама патрэбны: можна мець цудоўную душу і сэрца, але без таленту ды майстэрства не выявіш сваіх перакананняў. Гэта датычыцца не толькі нашага брата мастака, а і акцёра, пісьменніка, музыканта... Таму што мастацтва - адзінае цэлае. І кожны яго від падпарадкоўваецца адным законам. І форма, і змест - таксама..."

З такімі думкамі ды перакананнямі прыйшоў Анатоль Аляксандравіч да сваёй Купаліяны. Думаю, што яна з'яўляецца і сёння непераўзыдзенай ва ўсёй беларускай выяўленчай Купаліяне, асабліва што датычыцца мемарыялаў.

З гутаркі з мастаком: "Янка Купала як унікальная асоба, як паэт і чалавек прыцягваў маю ўвагу з юнацтва. Спачатку былі проста партрэтныя эцюды Песняра: шукаў жывы псіхалагічны вобраз - у розных ракурсах, руках, поглядах, - перачытваў купалаўскія вершы, дакументы, успаміны, стэнаграмы выступленняў паэта. А потым разам з сябрамі, скульптарам Заспіцкім і архітэктарам Мызнікавым, прыступіў да праектавання помніка на месцы пахавання праху Купалы на мінскіх Вайсковых могілках..."

Гэты помнік мне вельмі падабаецца. "Мне сняцца сны аб Беларусі..." - гэта лейтматыў твора, надзіва натхнёнага і чалавечнага. Трэба вельмі любіць Песняра, каб так падкрэсліць яго арганічную сувязь з роднай зямлёй, яго рамантычны пачатак, напружана-затоеную думку і глыбокую журботу...

З гутаркі з мастаком: "У Купалы мне падабаецца ўсё: знешнасць прыемнага чалавека, вялікая шчодрасць душэўная, талент, канешне ж, ды і лёс яго шчаслівым цяжка назваць, нягледзячы на званні і народнае прызнанне... Расповеды цёткі Уладзі, яго сяброў і тых, каму проста давялося з ім сустракацца, малявалі непаўторны вобраз. Але зразумець, адчуць яркую, буйную, трагічную асобу да канца, здаецца, немагчыма..."/i/content/pi/cult/385/7637/1-2.jpeg

Потым быў мемарыял у цэнтры Мінска, у Купалаўскім скверы, над якім Анатоль працаваў таксама з сябрамі-аднадумцамі. І сёння гэты помнік стаў неад'емнай часткай нашай сталіцы, як, скажам, апякушынскі Пушкін у Маскве або анікушынскі - у Пецярбургу. Наватарская задума, глыбіня, дэмакратычнасць, прастата вырашэння даюць яму "пуцёўку ў будучыню", хаця з таго часу і прайшло амаль сорак гадоў.

Асаблівая старонка ў творчай біяграфіі Анатоля Анікейчыка - помнік Купалу ў Араў-парку пад Нью-Ёркам. Цяпер мала хто ведае, як наш славуты Песняр "трапіў" на амерыканскі кантынент, таму я распавяду пра гэты твор трошкі падрабязней. Яшчэ ў 1949 г., працягваючы традыцыі сваіх бацькоў, група юнакоў і дзяўчат з розных краін стварыла ў ЗША маладзёжны клуб "Араў-парк". Ён ставіў сабе за мэту прывіццё пачуцця любові да радзімы продкаў падрастаючаму пакаленню. Пазней у Араў-парку нарадзіліся новыя традыцыі. Акрамя Дня Незалежнасці і Дня працы тут сталі святкавацца беларускі, рускі, украінскі і польскі дні - у чэрвені, ліпені і жніўні адпаведна. У гэтыя даты ў Араў-парк з'язджаюцца сотні людзей з розных куткоў ЗША. Помнікі Купалу, Пушкіну і Шаўчэнку - гэта падарункі беларускага, рускага і ўкраінскага народаў амерыканскаму, нашым далёкім землякам, якія жывуць у ЗША. Ёсць там і помнік Міцкевічу - падарунак палякаў, і помнік Уітмену - сыну амерыканскага народа. Свой помнік Купалу Анікейчык адкрываў у 1973 годзе разам з Андрэем Макаёнкам. Паводле іхніх расповедаў, гэта былі непаўторныя хвіліны: людзі прыехалі сюды не толькі з Нью-Ёрка, Чыкага, Філадэльфіі, але і нават з Канады; паўсюдна чулася беларуская гаворка; помнік быў увесь у жывых кветках... Мэта скульптара - у вобразе Купалы адлюстраваць стан светлай журбы. Песняр нібыта зірнуў на Новы свет вачыма, поўнымі самоты. Нябачны вецер з-за спіны падняў каўнер ягонага паліто, змахнуў на лоб пасму валасоў. Паэт глядзеў кожнаму ў твар, нібыта пытаючыся: ну, як вам тут, на чужыне?..

Вось яшчэ адзін бліскучы, на мой погляд, помнік Песняру разца Анікейчыка - у беларускіх Ляўках, таксама даўно вядомы. Там, у найпрыгажэйшым кутку Аршаншчыны, дзе чуецца нетаропкі гоман Дняпра, дзе спляліся ў цудоўным лясным узоры беластволыя бярозы, гнуткі арэшнік і дубкі, асабліва добра пісалася-думалася Купалу. Ён упершыню наведаў Ляўкі ў сакавіку 1935-га і назаўжды палюбіў гэты край з яго добрымі людзьмі. Паэт прыязджаў туды штогод ранняй вясной і заставаўся да позняй восені. Там быў створаны адзін з самых выдатных яго вершаваных цыклаў, што ўвайшоў у гісторыю літаратуры пад назвай "Ляўкоўскі". У дні святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Купалы і быў адкрыты гэты помнік. Анікейчык стварыў яго на аснове сваёй ранняй станковай кампазіцыі "Восень паэта". Купала паказаны чалавекам ужо далёка не маладым, які шмат перажыў на сваім вяку, прайшоў шлях нялёгкі і вялікі, зведаўшы і высокія ўзлёты, і трагедыі. Ён сядзіць з сукаватым кійком у правай руцэ, левай абапіраючыся на спінку лаўкі, да якой восеньскі вецер прыбіў пажаўцелы ліст. Задумаўся паэт, слухае покліч роднай зямлі. Восень Песняра...

Прайшлі гады. Але Анатоль Анікейчык і сёння для мяне, для ягоных сяброў, для тых, хто прайшоў яго прафесійную школу майстэрства, для ўсіх прыхільнікаў ягонай творчасці ён, народны мастак, лаўрэт Дзяржаўнай прэміі БССР, застаецца заўжды маладым, цудоўным, добрым, энергічным і надзвычай таленавітым чалавекам, які шмат зрабіў для росквіту нацыянальнай культуры роднай Беларусі. І ў гэтым ён вельмі падобны на Янку Купалу. Вось такая "времен связующая нить"...

На здымках: помнік Янку Купалу ў Ляўках; бюст у Араў-парку.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"