Купальскі карагод Александрыі

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

6 ліпеня ў культурнай праграме Рэспубліканскага свята ў Александрыі запланаваны “Горад майстроў”, гала-канцэрт “Славянскі карагод на Купальскім свяце”. А 7 ліпеня на сцэне пад адкрытым небам — выступленні аматарскіх калектываў з усіх раёнаў Магілёўшчыны.

/i/content/pi/cult/384/7615/1-4.jpegЯк ужо паведамляла "К", 6 - 7 ліпеня ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці пройдзе традыцыйнае Рэспубліканскае свята "Александрыя збірае сяброў".

Навіны, датычныя маштабнага мерапрыемства, паведаміла "К" намеснік начальніка аддзела мастацтваў і культурна-асветніцкай работы ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Валянціна Клепчукова. Паводле яе слоў, 6 ліпеня ў культурнай праграме Рэспубліканскага свята запланаваны ўдзел майстроў народнай творчасці, якія прадставяць свае вырабы ў традыцыйным "Горадзе майстроў". Таксама гэтым днём адбудзецца гала-канцэрт "Славянскі карагод на Купальскім свяце". У ім прымуць удзел не толькі творчыя калектывы з усіх куткоў Беларусі, а і з суседніх абласцей Расіі ды Украіны.

Пасля запланавана правядзенне святочна-абрадавай праграмы "Купальская казка", дзе свае напрацоўкі на суд гледачам прадставяць аўтэнтычныя фальклорныя і этнаграфічныя калектывы Магілёўскай вобласці. Таксама цягам двух дзён для гасцей свята будуць працаваць шматлікія кніжныя выстаўкі ды кропкі харчавання.

Наступным днём, 7 ліпеня, на сцэнічнай пляцоўцы пад адкрытым небам запланаваны выступленні шматлікіх аматарскіх калектываў з усіх раёнаў Магілёўшчыны ў святочным канцэрце "Купальскі карагод сяброў". А напрыканцы маштабнага форуму, дзе, па словах Валянціны Клепчуковай, будзе задзейнічана звыш трох тысяч артыстаў з Беларусі, Расіі і Украіны, адбудзецца канцэрт майстроў айчыннай эстрады.