Дыярама для музея

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

26 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбыўся вернісаж манументальнай дыярамы расійскай Студыі ваенных мастакоў імя Мітрафана Грэкава пад назвай “Абарона Мінска 25 — 28 чэрвеня 1941 г.”.

/i/content/pi/cult/384/7606/1-2.jpegНагадаем чытачам "К", што назва "дыярама" паходзіць са старажытнагрэчаскай мовы: "dia" ("праз", "скрозь") і "horama" ("від", "відовішча"). Гэта від жывапісу, у якім стужкападобная карціна, нацягнутая на паверхні паўкруглага ў плане падрамніка, гарманічна спалучаецца з аб'ёмным пярэднім прадметным планам, макетам. Іншымі словамі, дыярама стварае ілюзію прысутнасці гледача ў прыроднай прасторы, дзе арганічна дасягаецца сінтэз мастацкіх і тэхнічных сродкаў. Першая дыярама з'явілася ў Францыі ў 1822 годзе. Яе аўтар - вынаходнік фатаграфіі Луі Жак Дагер. А першая савецкая дыярама - гэта "Узяцце Растова" (пра Грамадзянскую вайну), якую ў 1929-м выканала вялікая група вядомых мастакоў, у тым ліку з удзелам нашага В.Бялыніцкага-Бірулі.

Але, канешне ж, Студыя ваенных мастакоў імя М.Б. Грэкава - гэта, па сутнасці, адзіны ў свеце цэнтр стварэння дыярам на самым высокім прафесійным узроўні. Наколькі мне вядома, з 1934 года па сённяшні дзень баталісты студыі выканалі больш за 60 унікальных работ у дадзеным відзе мастацтва. І апошняя дыярама "Абарона Мінска" - у гэтым шэрагу. Яна створана калектывам мастакоў на чале з А.Сакаловым (дырэктарам студыі) па заказе Міністэрства культуры нашай краіны. У хуткім часе яна будзе экспанавацца ў новым будынку Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Зале абарончых баёў у Беларусі./i/content/pi/cult/384/7606/1-1.jpeg

Пра што яна, гэтая грандыёзная дыярама? Пра першыя трагічныя і гераічныя дні абароны Мінска - баі ў раёне Заслаўя, дзе самааддана змагаліся супраць танкаў Гейнца-Вільгельма Гудэрыяна і Германа Гота салдаты 64-й стралковай дывізіі палкоўніка Сямёна Іўлева - будучага Героя Савецкага Саюза. Часці гэтай дывізіі, яшчэ да канца не ўкамплектаваныя і неадмабілізаваныя, са слабым матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем, раніцай 23 чэрвеня прайшлі палаючы Мінск і разгрузіліся ў Ратамцы, каб заняць абарону ў Мінскім умацаваным раёне. Шырыня супрацьтанкавай абароны дывізіі працягнулася аж на 50 кіламетраў. Нямецкае полчышча танкаў з'явілася пасля поўдня 25 чэрвеня. І тут на паўночны ўсход ад Заслаўля і ў раёне Фаніпаля, калі варожыя танкі імкнуліся на Мінск, насмерць сталі нашы байцы. За тры дні яны знішчылі больш чым 300 гітлераўскіх танкаў і бронемашын, не лічачы соцень салдат і афіцэраў вермахта. Дарэчы, тут упершыню былі скарыстаны бутэлькі з гаручай сумессю. Канешне ж, вялікія няроўныя страты неслі і нашы. Ішлі паветраныя баі і ў небе над Міншчынай, дзе ў першыя дні вайны здабылі славу М.Гастэла са сваім экіпажам, а таксама лётчыкі Д.Какараў, А.Данілаў, Б.Каўзон, П.Рабцаў, А.Хлабыстаў, С.Гудзімаў - першыя, хто ў чэрвеньскія дні тараніў фашысцкія "юнкерсы" і "месеры".

Праз колькі дзён астаткі 64-й дывізіі вымушаны былі адступіць і адысці на ўсход для злучэння з галоўнымі сіламі Чырвонай Арміі. Потым гэтая дывізія атрымала за подзвігі, адной з першых савецкіх вайсковых злучэнняў, званне 7-й гвардзейскай.

Вось дыярама (у гукавым суправаджэнні) і распавядае пра ўсё гэта, так бы мовіць, прадстаўляе нам "многае ў малым". Амаль дзесяць "сюжэтаў" у адной кампазіцыі: беларускія бежанцы пад бамбёжкай са сваім няхітрым скарбам, большая частка якога раскідана на палявых дарогах, паветраныя баі, а таксама баі нашых артылерыстаў супраць фашысцкіх танкаў, пяхоты і матацыклістаў, і гэтак далей... Проста, вачам з першага разу цяжка "ахапіць неабсяжнае" - трэба доўга разглядваць "фрагменты" і дэталі кампазіцыі, некаторыя з якіх проста бяруць за душу сваім трагізмам, асабліва на першым, прадметным, плане.

Канешне ж, паказаць на фота дыяраму цалкам пакуль немагчыма - не дазваляе маленькі адыход для здымак, - таму перад вамі некалькі фрагментаў. Ці ёсць мастацкія недахопы ў дыяраме? Ёсць. Але, думаю, яны будуць выпраўлены ў некаторых "кавалачках" жывапісу.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі Дзяржаўны Сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор Рапота, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі. А таксама прынялі ўдзел дырэктар музея Сяргей Азаронак, вучоны сакратар Галіна Бабусенка, якая падрыхтавала экспазіцыю, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, сярод якіх быў і Аляксандр Ульяновіч, колішні дырэктар установы, ды шматлікія гледачы.

На здымках: фрагменты дыярамы

 

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"