Рэжысёры — наша ўсё!

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

ХХІ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, што пройдзе 12 — 18 ліпеня, сабраў сталічных журналістаў на чарговую прэс-канферэнцыю, прысвечаную падрыхтоўцы гэтага буйнога форуму.

/i/content/pi/cult/384/7619/2-5.jpeg

У сустрэчы прынялі ўдзел першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі і кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Сяргей Забалоцец. Сёлета фестываль "каштуе" амаль 30 мільярдаў беларускіх рублёў, прыблізна палова з іх - пазабюджэтныя сродкі. Пятая частка ўсяго фінансавання прыпадае на Саюзную дзяржаву, з гэтых грошай больш за 9 мільёнаў расійскіх рублёў складае доля Расіі, больш за 15 мільёнаў, таксама ў расійскіх, - доля Беларусі.

Пашырыцца сёлета і культурная праграма Дня Саюзнай дзяржавы на фестывалі, ахапіўшы нават дзятву. Будуць падведзены вынікі конкурсу юных мастакоў "Саюзная дзяржава - наш агульны дом", пройдзе майстар-клас для юных журналістаў. У Горадзе майстроў адбудзецца сумесны праект "Букет для славянкі". А ўвечары ў Летнім амфітэатры выступіць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам, які, дарэчы, у 2008 годзе быў адзначаны прэміяй Саюзнай дзяржавы. Сёлетнімі ж лаўрэатамі гэтай прэміі стануць беларускі мастак Георгій Паплаўскі і расійскі паэт Глеб Гарбоўскі. Паводле традыцыі, іх ушанаванне таксама адбудзецца на фестывалі.

Куды больш шырокі разгорт атрымае Дзень моладзі, мерапрыемствы якога рыхтуе БРСМ. Моладзь на фестывалі - увогуле тэма для асобнай гутаркі. Бо сёлета, дарэчы, больш моладзі будзе не толькі сярод артыстаў, але і сярод рэжысёраў. Да таго ж, узяты курс на беларускую рэжысуру! Некаторы час таму Міністэрства культуры Беларусі нават аб'яўляла конкурс на лепшыя рэжысёрскія ідэі ды распрацоўкі фестывальных праграм. Аднак, як заўважыў Уладзімір Карачэўскі, апошні не прынёс таго плёну, на які разлічвалі, таму пошук і адбор рэжысёраў, што здзейснілі б фестывальныя праекты, праводзіўся на аснове іх былых работ. Сярод ранейшых удзельнікаў фестывалю перавагу аддавалі тым, хто "рабіў перапынак": маўляў, ідэям, каб выспець, таксама патрэбны час, таму наўрад ці мэтазгодна патрабаваць ад рэжысёра штогод па фестывальным шэдэўры.

Канцэрт адкрыцця ставіць Вячаслаў Панін, закрыцця - Ніна Осіпава. Канцэрт Дня Беларусі ўсклалі на Вераніку Янушэўскую, сярод нядаўніх работ якой - адкрыццё кінафестывалю "Лістапад". Конкурс маладых выканаўцаў "Віцебск-2012" зрэжысіруе Іван Дзяшко (ён родам з Віцебска, цяпер працуе ў Санкт-Пецярбургу, а ў рэжысёрска-пастановачнай групе "Славянскага базару..." быў заняты з 1997-га). Дзіцячы ж конкурс, як і летась, - Ірына Коўлена. Так што сёлетні фэст стане яшчэ і парадам нашых рэжысёраў.

Н.Б.