Для Крэўскага

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Днямі ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага савета Дугі Струвэ.

 

Прысутны на мерапрыемстве начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі зазначыў, што да кансервацыі фрагментаў Крэўскага замка плануецца прыступіць у 2013 годзе.

Па словах Ігара Чарняўскага, сёння рыхтуецца праектная дакументацыя на кансервацыю гэтага знакавага помніка спадчыны. Пад саму кансервацыю плануецца выдаткаваць каля 5 мільярдаў рублёў. Таксама разглядаецца магчымасць аднаўлення княжацкай вежы Крэўскага замка. У гэтым выпадку аб'ём выдаткаў можа значна ўзрасці.

Прадстаўнік Міністэрства культуры краіны адзначыў, што плануецца закансерваваць таксама Гальшанскі і Быхаўскі замкі, прычым у выпадку з'яўлення інвестара апошні аб'ект можа быць і рэканструяваны. На рэканструкцыі сёння знаходзіцца Лідскі замак, нагадаў Ігар Чарняўскі. А яшчэ бліжэйшым часам у Беларусі плануецца аднавіць замак у Гродне.

Усе гэтыя работы, на думку Ігара Чарняўскага, дазволяць павялічыць цікавасць да гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны з боку як айчынных, так і замежных турыстаў.