Далёкая вандроўка

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Выстаўка "Я проста ў далёкай вандроўцы..." у Палацы мастацтва прымеркавана да 70-годдзя з дня нараджэння Вячаслава Дубінкі — мастака, фотамайстра, пісьменніка.

 

У экспазіцыі прадстаўлена адна з праяў ягонай творчай разнастайнасці: цудоўныя выразанкі з паперы - выцінанкі.

Менавіта Вячаслаў Дубінка вярнуў гэты, калісьці вельмі папулярны, але потым амаль забыты, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва да жыцця. Ён здолеў зацікавіць выцінанкай і прафесійных мастакоў, і аматараў, зрабіў выразанку з паперы нацыянальным культурным брэндам. Не дзіва, што творы Вячаслава Дубінкі набыты музеямі Украіны, Польшчы, Расіі, Літвы.

Пра магчымасці выцінанкі і ўвогуле беларускага народнага мастацтва сведчыць той факт, што паводле матываў твораў Дубінкі зроблена керамічная аздоба ў Харкаўскім метро.

Калісьці мне давялося гутарыць з Вячаславам Андрэевічам. Размаўлялі, у прыватнасці, пра ягонае захапленне выцінанкай. Ён распавядаў, што пачаў рабіць выразанкі з паперы пад час сваіх журналісцкіх камандзіровак, каб неяк бавіць час у залах чакання вакзалаў, а потым гэтая справа зацягнула і стала творчай іпастассю...

Летась выйшаў з друку аўтарскі альбом Вячаслава Дубінкі "Выцінанкі". Мастак неаднойчы афармляў выцінанкамі дзіцячыя кнігі і паэтычныя зборнікі.