Гасцяванне ў Орды

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

3 ліпеня ў старадаўнім Іванаве Брэсцкай вобласці адбудзецца чарговы, шосты па ліку, мастацкі праект “Гасцёўня Напалеона Орды”.

У ім прыме ўдзел Заслужаны калектыў краіны "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь" пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга.

Па словах начальніка аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзіміра Шэляговіча, мерапрыемства запланавана правесці не толькі ў Іванаве, а і ў шэрагу сельскіх устаноў культуры раёна. У прыватнасці, артысты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра наведаюць два аграгарадкі - "Моладава" і "Псышчава" - ды выступяць на сцэнах мясцовых сельскіх дамоў культуры.

А ў другой палове дня аркестр сыграе на вялікай канцэртнай сцэне, што размесціцца ў цэнтры Іванава. Па словах кіраўніка сферы раённай культуры, цяпер па ўсім горадзе развешаны рэкламныя плакаты і банеры, дзе паведамляецца пра будучае знакавае мерапрыемства. Летась на канцэрце, зладжаным у Іванаве, прысутнічала прыкладна дзве тысячы чалавек, таму і сёлета, перакананы Уладзімір Шэляговіч, ахвотных наведаць канцэрт знакамітага творчага калектыву пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга будзе дастаткова.