Рэальныя "...Мамачкі"

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Мужчынскія пытанні пра жаночае да Веры Паляковай

/i/content/pi/cult/384/7603/2-1.jpeg

Завершана праца над першымі дзвюма серыямі шматсерыйнага мастацкага тэлевізійнага фільма "Ой, мамачкі!", пра здымкі якога "К" пісала раней. Стужка рэжысёра Івана Паўлава абяцае стаць прыемным сюрпрызам не толькі для айчыннага гледача: яна ствараецца спецыялістамі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" сумесна з адной з прыватных расійскіх кампаній. Такім чынам, чакаецца, што карціна ўбачыць свет адначасова ў дзвюх краінах. Днямі якасць першых серый праекта ацаніў мастацкі савет Нацыянальнай кінастудыі, а карэспандэнт "К" вырашыў даведацца пра падрабязнасці стварэння фільма ў выканаўцы адной з галоўных роляў - актрысы тэатра і кіно Веры ПАЛЯКОВАЙ.

- Мая гераіня - доктар, акушэр-гінеколаг. Чалавек са сваім, няпростым, лёсам: працуе з жанчынамі, якія чакаюць папаўнення ў сям'і, але сваіх дзяцей у яе няма. На жаль, гэта праўда: калі я знаходзілася на захаванні ў адной з мінскіх клінік, то загадчык аддзялення неяк распавёў, што прыкладна палова яго супрацоўніц - бяздзетныя... Таму мая гераіня нясе адбітак свайго гора праз увесь фільм: праз стасункі з мужам, іншымі персанажамі. І, у той жа час, яна цалкам захоплена працай. Дарэчы, кожная з пацыентак Веры Міхайлаўны (так клічуць маю гераіню) цікавая сама па сабе. Сярод іх ёсць і тыя, хто адмаўляецца ад дзіцяці, і маці-адзіночкі, і юная дзяўчынка, якой бацькі забараняюць раджаць...

- Фільм здымаўся менавіта ў шпіталі?..

- Не цалкам. Сцэны ў палатах давялося здымаць усё ж такі ў павільёнах кінастудыі. Але абстаноўка там сапраўды аказалася блізкай да той, што бывае ў рэальнай бальніцы. На пляцоўцы ў нас панавала неверагодная творчая атмасфера, што ўзнікае толькі там, дзе збіраецца каманда адораных людзей, якія працуюць за ідэю. Так, падобнае таксама здараецца ў наш век прагматыкі, і фільм - менавіта такі выпадак. На пляцоўцы не ўзнікала ніякіх канфліктных сітуацый, акрамя канфлікту з самой сабой. Усё ж такі я тры з паловай гады, не ўлічваючы працы на тэлебачанні, не выходзіла на здымачную пляцоўку...

Акцёры, персанал і пацыенты сталі настолькі блізкія адно аднаму, што вельмі хутка нас пачалі блытаць, і мяне ў вобразе маёй гераіні неаднаразова прымалі за доктара, а нашых "мамачак" з масоўкі супрацоўнікі клінікі пастаянна спрабавалі адправіць у палаты. Быў выпадак, калі грымёр прычасала ўрача, які праходзіў праз здымачную пляцоўку. Той шчыра некалькі разоў папярэдзіў: "Я - доктар". На што грымёр, не збянтэжыўшыся, адказала: "Я бачу, але трэба прычасацца!"

- І ўсё ж такі: ці атрымалася адчуць сябе ўрачом?

- Здаецца, у мяне атрымалася нешта "схапіць" з вобразаў тых медыкаў, з якімі я мела зносіны. Галоўная рыса, што я пераняла ў сапраўдных урачоў, - адсутнасць паказнога жалю да сваіх пацыентаў. У сапраўднай бальніцы ніхто ж ні з кім не заігрывае - усё вельмі проста і нават жорстка. Так што мая гераіня - у нейкай ступені менавіта тая, сапраўдная Вера Міхайлаўна, пацыенткай якой я была ў свой час. Хоць я ніколі, нават у дзяцінстве, у адрозненне ад многіх маіх аднакласніц, не хацела стаць медыкам. Гадоў у шэсць запатрабавала ў бацькоў купіць мне фартэпіяна, таму што ведала: мой лёс - быць актрысай або спявачкай.

У стужцы "Ой, мамачкі!" у мяне таксама ёсць музычны нумар: я выконваю песню на вершы Юліі Ляшко "Дзевяць чароўных месяцаў", якую адмыслова напісаў аўтар музыкі да фільма Сяргей Сухамлін. Запіс песні даўся мне нялёгка: Сяргей  патрабаваў, каб песня атрымалася пяшчотнай, кранальнай, але пры гэтым без залішніх сантыментаў.

- А ў жорсткасці экраннай Веры Міхайлаўны ёсць нешта ад Веры Паляковай?

- Не, я старалася, каб у маёй гераіні была жорсткасць менавіта Веры Міхайлаўны. Прычым, на першы погляд, прататып гераіні робіць падманлівае ўражанне: ціхі голас, рукі ў кішэнях... Мая гераіня толькі выглядае спакойнай - за ейным спакоем і ўпэўненасцю хаваецца такі імпульсіўны характар, такі лёс!

- Назва карціны - "Ой, мамачкі!"... Ці значыць гэта, што яна разлічана менавіта на жанчын?

- Так задумвалася першапачаткова аўтарамі сцэнарыя Юліяй Ляшко і Людмілай Перагудавай, так запланавана і тэлеканалам, з якім мы супрацоўнічаем. Яго асноўная аўдыторыя - якраз жанчыны, бо мы здымалі, кіруючыся менавіта пажаданнямі ды рэкамендацыямі заказчыкаў. І гэта правільна. Бо мала зняць кіно - трэба навучыцца яго прадаваць, прычым за добрыя грошы, да чаго, мяркую, і павінен імкнуцца сучасны "Беларусьфільм". Таму карціна - пра жанчын і для жанчын. "Татачкі" ў кадры таксама з'яўляюцца, але яны знаходзяцца крыху ўбаку ад галоўных падзей. Хоць у нас ёсць і доктар-прыгажун са сваёй гісторыяй. Увогуле, цікава павінна быць і мужчынам, але, у цэлым, мы разлічваем на жаночую аўдыторыю.

- Калі фільм усё ж такі паглядзіць мужчына, што новага ён зможа даведацца пра сваю палову?

- Мне здаецца, пасля прагляду ён будзе ставіцца да сваёй каханай жанчыны куды больш клапатліва. Урачы кажуць, што цяжарнасць - гэта найлепшы стан душы, але быць цяжарнай усё-такі вельмі цяжка, бо даводзіцца аддаваць самае лепшае свайму будучаму дзіцяці.

- Як вы думаеце, у нашым грамадстве стаўленне мужчын да жанчын ...

- ...Усё ж такі змяняецца ў лепшы бок. Паглядзіце, якая колькасць партнёрскіх родаў у апошні час: мужчыны ўжо не баяцца, не грэбуюць і не саромеюцца прыйсці, каб са сваёй каханай жанчынай выпрабаваць ды адчуць, якая цяжкая праца - вынасіць, а потым нарадзіць здаровае дзіцятка.

- Калі параўноўваць Веру Міхайлаўну і іншую вашу гераіню, толькі ўжо тэатральную, - спявачку Эмілію Марці са спектакля "Сродак Макропуласа" па п'есе Карэла Чапека, які з аншлагамі ідзе ў Тэатры-студыі кінаакцёра...

- ...То падабенства - мінімальнае! Літаральна на другі здымачны дзень, калі трэба было іграць камедыйны эпізод, унутры мяне раптам прачнулася Эмілія Марці і праца на пляцоўцы расклеілася. Гэта быў мой самы цяжкі здымачны дзень у кар'еры! З пляцоўкі я сышла, абліваючыся слязьмі. Назаўтра Іван Паўлаў вымушаны быў сказаць: "Іграй так, як лічыш патрэбным, як просіць твая душа". І калі я стала іграць так, як гэта зрабіла б сама, усё адразу стала на свае месцы, а Эмілія Марці "адпусціла" маю новую гераіню.

- Існуе стэрэатып пра "моцных" беларускіх жанчын і "слабых" беларускіх мужчын. Якое ваша меркаванне?

- Сіла мужчыны - менавіта ў яго сіле. А сіла жанчыны - у яе жаноцкасці. Мне вельмі хацелася б, каб як мага большая колькасць беларускіх жанчын выпраменьвала жаноцкасць. Нашы жанчыны сапраўды часцяком бяруць на сябе шмат чаго, спрабуючы быць мужчынам у доме. Асабіста я заўсёды імкнулася да таго, каб знайсці такога мужчыну, побач з якім я была б сапраўды "за мужам". Ведаеце, напэўна, многім здаецца, што ў нас у сям'і раўнапраўе. Магу адразу сказаць, што гэта не так: муж у нас у сям'і - галоўны, я ж іграю другую скрыпку.

- А што наконт стаўлення да вашай прафесіі?..

- Рэжысёр Таццяна Траяновіч, з якой мы зрабілі ўжо тры спектаклі і зараз пачынаем чацвёрты, кажа, што я вельмі "роўная" актрыса: магу сыграць крыху лепш ці крыху горш, але правалаў у мяне не бывае. Вось так і майму мужу вельмі складана падвергнуць мяне крытыцы: ён жа прыходзіць і разам з іншымі глядзіць якасны прадукт. Вядома, бывае настолькі ўзрушаны спектаклем, што ў яго вырываецца: "Гэта было добра!" Але часцей рэакцыя такая: "Нармальна". Гэта ў яго азначае "вельмі добра", а "добра" - значыць "супер".

- Мяркуючы па колькасці тэлефанаванняў на мабільны пад час інтэрв'ю, вы - чалавек надзвычайна дзейсны і запатрабаваны... Напэўна, званкі былі не толькі ад калег па тэатры і кіно, але і ад студэнтаў Акадэміі мастацтваў. Шматгадовае выкладанне там - хутчэй, хобі, чым сур'ёзны заробак?

- Канешне. Я ўжо шмат гадоў выкладаю будучым акцёрам "Сцэнічны рух", "Сцэнічны бой" і "Фехтаванне". Мне здаецца, што калі ты сур'ёзны педагог і сапраўды хочаш навучыць чаму-небудзь, то, як і на сцэне з гледачом, адбываецца ўзаемны абмен энергіяй. Я забіраю ў студэнтаў энергію іх юнацкасці, але ўзамен выкладваюся на сто працэнтаў - ніколі не адносілася да тых выкладчыкаў, якія сядзяць на зэдліку і даюць выхаванцам карысныя парады... Я заўсёды побач з маімі студэнтамі, і пад час рэпетыцый сінякі набіваю, і адкрыта абмяркоўваю самыя вострыя пытанні, што хвалююць іх.

- Веры Паляковай часта даводзілася змяняцца ў жыцці?

- Амаль кожны дзень! Падкрэслю, не змяняю погляды на жыццё - яны ў мяне досыць сталыя: я ўсё гэтак жа люблю людзей, вельмі шмат увагі надаю кантактам. Але - змяняюся сама. Упершыню вельмі сур'ёзна змянілася 13 гадоў таму, калі ў мяне нарадзіўся мой першы сын Дзмітрый. А потым я сустрэла свайго мужа... Пазней нарадзіўся Арцём, і на нейкі час усё маё жыццё стала падпарадкоўвацца яго рэжыму, таму што мне хацелася быць цалкам побач з ім. Цяпер я спрабую даць усё максімальна магчымае свайму малодшаму і адначасова "наганяю" са старэйшым.

Самы вялікі камплімент для мяне гучыць ад старых знаёмых, якія даўно мяне не бачылі і цяпер кажуць, што ў выніку маіх змяненняў я не страціла сябе, не страціла веру і Веру Палякову.

- Сучасная жанчына часцяком вельмі доўга робіць кар'еру і займаецца пошукамі "ідэальнага мужчыны", адкладаючы нараджэнне дзіцяці. Што могуць сказаць у такім выпадку Вера Палякова і яе гераіня з новай стужкі Вера Міхайлаўна?

- У кожнай - свой шлях, але на ўласным прыкладзе магу сказаць: майму старэйшаму сыну ўжо 13, а мая творчая кар'ера толькі пачынае набіраць ход. Стаць мамай у 20 гадоў страшнавата, але на самой справе нічога ад цябе ў жыцці не сыходзіць, а, наадварот, дадаецца. Лепш за мацярынства на свеце нічога няма - гэта самае вялікае шчасце. Мне часта задаюць пытанне пра самыя яркія моманты ў жыцці, і я, не задумваючыся, адказваю: "Ну, вядома, гэта нараджэнне маіх сыноў!" У той момант, калі тваё дзіця з'яўляецца на свет, ты сама нараджаешся зноўку...

Занатаваў Антон СІДАРЭНКА

Фота Рамана ЛЕБЕДЗЕВА