Хто ён, вядомы і невядомы ЭЛЬ?

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Эль Лісіцкі — у разрэзе нашай сучаснасці

/i/content/pi/cult/384/7609/2-3.jpg...І тут надыходзіць бурлівая і непрадказальная рэвалюцыйная восень 1917 года.

"Для творчасці нашага пакалення Кастрычнік быў першай маладосцю", - шчыра пісаў потым Эль Лісіцкі. І - з галавой акунуўся ў рэвалюцыю, бо верыў, што прыйшоў ягоны час як мастака. І такім укладам яго ў гэтую рэвалюцыю ў красавіку 1918 года з'явіліся рэалізаваныя праекты першага сцяга Усерасійскага Цэнтральнага выканкама і плаката для Палітупраўлення Заходняга фронту, а таксама праца ў аддзеле ИЗО Народнага камісарыята асветы. Але ўжо на пачатку 1919-га - Лісіцкі - у Кіеве. Масква становіцца для яго цеснай. Аднак і ў Кіеве ён доўга не пратрымаўся: праз чатыры месяцы, у маі, стары сябра Марк Шагал паклікаў яго ў Віцебск, каб прапанаваць пасаду кіраўніка архітэктурнай майстэрні і майстэрні друкаванай графікі ў Народнай мастацкай школе, якую Марк Захаравіч, як вядома, стварыў уласнымі рукамі. Так пачалося новае жыццё Лазара Лісіцкага ў гэтым горадзе на Заходняй Дзвіне, жыццё, што кардынальна змяніла на доўгія гады яго творчы лёс...

Адразу па прыездзе ў Віцебск ён прыняў удзел у конкурсе на дэкарацыі народных тэатраў, і 30 мая атрымаў прэмію за нейкі эскіз заслоны. Такую ж прэмію атрымалі тады Я.Цільберг, В.Ермалаева і С.Юдовін, пра што паведаміла газета "Витебский листок". Другую згадку пра імя Лісіцкага ў мясцовай прэсе можна знайсці ў газеце "Известия Вит. губ. Совета крест., раб., красноарм. и батрацк. деп." № 156 ад 16 ліпеня 1919 г.: "Да пачатку вучэбнага года ў Мастацкім вучылішчы пашыраюцца майстэрні прыкладных мастацтваў. Акрамя аддзялення рукадзелля, пераплёту, цацак пачнуць функцыянаваць майстэрні графікі і архітэктуры. Кіраўніком запрошаны мастак-архітэктар Л.Лісіцкі". Праз два тыдні тая ж газета напісала, што завяршаецца падрыхтоўка абсталявання для гэтых майстэрняў, і "гэта дае магчымасць выканаць шэраг задач для ўсіх таварышаў наборшчыкаў, літографаў, усіх блізкіх друкарскай справе для сумеснай працы над вызначэннем новых дасягненняў пры дапамозе толькі аднаго друкарскага матэрыялу. У архітэктурнай майстэрні ўдзельнікам прадастаўляецца магчымасць азнаёміцца з асноўнымі метадамі і сістэмамі архітэктуры ды навучыцца графічнаму і пластычнаму (у працы над мадэлямі) выяўленню будаўнічых задум. Кіраваць майстэрнямі запрошаны Лазар Лісіцкі, які будзе ў шэрагу лекцый знаёміць слухачоў з усімі тэарэтычнымі і гістарычнымі пытаннямі, што звязаны з работай майстэрняў".../i/content/pi/cult/384/7609/2-2.jpg

16 жніўня ў часопісе "Школа и революция" Лісіцкі друкуе артыкул пад назвай "Новая культура", дзе піша: 
"...Камуністычная сістэма жыцця грамадства стварае новага чалавека - з маленькага, нікчэмнага кола машыны ён ператварыўся ў яе капітана, рулявога. Тое ж адбудзецца і з мастацтвам". А далей пералічвае канкрэтныя задачы, што ставяць сабе майстэрні архітэктуры і графікі, ды падрабязна аналізуе праблему стварэння кнігі. І тут я хачу прывесці вельмі цікавы фрагмент гэтага артыкула, які датычыцца менавіта кнігі: 
"...Мы зараз зусім не маем кнігі як формы, якая адпавядала б яе зместу. Кніга ж зараз усё. Яна стала ў наш час тым, чым калісьці быў храм, з яго фрэскамі і вітражамі (каляровымі вокнамі), чым былі палацы і музеі, куды людзі прыходзілі глядзець і спасцігаць. Кніга стала манументам сучаснасці, але, у адрозненне ад старога манументальнага мастацтва, яна сама ідзе ў народ, а не стаіць, як храм, на месцы ў чаканні, пакуль да яго не прыйдуць. І вось кніга чакае ад сучаснага мастака, каб ён стварыў з яе гэты манумент будучыні. Ён павінен узяць на сябе гэтую работу, і тут ён вымушаны будзе кінуць свае старыя інструменцікі, пёркі, пэндзлікі, палітрачкі ды ўзяцца за разец, за штыхель, за свінцовую армію набору, за ратацыйную машыну. І ўсё гэта паслухмяна закруціцца ў ягоных руках і народзіць яму твор не ў адным экзэмпляры, не ўнікум для аматара-мецэната, а тысячы тысяч аднолькавых арыгіналаў для ўсіх: хто смагне - той спаталяецца. Вось некаторыя з задач, якія ставяць сабе майстэрні архітэктуры і графікі Віцебскіх дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрняў..."

/i/content/pi/cult/384/7609/2-1.jpegІ 30 жніўня, за два дні да пачатку заняткаў у вучылішчы, Лісіцкі сабраў сваіх вучняў і паставіў перад імі задачу: знайсці новы "дух", што "павінен быць гнуткім, глыбокім і шырокім". А знаёмства з галоўнымі архітэктурнымі прынцыпамі (тэктоніка) у гэтым дапаможа. Бо тэктоніка, на погляд Лісіцкага, - падмурак для ўсіх мастацтваў, які "прыводзіць хаос у парадак, у мэтазгоднасць, у рытм". Дарэчы, да гэтага часу ў вольную майстэрню жывапісу (М.Шагал), дзве рысавальна-жывапісныя майстэрні (В.Ермалаева і Ю.Пэн), майстэрню графікі і архітэктуры (Л.Лісіцкі) майстэрню прыкладных мастацтваў (Казлінская), падрыхтоўчую майстэрню (Н.Коган), скульптурную майстэрню (Д.Якерсон) і скульптурную фармовачную майстэрню (Ліздош) было запісана - цяжка паверыць! - 600 чалавек. Праўда, праз пару месяцаў з гэтага ліку засталася толькі палова вучняў...

На пачатку лістапада 1919 года Лісіцкі запрашае ў Віцебск "мастака-футурыста" Казіміра Малевіча, з якім ён раней працаваў у Маскве ў мастацкім аддзеле Савета салдацкіх дэпутатаў. Як усё гэта адбылося? Пытанне цікавае. На гэты конт існуюць розныя версіі, але я прытрымліваюся наступнай. У кастрычніку таго ж года Лісіцкі прыязджае ў Маскву для "выбівання" тэхнічнага абсталявання і матэрыялаў для сваёй майстэрні графікі і друку. Ён атрымлівае станкі, паперу, фарбы, літаграфскія камяні. Даты атрымання - 17, 22, 30 кастрычніка. 29-м кастрычніка датаваны і першы віцебскі дакумент Казіміра Малевіча, які дазваляе дакладна ўстанавіць час і прычыну яго прыезду ў гэты горад: "У Савет 2-х Дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрняў Галоўнага майстра Казіміра Севярынавіча Малевіча заява. Нягледзячы на ўсё маё жаданне працаваць у майстэрнях (маскоўскіх. - Б.К.), але, не маючы ні кватэры (жыву ў халоднай дачы), ні дроў, ні святла, вымушаны прыняць прапанову Віцебскіх майстэрняў, што прадаставілі мне ўсе ўмовы для жыцця і працы, і кінуць работу ў Маскве. К.Малевіч. P.S. Прашу Савет зрабіць са мной поўны разлік як заробку, так і розніцы, апошняе прашу выслаць на адрас: Віцебск, Бухарынская, 10, Вольныя мастацкія майстэрні. Мне. 29 кастрычніка 1919 г.".

Вядома ж, тут ёсць прамая сувязь паміж камандзіроўкай Лісіцкага ў Маскву і ад'ездам Малевіча ў Віцебск: ініцыятыва запрашэння аўтара "Чорнага квадрата" зыходзіла ад Лісіцкага, і дырэктар вучылішча Марк Шагал, які лаяльна ставіўся да любой "інавацыі", адобрыў і гэтую. Для Малевіча важнай акалічнасцю на карысць пераезду ў Віцебск была магчымасць, нарэшце, атрымаць выйсце ў друк - абсталяванне ды папера, атрыманыя Лісіцкім, гарантавалі станоўчы вынік. І ўжо праз колькі тыдняў пасля прыезду, у снежні, брашура "Пра новыя сістэмы ў мастацтве" была надрукавана літаграфскім спосабам немалым для таго часу накладам - у тысячу асобнікаў. Са з'яўленнем 5 лістапада Малевіча ў Віцебску распачынаецца адзін з самых выдатных педагагічных эксперыментаў паслякастрычніцкай эпохі. Апынуўшыся твар у твар з моладдзю, апантанай мастацтвам ды пазбаўленай усялякіх мастацкіх забабонаў, ён аддаў выкладанню ўсяго сябе.

Падкрэслю, у той час па ўсёй Расіі ішла жорсткая Грамадзянская вайна. Людзі пакутавалі ад голаду і холаду, гінулі тысячамі ад куль ды шабельных удараў чырвоных і белых, і толькі Віцебшчына і Віцебск, куды не дайшла чорная хваля братазабойчай вайны, і дзе можна было адносна сытна жыць ды свабодна ствараць, заставаліся спакойнымі. Яшчэ да Малевіча тут ужо атабарыліся М.Дабужынскі, В.Ермалаева, Н.Коган, Я.Цільберг, І.Пуні з жонкай К.Багуслаўскай, Н.Любавіна, А.Бразер... І так здарылася, што Лісіцкі, які яшчэ зусім нядаўна знаходзіўся пад абаяннем шагалаўскай паэтыкі і быў абавязаны Шагалу тым, што сам апынуўся ў Віцебску, стаў заўзятым адэптам новых радыкальных ідэй Малевіча - тых ідэй, якія і сёння многімі ўспрымаюцца вельмі негатыўна.

Так, аднойчы сумна вядомы пецярбургскі тэлерэпарцёр (і выдатны знаўца коней) Аляксандр Няўзораў адкрыта заявіў: "Цемрашал сабачы гэты Малевіч. Калі б былі сапраўды цэласныя і духоўныя людзі, - яны не адчувалі б патрэбы ў малевічах! Выгналі б!" Бач ты, знайшлі вінаватага: "чорны квадрат"... На жаль, такіх "няўзоравых" пакуль яшчэ шмат. Хоць, дзякаваць богу, сяброў у Малевіча цяпер стала больш, і першы бар'ер - паспешныя асуджэнні - пераадолены. Але што рабіць далей? Як атрымаць асалоду, пра што раздумваць, разглядаючы чорныя, чырвоныя, жоўтыя прамавугольнікі, трохвугольнікі, квадраты, эліпсы ды іншыя "загагуліны" К.Малевіча, Л.Лісіцкага, І.Чашніка, М.Суэціна, В.Ермалаевай, У.Стржэмінскага і яго юнай вучаніцы Н.Хадасевіч, будучай Лежэ? На жаль, з таго часу мы так і не займелі навыкаў беспрадметнага мастацтва. Вось я нядаўна паглядзеў выстаўку "Беларускі абстракцыянізм" - і што? Большасць работ экспазіцыі - стылявы перапеў таго, што было тады, у паслярэвалюцыйных Віцебску, Смаленску, Кіеве, Маскве і Петраградзе.

Але Віцебск усё ж, хоць і на кароткі перыяд, стаў галоўным цэнтрам усяго тагачаснага авангарда. Глядацкая звычка - пастаянна параўноўваць адлюстраванае на карціне - тут зусім не падыходзіць. Яна, дарэчы, наогул мала дае для разумення мастацтва. Няўменне супастаўляць не карціну і натуру, а розныя жывапісныя светы не дазваляе адчуць унікальнасць мастацкага бачання. Але варта ўявіць сабе беспрадметныя палотны Малевіча, Лісіцкага, Кандзінскага, Мандрыяна, Міро, успомніць невыяўленчыя крышталічныя структуры Філонава і лёгка адчуць, што кожны з гэтых майстроў валодаў сістэмай. Усе яны прыйшлі да беспрадметнага мастацтва невыпадкова. А што да ўзаемаадносін Шагала і Лісіцкага, то тут узнікае пытанне творча-этычнага парадку. Лісіцкі апынуўся ў складанай сітуацыі выбару паміж сваім духоўным настаўнікам Шагалам і Малевічам - бліскучым арганізатарам і лідарам радыкальных настрояў моладзі. Лісіцкі прыняў бок Малевіча, стаў яго паслядоўнікам, адэптам, бо моцны імпульс уплыву на Лісіцкага супрэматычнай канцэпцыі аказаўся менавіта ў Віцебску мацнейшым за жывапіс "рэаліста" Шагала. Як пасля таго складваліся прыватныя стасункі паміж учарашнімі сябрамі, не ведаю...

(Працяг будзе.)

 

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"