Купалялё!

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Хутка Купалле, а значыць, Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г.Цітовіча апынецца ў цэнтры падзей. Бо як жа без яго песні спяваць ды вяночкі пускаць?

/i/content/pi/cult/384/7620/1-1.jpg- Сапраўды, - усміхаецца мастацкі кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі, прафесар Міхась Дрынеўскі, - купальскі перыяд для нас - адзін з самых шчыльных па канцэртным графіку. І гэта толькі радуе! Значыць, вяртаюцца, папулярызуюцца нашы беларускія абрады, народныя песні, што складаюць самыя запаветныя набыткі нацыянальнай спадчыны. Купалле святкуюць розныя славянскія народы, але ва ўсіх ёсць нейкія асаблівасці. Таму выступленнямі свайго калектыву мы імкнёмся выявіць і падкрэсліць беларускасць нашага свята, душу народа, што выяўляецца ў песнях.

Так, 6 ліпеня мы едзем у Мірскі замак. Спачатку планавалася, што выступленне будзе доўжыцца там амаль гадзіну, а потым арганізатары папрасілі паўтары. Да свята рыхтуем "Купальскую сюіту", працягласцю больш як паўгадзіны. Будзем не толькі спяваць, але і вяночкі на ваду пускаць. Таму выедзем раней, каб паспець агледзецца на мясцовасці і добра зрэжысіраваць сваё выступленне. А 7 ліпеня ў нас ажно два канцэрты. Дзённы - у Вязынцы. Там мы выходзім тройчы, штораз - з некалькімі кампазіцыямі. Спачатку, адразу пасля ўрачыстых прамоў, спяваем купальскія песні, водзім карагоды. Другі наш выхад - з творамі на вершы Янкі Купалы. Ну а пасля свайго трэцяга выхаду мы адразу рушым у Мядзел, бо ўвечары ў нас там сольны канцэрт - у рамках юбілейнага, 60-га па ліку, Абласнога фестывалю харавога мастацтва "Спеўнае поле". Добра, што на Мядзельшчыне падтрымліваюць гэтую традыцыю. Можа, з часам такое "Спеўнае поле" стане рэспубліканскім, папраўдзе ўсенародным праектам, як, да прыкладу, у нашых прыбалтыйскіх суседзяў?..

Н.Б.