Біяпік, якога... няма

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Калі ж на экране з’явіцца Янка Купала?

 

Адразу пасля заканчэння Міжнароднага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" ў горадзе над Дзвіной распачнуцца здымкі эпізодаў мастацкай стужкі пад рабочай назвай "Міракль пра Шагала", рэжысёрам і сцэнарыстам якой з'яўляецца вядомы расійскі кінематаграфіст Аляксандр Міта. На здымачнай пляцоўцы сустрэнуцца дзве знакавыя для Віцебска персоны Марк Шагал і Казімір Малевіч.

Што і казаць, ідэя стужкі аб часах росквіту віцебскага авангарда ляжала на паверхні, і можна сабе ўявіць, якой увагай, урэшце, гатовая карціна будзе карыстацца ў фестывальных адборшчыкаў ды шараговых гледачоў. Але ў які раз пасля падобнай навіны застаецца прыкры асадак: за стужку пра Шагала, як і пра Малевіча ды іншых знакамітых выхадцаў з Беларусі, маглі б узяцца і нашы кінематаграфісты. Таксама, як і зладзіць ігравыя праекты, прысвечаныя знакавым постацям беларускай гісторыі і культуры, якія даўным-даўно павінны атрымаць экраннае ўвасабленне. Павінны, але дасюль так і не з'явіліся.

Біяграфічныя карціны, або, як іх зараз скарочана называюць, біяпікі (ад англійскага "biopic" - "biographical motion picture"), - з'ява ў свеце кіно даволі распаўсюджаная. З'явіліся яны амаль на досвітку самага папулярнага з мастацтваў і з поспехам скараюць аўдыторыю на розных кантынентах. Прычыны, з якіх стваральнікі фільмаў з відавочным задавальненнем бяруцца за біяграфіі знакамітых асоб, ляжаць на паверхні. Знакамітасці самі па сабе - найлепшая рэклама, і прыхільнікі пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў ці не аўтаматычна завітваюць у глядзельныя залы, гарантуючы прадзюсарам добрую частку касавых збораў.

Гледачы старэйшага пакалення і аматары кіно, канешне ж, добра памятаюць знакамітыя біяграфічныя стужкі 1930-х - 50-х гадоў. Велічнымі карцінамі з жыцця палітычных дзеячаў і культурных постацей мінуўшчыны асабліва праславіліся брытанскія прадзюсары і рэжысёры венгерскага паходжання - браты Аляксандр, Золтан і Вінсент Корда. Менавіта з іхняй студыі ў прыгарадзе Лондана выйшлі добра вядомыя савецкаму гледачу стужкі "Лэдзі Гамільтон", "Прыватнае жыццё Генрыха VIII", "Рэмбрант" ды шэраг іншых, якія не толькі забаўлялі публіку, але і распавядалі пра значныя падзеі брытанскай ды еўрапейскай гісторыі.

Кінатворцы Савецкага Саюза не заставаліся ўбаку: з відавочнай аглядкай на братоў Корда, у Маскве і Ленінградзе здымаліся някепскія, пэўнага ідэалагічнага кірунку, стужкі пра знакамітых дзяржаўных дзеячаў, палкаводцаў, мастакоў і паэтаў. Дастаткова ўзгадаць карціны "савецкага рэжысёра № 1" Сяргея Эйзенштэйна пра Аляксандра Неўскага ды Івана Грознага, экранізацыі аўтабіяграфічнай прозы Максіма Горкага і апакрыфічных біяграфій герояў Грамадзянскай вайны. Яскравы прыклад: нават знакаміты раман Аляксея Талстога "Пётр Першы" вырас з аднайменнага сцэнарыя да стужкі кінастудыі "Ленфильм". А неверагодны акцёрскі поспех Сяргея Бандарчука пачаўся якраз з выканання ім ролі Тараса Шаўчэнкі ў аднайменнай стужцы.

Такім чынам, біяпікаў і раней хапала, прычым найбольшай павагай у літаратурацэнтрычнай краіне карысталіся біяграфіі пісьменнікаў: менавіта апошнія часцей за іншых з'яўляліся на кінаэкране. Але калі азірнуцца на гісторыю беларускага кіно, заўважна, што значных постацей нашай культуры яму заўсёды бракавала.

Самым вядомым выпадкам класічнага біяпіка трэба прызнаць вядомую стужку "Я, Францыск Скарына..." Барыса Сцяпанава па сцэнарыі Мікалая Садковіча. Гэтую, знятую ў 1969 годзе, карціну можна лічыць адной з вяршынь "Беларусьфільма" тых часоў. Але сёння яе часцей пераглядаюць прыхільнікі акцёра Алега Янкоўскага, які выканаў ролю ўсходнеславянскага першадрукара. Успамінаецца таксама біяграфічная драма Віталя Дудзіна "Птушкі без гнёздаў", знятая ўжо ў 1996-м: гісторыя жыцця паэтэсы Ларысы Геніюш. Не ўлічваючы з'яўлення постацей гігантаў беларускай літаратуры Купалы і Коласа ў тэлеспектаклях колькі дзесяцігоддзяў таму, беларускае кіно пакуль не рызыкнула заняцца ўвасабленнем вобразаў айчынных творцаў на экране.

Між тым, ці трэба пачынаць гэта цяпер, а калі так, то ў якой форме?

Некалькі разоў выпадала трымаць у руках напісаныя ў нашы дні сцэнарыі магчымых стужак пра тых жа самых Купалу і Коласа, легендарных постацей больш аддаленага беларускага мінулага. І кожны раз даводзілася здзіўляцца аптымізму аўтараў, якія апісвалі сваіх герояў так сама, як і ў часы сацрэалізму - выключна аднымі і тымі ж "светлымі" фарбамі, - ды спадзяваліся пры гэтым на поспех у аўдыторыі, што вырасла на "Зорных войнах". Ні ў якім разе не заклікаю драматургаў шукаць кепскае ў характарах сваіх герояў. Але, безумоўна, на іх трэба паглядзець крыху іншымі вачыма.

Вядома, што самыя лепшыя біяпікі наогул ніколі не з'яўляліся дакладным апісаннем біяграфій гістарычных персон, а ўяўлялі з сябе мастацкія версіі пэўных падзей, якія маглі б з імі адбывацца. Сучасныя аўтары пайшлі яшчэ далей і папросту выкарыстоўваюць герояў мінулага ў якасці персанажаў маскульту, з якімі можна рабіць усё, на што хопіць фантазіі. Прынамсі, серыял-меладрама пра асабістае жыццё беларускіх пісьменнікаў абавязкова прыцягнуў бы ўвагу жаночай аўдыторыі: узгадаем розгалас вакол напісанага папулярнай мовай даследавання "Донжуанскі спіс Караткевіча" маладога літаратара і журналіста Дзяніса Марціновіча... А ці быў бы залішнім у юбілейны год дакументальны тэлевізійны цыкл пра Купалу і Коласа, створаны ў стылі знакамітых праектаў расійскага журналіста Леаніда Парфёнава? Дарэчы, украінскае тэлебачанне некалькі гадоў таму зрабіла падобны серыял пра Тараса Шаўчэнку, які прайшоў з поспехам, у тым ліку, па беларускіх экранах.

Карацей, варыянтаў хапае, і рэдакцыя "К" абяцае яшчэ вярнуцца да гэтай тэмы. Спадзяёмся і на зацікаўленую рэакцыю нашых чытачоў. Як вы мяркуеце, якія постаці беларускай культуры заслугоўваюць экраннага ўвасаблення перш за ўсё?