Французскія тканіны на слуцкі лад на слуцкі лад

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Аддзел навукова-асветніцкай працы Нацыянальнага мастацкага музея на працягу многіх гадоў удала займаецца рэкламай, маркетынгам, выставамі, асветніцкай працай. Аднак для загадчыка аддзела Ірыны Скварцовай кола навуковых інтарэсаў не абмяжоўваецца музейнай педагогікай і асветніцкімі праграмамі. Яна вядзе навуковыя распрацоўкі ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а менавіта мастацкіх тканін Беларусі перш за ўсё XVIII стагоддзя. Дзве стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, якія Ірына Мікалаеўна атрымала падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў і аспірантуры, дазволілі ёй працаваць у фондах музеяў Кракава пад непасрэдным кіраўніцтвам мясцовых спецыялістаў. Лагічным завяршэннем напружанай працы стала абароненая ў 2003 годзе кандыдацкая дысертацыя па тэме “Мастацтва мануфактурных тканін Беларусі XVIII-XIX стагоддзяў: праблемы самабытнасці і мастацкай адметнасці”. Пра навуковыя дасягненні, сучасныя праблемы мастацтвазнаўства, а таксама пра маючы адбыцца I з’езд вучоных Беларусі, на які дэлегавана Ірына Скварцова, мы і павялі нашу размову.

 /i/content/pi/cult/134/762/SlPajasy1.jpg
— Якую задачу вы ставілі перад сабой падчас працы над дысертацыяй?
— Перш за ўсё разабрацца ў адметнасцях слуцкіх паясоў —найвядомых тканін, якія, аднак, выклікаюць больш пытанняў, чым адказаў. Для большасці людзей звесткі пра гэтыя перліны беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, роўных якім пакуль няма і не было, у асноўным ідуць ад знакамітага верша Максіма Багдановіча — цудоўнай паэтычнай выдумкі.
Мала хто ўспомніць, што поруч са Слуцкай у тую пару існавала шмат іншых мануфактур, напрыклад, Пружанская, Гродзенская, Слонімская. Пэўныя знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Польшчы — у Кракаве, Варшаве, Ляўкове, Кабылках. Яны, безумоўна, патрабуюць пільнай увагі і вывучэння. Вось ужо некалькі гадоў я займаюся манаграфіяй аб слуцкіх паясах.
— Наколькі запатрабаваны на практыцы такія распрацоўкі?
— Далейшая праца скіравана на тое, кааб апрацаваць фонды беларускіх музеяў. У нашай краіне колькасць паясоў абмежаваная, захаваліся невялікія фрагменты. Гэта — грандыёзны пласт, які вымагае не толькі апісання, але часам і атрыбуцыі. Здараецца так, што музеі не ведаюць, якую каштоўнасць яны захоўваюць у фондах, не маюць адпаведных звестак і проста кампетэнцыі, каб дакладна вызначыць, з якой мануфактуры ў іх пояс. Напрыклад, адным з вынікаў працы сталася тое, што мы знайшлі ў зборах сталічных музеяў ліёнскія паясы. Справа ў тым, што напрыканцы XVIII стагоддзя слуцкія паясы сталі вельмі папулярнымі, і запоўніць рынак прадукцыяй са Слуцка было проста немагчыма фізічна. І тады некаторыя купцы сталі звяртацца на іншыя прадпрыемствы з заказам на выраб паясоў па ўзоры слуцкіх. Вядома, што такія паясы вырабляліся ў Францыі. Мы прыклалі шмат высілкаў, каб вызначыць, якая гэта была мануфактура, хто на ёй размяшчаў заказы, чым яны адрозніваліся ад легендарнага правобраза. На сённяшні дзень мне ўдалося вызначыць тры паясы, якія з’яўляюцца цудоўна зробленымі — не хочацца гаварыць “падробленымі” — ліёнскімі паясамі. Адзін знаходзіцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі навук, другі — у пастаяннай экспазіцыі нашага музея, трэці — у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.
 /i/content/pi/cult/134/762/SlPajasy2.jpg

Здараласяі такое, што паясы разразаліся. Потым часткі траплялі ў розныя музеі. Напрыклад, у нас ёсць цудоўны арнат, у які ўшыты слуцкі пояс, аднак на апошнім адсутнічае пазнака. І вось падчас працы ў Музеі гісторыі і культуры я знайшла другую частку ад яго, прычым на тым фрагменце захавалася метка. А ў Магілёве пашчасціла выявіць найпрыгажэйшы пояс, што быў вытканы ў гады росквіту Слуцкай мануфактуры. Такім чынам, праведзеныя атрыбуцыі дазваляюць уводзіць у навуковы абарот творы, якія да таго часу толькі беражліва захоўваліся ў фондах. Да таго ж, дакладныя веды дазваляюць звузіць часавыя рамкі для таго ці іншага экспаната, гаварыць не проста аб другой палове XVIII стагоддзя, а дакладна называць гады: сямідзесятыя, васьмідзесятыя і гэтак далей. Нашыя напрацоўкі дапамагаюць іншым спецыялістам. Возьмем выявы паясоў на партрэтах: датаванне пояса дазваляе сказаць, што палатно было выканана не раней таго або іншага года.
Вялікую ролю адыграла выстаўка слуцкіх паясоў, якая праходзіла ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, куды мяне запрасілі ў якасці навуковага кансультанта. Пасля выстаўкі мы з калегай з гэтага музея Ірынай Зварыка зрабілі навуковы каталог, які, на жаль, пакуль не выдадзены. У ім пададзена некалькі навуковых атрыбуцый, зафіксавана шмат навуковых адкрыццяў. У каталогу прыведзены мой артыкул тыпізацыі паясоў па асноўных элементах дэкору, што былі характэрныя для Слуцкай мануфактуры ў пэўныя перыяды. Такая тыпізацыя дазваляе праводзіць атрыбуцыю тканіны, калі няма метак ці ў рукі трапляе маленькі фрагмент. Я вельмі ўдзячная нашым археолагам, асабліва Алегу Вільгельмавічу Іову. Ён заўсёды дае мне магчымасць папрацаваць са знаходкамі з раскопак. Бывае, не адразу нават зразумееш, колькі паясоў перад табой, бо ў мяшку — адныя лапікі. Гэта ж так цікава, бо кожны маленькі кавалачак гісторыі пашырае навуковае спазнанне.
— Аднак усё часцей чуеш выказванні, маўляў, нашыя навукоўцы, асабліва гуманітарыі, адстаюць на дзесяцігоддзі ад Захаду, за мяжой іх даследаванні не знаходзяць водгуку. Наколькі вы згодны з гэтым?
— Не пагаджуся! Айчынныя даследаванні дапаўняюць і ўзбагачаюцьпрацы і вучоных Расіі, і заходніх калег. Давайце зірнем у корань праблемы. На жаль, у нас не заўсёды ёсць пад рукамі неабходнае абсталяванне, не заўсёды мы маем магчымасць вольна перамяшчацца — зашмат банальных фінансавых праблем. Напрыклад, трэба накіравацца ў Расію, каб паглядзець збор Гістарычнага музея ў Маскве. Так, я магу паехаць за свой кошт, за кошт свайго мужа, сям’і. На жаль, музей не ў стане прапанаваць супрацоўнікам навуковыя камандзіроўкі ў неабходным аб’ёме, бо грошы, якія штогод на іх выдаткоўваюцца, невялікія, іх хапае ў лепшым выпадку на аднаго-двух супрацоўнікаў. Астатнім наканавана самастойна шукаць сродкі або чакаць. Адна справа — спісвацца з людзьмі па Інтэрнеце, перасылаць праз сетку фотаздымкі, не ведаючы, калі супрацоўнік таго музея знойдзе час табе адказаць. І зусім іншая — асабісты кантакт, калі ёсць магчымасць бачыць, распытваць, параўноўваць. Гэтыя акалічнасці вельмі стрымліваюць навуковы працэс, моцна адбіваюцца на агульным навуковым узроўні.Хочацца адзначыць яшчэ адзін момант.Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства адносна маладое, бо з’явілася дзесьці ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, таму і гаварыць пра сур’ёзную мастацтвазнаўчую школу ранавата. Нягледзячы на тое, што Акадэмія мастацтваў, Беларускі універсітэт культуры і іншыя адукацыйныя ўстановы рэгулярна выпускаюць мастацтвазнаўцаў, такой айчыннай школы, якая б дужэла і расла кожны дзень, я, на жаль, не назіраю.
Хаця і хацелася б памыляцца. У гэтым плане даследчыкам выяўленчага мастацтва на Захадзе некалькі лягчэй. Там і школа мастацтвазнаўства фарміруецца стагоддзямі, ды над адной праблемай у цесным кантакце працуе цэлая плеяда даследчыкаў. Так праблема ўсебакова асвятляецца, бо аднаму вучонаму немагчыма ахапіць усё ў цэлым.
Часам вельмі важна адчуваць, што ўсё, што ты робіш, для чагосьці патрэбна. А таму, нават калі з’езд і не вырашыць адразу набалелыя праблемы, фінансавыя пытанні, ён дапаможа вучоным упэўніцца ў сваёй асабістай рабоце, стане стымулам для далейшых даследаванняў.

Гутарыла Настасся ПАНКРАТАВА.