Стыльны класік

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Герб і каханне чалавека дзвюх эпох

/i/content/pi/cult/385/7635/2-6.jpegЯнка Купала і яго эпоха, ягоны Вобраз, які з'яўляецца сумай шматлікіх складнікаў, у тым ліку і аблічча паэта... Каб прааналізаваць ці нават пафантазіраваць на гэты конт, карэспандэнт "К" звярнуўся да Юрыя САЛАМОНАВА - мастака-пастаноўшчыка спектакля "Янка Купала. Кругі раю", увасобленага на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Да размовы далучылася і аўтар, рэжысёр пастаноўкі
Святлана НАВУМЕНКА.

- Натуральна, творчая задача перада мной была пастаўлена складаная, - кажа карэспандэнту "К" Юрый Саламонаў, - стварыць аблічча Паэта, Песняра - не дакладную копію асобы Купалы, а збіральны вобраз. Каб, адчуваючы гэтую повязь з класікам, глядач разумеў, што гаворка ўсё ж ідзе пра вечнае...

Юрый адкрывае ноўтбук і паказвае фотаздымкі Янкі Купалы.

- Але для стварэння гэтай стылізацыі, вядома, было прагледжана і праштудзіравана шмат матэрыялу, - працягвае ён. - Савецкія часы, дарэвалюцыйны перыяд... Да прыкладу, мы адшукалі такі цікавы факт: да рэвалюцыі Купала любіў апранацца ў светлае...

Юрый каменціруе хрэстаматыйны фотаздымак маладога Купалы, дзе той - у цёмным касцюме і ў гальштуку ў гарошак:

- Чаму ён тут у цёмным? Хацеў бы сказаць, што гэты здымак - выключэнне, аднак выкажу меркаванне: паэт апрануўся такім чынам спецыяльна для фотапартрэта, для якога, вядома, пажадана, каб чалавек, каго здымаюць, быў у цёмным... Наогул, Янка Купала, безумоўна, быў чалавекам з густам. Не франт - я не люблю гэтае слова: мне адразу бачыцца гэткі "нэпаўскі" стыляга ў касцюме ў палоску. Купала апранаўся яскрава, але ведаў межы. Ведаеце, ён апранаўся як чалавек, каму не трэба штосьці даказваць, адчуванне стылю якога проста ў "крыві"...

Размова робіць ухіл у бок радаводу Паэта.

- Нагадаю, што ў сям'і быў і найцікавейшы герб, галоўным элементам якога была жалезная нага, - распавядае Юрый Саламонаў. - Калісьці даўні продак Купалы, каб выратаваць караля, ахвяраваў уласнай канечнасцю. Як сімвал адданасці яе выяву і змясцілі на родавым гербе. Але Дамініку Ануфрыевічу Луцэвічу, бацьку класіка, так і не ўдалося дачакацца вяртання сямейнага знака...

Увогуле, прасочваючы аблічча народнага паэта па ягоных фотаздымках, можна заўважыць не толькі еўрапейскую элегантнасць класіка літаратуры ці відавочную змену эпохі, што, вядома, праяўляла сябе ў модзе...

/i/content/pi/cult/385/7635/2-5.jpegВось ён - малады рамантык, які ўпэўнена глядзіць наперад, а праз нейкі дзясятак гадоў - стомлены чалавек...

І ў спектаклі мастак-пастаноўшчык імкнуўся перадаць гэтыя жыццёвыя этапы Песняра праз колеры. Малады Купала - у светлым, поўны надзей і памкненняў; у часы змен - у чорным; і напрыканцы зноў - у светлым, але ўжо іншым "светлым"...

- Многія папракаюць наш спекталь у жорсткасці, але ўсе дыялогі ў ім абапіраюццца на рэальныя дакументы, - далучаецца да гутаркі рэжысёр пастаноўкі Святлана Навуменка. - Архіўныя звесткі, пратаколы допытаў Купалы, успаміны яго сучаснікаў, творы самога Паэта... - спектаклю папярэднічала вялікае даследаванне. Прычым магу адзначыць, што сёння гэтыя матэрыялы цалкам адкрытыя для даследчыкаў... У мяне ўзнікла задумка: прасачыць, якім жа чынам пэўныя знакамітыя радкі Купалы звязаны з падзеямі ў яго жыцці. Вынік пераўзышоў усе чаканні...

Вы пытаецеся, да якой эпохі ён належыў? Як спалучаліся ў ім вышэйзгаданы арыстакратызм і ягоная народнасць, прага вызвалення беларусаў ад прыгнёту? Усё проста. Ён быў чалавекам, якому выпала жыць у дзвюх эпохах. Купала, не адмаўляючыся ад сваіх каранёў, жадаў "лепшай долі" для беларусаў. Урэшце, што можа хацець Паэт для свайго народа?!...

Рэжысёр адзначыла, што як сапраўдны рамантык Купала ўвесь час знаходзіўся ў канфлікце з грамадствам, светам, з самім сабой.

- Увесь час імкнуўся да ідэалу. І як той самы рамантык ён, натуральна, не пазбег расчараванняў, - дадае яна. 

Як у каханні, зазначае Святлана Навуменка, значную ролю заўжды адыгрывае ўласна прадчуванне пачуцця, так для Купалы - час прадчування змен быў самым важным і натхняючым. І, магчыма, самым шчаслівым перыядам у жыцці...

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"