Усё цікавае ад майстра

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Вытанчаны фармат для нашых славутых мастакоў

/i/content/pi/cult/384/7607/1-3.gifУ 2012-м Нацыянальны мастацкі музей пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі краіны заснаваў кніжную серыю "Славутыя мастакі з Беларусі". Яе ініцыятары - дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў і першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч.

Задача серыі - папулярызацыя творчасці айчынных мастакоў у рэспубліцы і за яе межамі. Серыя выходзіць у выдавецтве "Беларусь" і пакуль разлічана на тры бліжэйшыя гады. У яе ўвойдуць 30 кніг, прысвечаных шляху ў мастацтве вядомых беларускіх майстроў пэндзля ХІХ - ХХ стст. Ужо выйшлі ў свет тры кнігі з гэтай серыі: "Іван Хруцкі" (тэкст - А.Хорак), "Валенцій Ваньковіч" (тэкст - Н.Сычова), "Вітольд Бялыніцкі-Біруля" (тэкст - У.Пракапцоў). Запатрабаванасць іх такая высокая, што выдадзены дадатковыя тыражы. У трэцім квартале бягучага года чакаецца выхад яшчэ дзвюх кніг: "Станіслаў Жукоўскі" (тэкст - У.Пракапцоў) і "Язэп Драздовіч" (тэкст - Н.Усава).

Бясспрэчная іх вартасць - тэкст на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай), дзякуючы чаму серыя стане запатрабаванай і за межамі нашай краіны. Выданні разлічаны на масавага чытача, аматараў мастацтва, студэнтаў, старшакласнікаў, замежных знаўцаў мастацтва, шматлікіх турыстаў. Невялікі кішэнны фармат, вытанчаны кніжны дызайн, 25 - 30 ілюстрацый, кароткі, але ёмісты тэкст, што дае магчымасць пазнаёміцца з творчасцю майстроў беларускага мастацтва, даведацца пра асноўныя вехі іх біяграфіі, ацаніць іхнія лепшыя творы. "Разыначка" кніг - фрагментаванне дэталей вядомых карцін, якое дазваляе разгледзець прыёмы жывапісу мастака, больш глыбока ўнікнуць у асаблівасці манеры пісьма майстроў.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь валодае найбольш поўнай калекцыяй твораў класікаў беларускага мастацтва. На жаль, не заўсёды пра нашых вялікіх майстроў ёсць манаграфічныя даследаванні і прэзентацыйныя альбомы. Такія выданні хутка знікаюць з кніжных паліц, як, да прыкладу, альбомы, прысвечаныя творчасці Н.Орды, В.Бялыніцкага-Бірулі, Ю.Пэна або Я.Драздовіча. Склалася парадаксальная сітуацыя: часцяком прасцей выдаваць за кошт спонсарскіх сродкаў грунтоўныя альбомы сучасных мастакоў, чым манаграфію пра тых майстроў, каго ўжо няма з намі. Гэты перакос у сучасным беларускім мастацтвазнаўстве, спадзяёмся, у нейкай ступені пераадолеюць кнігі дадзенай серыі.

Ініцыятары выданняў імкнуцца, каб кнігі пра нашых класікаў заўсёды можна было знайсці на паліцах кнігарняў па дэмакратычным кошце і пры вартай якасці друку. Яны абавязкова павінны трапіць не толькі ў кожную школьную бібліятэку, але і ў кожную сям'ю. Беларусам ёсць чым ганарыцца ў нацыянальным выяўленчым мастацтве.

Цягам бліжэйшага часу мяркуецца выдаць кнігі пра творчасць Н.Орды, М.Філіповіча, Ф.Рушчыца, А.Гараўскага, С.Заранкі, А.Астаповіча, В.Цвіркі, А.Альпяровіча, Я.Кругера, Р.Семашкевіча, П.Сергіевіча, М.Сеўрука, М.Савіцкага ды іншыя.

Надзея УСАВА, намеснік дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, мастацтвазнаўца