"Сон..." у сістэме каардынат

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Янку Купалу ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа сыграў народны артыст краіны Пятро ЛАМАН. І хаця афіцыйна гэтая роля ў спектаклі “Сон на кургане” была пазначана як “Пясняр”, на ўвазе меўся менавіта аўтар паэмы, паводле якой і быў пастаўлены спектакль.

/i/content/pi/cult/385/7633/1-4.jpeg- Гэтая роля, - распавёў Пятро Аляксандравіч, - для мяне вельмі дарагая. Рэжысёр Віталь Баркоўскі ставіў спектакль на Алеся Лабанка. Я ж увёўся ўжо пасля яго заўчаснай смерці... Наш тэатр ехаў на гастролі ў Мінск, і вельмі хацелі паказаць "Сон на кургане". Мне не давялося, зразумела, пагутарыць з Лабанком пра тое, што для яго было самым важным у гэтым вобразе. Адзначу, што ён добра ведаў практычна ўсю творчасць Купалы, і гэта, безумоўна, не магло яму не дапамагчы. Вобраз паэта вельмі блізкі і мне самому. Яшчэ і таму, што я сам займаюся літаратурнай творчасцю. У працы над вобразам Купалы я зыходзіў, ізноў-такі, з яго творчасці. І падсумоўваючы зробленае паэтам, дадаткова пераконваўся, наколькі Купала сучасны - сёння і заўсёды. Ягоная творчасць навучае, найперш, таму, што прыйсці да агульначалавечых каштоўнасцей можна толькі праз нацыянальнае. Любое мастацтва, як і жыццё, - гэта сістэма каардынат, дзе па вертыкалі - мінулае і будучае, а па гарызанталі - я і людзі вакол мяне. Ісціна, як пры пабудове графіка, - на скрыжаванні паказчыкаў па гэтых дзвюх восях...

Янка Купала заўсёды выказваў нацыянальныя пачуцці. І менавіта таму яго творчасць стала агульным здабыткам. Ну а наш спектакль... Я звычайна кажу так. Помнікі Янку Купалу ўсталяваны ў Мінску, Маскве і Нью-Ёрку. Чуў, што ў хуткім часе помнікі Песняру з'явяцца ў Кіеве ды Варшаве. А ўжо колькі вуліц у яго гонар названа - не толькі, дарэчы, у нашых беларускіх гарадах, але і ў шматлікіх расійскіх, украінскіх!.. Помнік жа Янку Купалу ў Віцебску - гэта спектакль "Сон на кургане" нашага тэатра...

Н.Б.