Геаграфія “Беларусі”

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Радыёстанцыя “Беларусь”, што працуе для замежнага слухача, сёлета адзначыла 50-годдзе ў эфіры.

 

Да гэтай падзеі рэдакцыя разам з Беларускім таварыствам дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі зладзіла для замежных слухачоў конкурс "Адкрый для сябе Беларусь!". Яго вынікам была прысвечана прэс-канферэнцыя.

Радыё "Беларусь" вяшчае на сямі мовах, і ўсе яны былі задзейнічаны ў акцыі "Адкрый для сябе Беларусь!". Конкурс праводзіўся ў чатыры туры. У кожным - пяць пытанняў. Слухачам прапаноўваліся пытанні па гісторыі і культуры Беларусі, пра сацыяльную палітыку нашай дзяржавы, пра помнікі дойлідства і спорт. Чацвёрты тур цалкам быў прысвечаны сёлетнім юбілярам Янку Купалу і Якубу Коласу.

Усяго на радыё прыйшло больш за 150 лістоў з адказамі. Арганізатараў конкурсу здзівіла тая акалічнасць, што найбольшую цікавасць праявілі не толькі нашы колішнія суайчыннікі па СССР ды жыхары славянскіх краін, але і немцы, англічане, грамадзяне Індыі і Бангладэш... Дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч лічыць, што тут адыграла ролю наяўнасць на постсавецкай і постсацыялістычнай прасторы стэрэатыпных уяўленняў пра Беларусь, і каб іх разбурыць, трэба прыкласці шмат намаганняў.

І месца на конкурсе занялі прадстаўнікі ФРГ і Польшчы, ІІ-е - Трынідада і Табага ды Францыі, ІІІ-е - Нігерыі і Марока. Радыё "Беларусь" мае намер запрасіць іх у нашу краіну пад час святкавання Дня пісьменства.

Кажучы пра плён конкурсу, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч адзначыў, што падобная інтэрактыўная акцыя мусіць мець працяг. "Увогуле трэба скарыстоўваць любую нагоду - культурную, эканамічную, спартыўную, - каб прагучала імя "Беларусь".

На перспектыву радыё "Беларусь" плануе асветніцкую праграму "Славутыя імёны Бацькаўшчыны". Ёсць спадзяванні, што яна будзе мець добры розгалас.

П.В.