Урачыстасці Дня Незалежнасці
Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дню Рэспублікі), распачнуцца ў Мінску сёння, 30 чэрвеня.
Як паведаміў на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі, на пляцоўцы каля Палаца спорту разгорнецца кірмаш-продаж вырабаў народнага і сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў горада Мінска і Мінскай вобласці пад назвай "Ліпеньскі млын". "Горад майстроў", дзе таксама арганізуюць гандаль сталічныя прадпрыемствы, будзе працаваць цягам двух дзён, уключна да 1 ліпеня.
А ўжо 2 ліпеня ў Палацы Рэспублікі адбудзецца канцэрт майстроў мастацтваў. Па словах Уладзіміра Карачэўскага, гасцей мерапрыемства чакае сучаснае маладзёжнае шоу. Канцэрт, у якім плануецца ўдзел шматлікіх маладзёжных выканаўцаў і калектываў, складаецца з некалькіх тэматычных блокаў. А перад самім яго пачаткам запрошаных гасцей павітаюць урачыстымі віншаваннямі прадстаўнікі абласных ды некаторых раённых гарадоў Беларусі.
Вечарам гэтага ж дня, у 22.50, адбудзецца ўскладанне кветак да манумента Перамогі. У мерапрыемстве прымуць удзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі маладзёжных арганізацый, рота і аркестр Ганаровай варты, Дзяржаўны ансамбль танца ды, натуральна, усе ахвотныя.
А самая насычаная святочнымі мерапрыемствамі праграма чакае мінчан і гасцей беларускай сталіцы 3 ліпеня. Паводле традыцыі, а 12-й адбудзецца ваенны парад, які пасля пяройдзе ва ўрачыстае спартыўна-маладзёжнае шэсце. Сёлета, дарэчы, гэтая акцыя прысвечана аднаму з галоўных спартыўных мерапрыемстваў года - XXX Алімпійскім гульням, што распачнуцца неўзабаве ў Лондане. Завершыцца шэсце своеасаблівым спартыўным балем і вынасам Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, гэтым днём на пляцоўцы каля Палаца спорту адбудзецца святочны канцэрт лепшых творчых калектываў і выканаўцаў.
Усяго ж, як зазначыў пад час прэс-канферэнцыі Уладзімір Карачэўскі, у Мінску гэтым днём пройдзе амаль 40 мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня Незалежнасці Беларусі.
Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА