У гонар Савіцкага

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

28 чэрвеня ў Мінску на фасадзе дома № 17 па вуліцы Беламорская адкрылася мемарыяльная дошка Герою Беларусі, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, народнаму мастаку СССР і БССР, акадэміку Расійскай акадэміі мастацтваў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Ганароваму грамадзяніну горада Мінска Міхаілу Андрэевічу Савіцкаму.

/i/content/pi/cult/384/7613/1-3.jpegМастацтва і лёс гэтага чалавека сапраўды ўнікальныя. На працягу яго творчага жыцця, пачынаючы з канца 1950-х і да яго самых апошніх дзён, кожная карціна станавілася падзеяй у культурнай палітры краіны. І словы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі: "Яго талент - бясцэнны набытак беларускага народа", - найлепшым чынам характарызуюць Савіцкага як мастака, грамадзяніна, патрыёта, чалавека.

Бронзавая мемарыяльная дошка, выкананая Валянцінам Занковічам, - гэта сімволіка-алегарычная кампазіцыя: без традыцыйнага ў такіх выпадках партрэта, але з адлюстраваннем любімых прадметаў мастака - палітрай з сярпом і молатам ды пэндзлямі, з фрагментам вечнай жыццёвай "раны" былога вязня фашысцкіх канцлагераў - калючага дроту...

На адкрыцці "міні-помніка" выступілі намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, старшыня творчай серыі "Традыцыя" БСМ Уладзімір Уродніч, дырэктар Музея гісторыі Мінска Галіна Ладзісава. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел намеснік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска Людміла Шыпай і начальнік аддзела культуры гэтай жа адміністрацыі Дзмітрый Магілеўскі.