“Давай мы распішамся...", або Каму цікавы, бібліятэкар, які "плача"?

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Праблема “нефармальнага” фармуляра і не толькі

Он-лайн-канферэнцыя: бібліятэчная палітыка рэгіёнаў

Чарговую он-лайн-канферэнцыю рэдакцыя "К" прысвяціла ўдасканаленню бібліятэчнай справы. І не толькі таму, што 2012-ы абвешчаны Годам кнігі, а дзейнасць нашых "кніжнікаў" усіх узроўняў і рангаў з'яўляецца часткай нацыянальнай ідэалогіі. Непрыхаваная рэдакцыйная цікавасць да тэмы вылікана яшчэ і тым, што ў № 21 "К" быў змешчаны артыкул загадчыка Кіраўскай сельскай бібліятэкі Віцебскага раёна Вольгі Палунчанка "ЦБС патрэбна рэформа". Артыкул - спрэчны, востры. Здавалася б, і рэакцыя пасля публікацыі павінна быць адпаведнай. Але, на жаль, адбылося дакладна наадварот. Натуральна, пытанне неадкладнасці абмеркавання і артыкула, і неаспрэчных бібліятэчных праблем паўстала рубам...

У он-лайн-канферэнцыі прынялі ўдзел дырэктар Крычаўскай ЦБС Валянціна 
БАЧКОВА, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Валянціна ВАРАПАЕВА, дырэктар Светлагорскай ЦБС Людміла ДАДАЛКА, начальнік аддзела культуры Докшыцкага райвыканкама Інга ЖУРОМСКАЯ, дырэктар Лідскай дзіцячай гарадской бібліятэкі Ірына САЎСЯН, бібліятэкар аграгарадка "Бацвінаўка" Галіна ТАРГОНСКАЯ і загадчык аддзела маркетынгу Пружанскай ЦБС Ніна ШАБУНЯ.

adm:

 - Як вы пракаменціруеце артыкул Вольгі Палунчанка?

shabunya:

- Лічу, каментарыі пасля артыкула Марыны Пшыбытка проста не патрэбны: абгрунтавана і дэталёва, зыходзячы з рэалій часу, яна ў тым жа нумары "К" прааналізавала прапанаваную Вольгай Палунчанка мадэль рэформы ЦБС. Мае меркаванні цалкам супадаюць з думкамі спецыяліста Нацыянальнай бібліятэкі. Дадам толькі вось што. Я ўпэўнена: калі б мая калега працавала ва ўстанове, скажам, раённага маштабу, то ў яе не маглі б узнікнуць такія фантастычныя ідэі... Не трэба забываць, што ў вёсцы жывуць збольшага пажылыя, іншым разам хворыя і адзінокія людзі. Таму без наведванняў на даму не абысціся. А яшчэ варта памятаць, што бібліятэкары, працуючы ў сельскай мясцовасці, атрымліваюць 20 працэнтаў надбаўкі да заработнай платы. Пры гэтым нават максімальныя нормы нагрузкі па абслугоўванні чытачоў на аднаго сельскага бібліятэкара - амаль у два разы ніжэйшыя, чым у гарадскога і раённага. Таму сельскі бібліятэкар проста абавязаны быць і сацыяльным работнікам, і псіхолагам, і юрыстам, а таксама - сябрам і дарадцам.

adm:

- Між тым, як сцвярджае тая ж Марына Пшыбытка, колькасць сельскіх бібліятэк няўхільна скарачаецца...

shabunya:

- Калі на вёсцы ёсць бібліятэкар, які дасканала ведае фонд і інтарэсы кожнага чытача, можна быць упэўненым: бібліятэку не скароцяць і вяскоўцы бібліятэкару не скажуць: "Давай мы распішамся, а ты пазначай у фармуляры, што хочаш, толькі адчапіся...".

adm:

- Дзе ж такіх, дасведчаных, набраць? І увогуле, ці існуе праблема нечытаючага бібліятэкара?

varapaeva:

- Існуе, на жаль. Асноўная маса абітурыентаў факультэта інфармацыйна-дакументальных камунікацый мае вузкі кругагляд.

adm:

- А ў чым прычыны?

varapaeva:

- Скрачаюцца гадзіны выкладання літаратуры ў школе, у гуманітарных ВНУ. Зніклі пэўныя прадметы эстэтычнага цыкла, у тым ліку і "Сусветная мастацкая культура"... Таму студэнты-завочнікі не надта арыентуюцца ў нацыянальных ды сусветных мастацкіх і літаратурных працэсах.

shabunya:

- Пытанне не з простых... Але бібліятэкараў, якія любяць і добра робяць сваю справу, у рэспубліцы шмат. І мне вельмі шкада, што калега з Віцебскага раёна прадставіла сваю працу ў негатыўным святле. Упэўнена: толькі тады, калі справа прыносіць задавальненне, можна выканаць яе добра, якасна, прафесійна. Калі не, дык навошта сябе мучаць? Ды і сучаснаму чытачу бібліятэкар, які "плача" аб сваіх праблемах, мякка кажучы, нецікавы.

dadalka:

- Сярод праблем сваёй ЦБС не магу не назваць маральна і фізічна састарэлыя кніжныя фонды. Не хапае маладых кадраў з сучаснай прафесійнай адукацыяй, у тым ліку інжынераў-праграмістаў. І тут, сапраўды, сваю ролю адыгрывае нізкая заработная плата: загадчык аддзела, філіяла або інжынер-праграміст без стажу атрымлівае 1 мільён 243 тысячы рублёў, а бібліятэкар са стажам працы - 1 мільён 183 тысячы... Існуюць і ўнутрыраённыя праблемы: нам патрэбны новы будынак для ЦРБ з лекцыйнай залай, памяшканнямі для ПЦПІ, краязнаўчага аддзела... На сяле таксама неабходна абнаўляць матэрыяльна-тэхнічную базу і набываць мультымедыйнае абсталяванне.

adm:

- Як вы ставіцеся да таго, што Вольга Палунчанка цяпер звальняецца па ўласным жаданні, бо, як сама прызнаецца, з-за свайго праўдашукання адчувае сябе сярод раённых калег не вельмі, мякка кажучы, утульна?

shabunya:

- Сапраўды, пакуль не позна, можна змяніць ці прафесію, ці род дзейнасці. Але з прычыны пачування "няўтульнасці" сярод раённых калег звальняцца не раіла б. Упэўнена, што яны, калегі, - на сваім месцы і не будуць перашкаджаць творчаму, працавітаму бібліятэкару-прафесіяналу, які працуе ва ўмовах сельскай бібліятэкі па індывідуальных праектах. А вось калі Вользе яе прафесія падаецца непрэстыжнай, калі ёй сорамна ад таго, што яна робіць, сапраўды, можна і звольніцца. Дзесяць гадоў - не такі вялікі стаж, і яшчэ ёсць час змяніць нешта ў жыцці... Для мяне 40 гадоў маёй працы на ніве бібліятэчнай дзейнасці праляцелі як адно імгненне. Сваю прафесію лічу справай для інтэлектуальных, высокаадукаваных, камунікабельных людзей, якія любяць кнігу і сваіх чытачоў.

adm:

- Ці задавальняюць вас бібліятэчныя заробкі?

varapaeva:

- Малады спецыяліст атрымлівае 600 - 900 тысяч рублёў. Ці ж гэта дастойная сума?

shabunya:

- Пра "непрэстыжнасць" прафесіі міжволі падумаеш толькі тады, калі атрымаеш мінімальны памер пенсіі... Што ж, у кожнага ёсць выбар. Кіраўнікі, якія часта раяць падначаленым: "Шукайце, дзе лепш і больш плацяць", - маюць рацыю. А пакуль... Рабіце сваю справу так, каб вас паважалі людзі. У вёсцы гэта асабліва важна. Бо нават нашы нізкія заробкі - вышэйшыя, чым у тых, хто заняты нялёгкай сельскагаспадарчай працай.

adm:

- ЦБС сапраўды патрэбна рэформа? Якая?

shabunya:

- Лічу, праблема "непрэстыжнасці" нашай прафесіі, закранутая ў артыкуле, вельмі важная. Рэформы ў бібліятэчнай дзейнасці сапраўды патрэбны. Многіх недарэчнасцей у нашай справе можна было б пазбегнуць, калі б, як у замежных еўрапейскіх краінах, нам не даводзіліся б планы па колькасці чытачоў, наведванняў, кнігавыдач, тым больш - планы платных паслуг. А высокі ўзровень аўтаматызацыі ў бібліятэках - гэта такая ж мара, як і ЦС МБЭК, пра якія піша Вольга... Статыстыка патрэбна, каб бачыць рэаліі ды перспектывы развіцця нашай галіны, а не для таго, каб паказчыкі пастаянна раслі. Не абысціся без рэформы і ў падрыхтоўцы кадраў. Сёння востра адчуваецца праблема адсутнасці спецыялістаў-культмасавікоў (не кожны бібліятэкар на гэта здольны), спецыялістаў па рэкламе, маркетынгу, выдавецкай дзейнасці...

varapaeva:

- Для таго, каб выхаваць сапраўды творчую асобу, на бібліятэчным факультэце можна выкладаць сцэнічнае майстэрства, арганізацыю дасугу, мастацкае чытанне ды іншыя спецкурсы. А спецыялістаў для выкладання названых дысцыплін у БДУКіМ хапае...

adm:

- Якія яшчэ праблемы турбуюць?

shabunya:

- Даўно неабходна пераглядзець нарматыўна-рэгламентуючыя дакументы па штатах, нормах, аплаце працы і нават уліку ды справаздачнасці... Будучыня сельскай бібліятэкі, на маю думку (няхай і некрэатыўную), - гэта ўтульнае памяшканне з сучасным дызайнам, інтэр'ерам, шырокім асартыментам друкаванай і электроннай прадукцыі, наборам інфармацыйных паслуг, мультымедыйнымі сродкамі... Няўжо вясковы чытач, стомлены сельскагаспадарчай працай, не можа мець магчымасць адпачыць у такой прыцягальнай установе тады, калі захочацца, а не калі яго наведае "бібліямабіль"? Будучыня бібліятэкі - гэта прафесіянал, чалавек шырокай эрудыцыі, майстар сваёй справы. Так мала і так многа... Тут ёсць над чым працаваць.

baczkova:

- Дадам, што тэма заробку - неадназначная. Многае тут залежыць ад стажу працы, кваліфікацыйнай катэгорыі... Таму бывае, што работнік з меншай адказнасцю атрымлівае больш, чым той, хто займае больш адказную пасаду. Але за кошт фонду стымулявання працы сітуацыю можна выправіць. Інакш загадчык аддзела ЦРБ сёння атрымліваў бы без надбавак і прэмій менш, чым бібліятэкар першай катэгорыі. Адным словам, хто працуе адказна, ініцыятыўна, той сёння атрымлівае нядрэнную зарплату і ёй задаволены.

adm:

- Што яшчэ варта змяніць?

dadalka:

- Фінансаванне бібліятэк, замацаванне ў іх спецыялістаў.

baczkova:

- Існуе таксама вострая патрэба ў новых тыпавых штатах для сетак публічных бібліятэк. Камп'ютарызацыя, аўтаматызацыя, аказанне сэрвісных паслуг, стварэнне сайтаў і пастаянная работа з імі вымагаюць шмат часу. І штат для правядзення гэтых работ не павінен залежаць ад групы аплаты працы. Возьмем хоць бы вядзенне сайта. Гэта не пад сілу аднаму супрацоўніку, бо выконваць неабходна не толькі тэхнічную работу, але і рыхтаваць інфармацыйныя матэрыялы, займацца камп'ютарным дызайнам... А 4-я група па аплаце працы прадугледжвае толькі аднаго бібліёграфа, які адказвае і за цэнтр прававой інфармацыі, і за ўсю інфармацыйна-бібліяграфічную работу ў бібліятэках раёна. Стварэнне інфармацыйных ды тэхнічных сектараў ці аддзелаў з адпаведнымі спецыялістамі па праграмаванні, дызайне і гэтак далей дазволіла б узняць узровень бібліятэчнай работы. Увогуле, пастаяннае ўдасканаленне праграмнага забеспячэння патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі бібліятэкараў. Сёння, на жаль, у штаце няма спецыялістаў, адказных за гэты кірунак. Адсюль - і праблемы.

adm:

- І як знаходзіце выйсце са становішча?

baczkova:

- Вучымся, дадаём у службовыя інструкцыі бібліятэкараў вядзенне тых або іншых працэсаў, па магчымасці (у межах фондаў заработнай платы на бібліятэчную сетку) выплачваем гэтым работнікам дадатковыя надбаўкі ды прэміі. Але ж гэта, пагадзіцеся, не выйсце.

targonskaja:

- На маю думку, штатная колькасць бібліятэчных супрацоўнікаў (асабліва - у аграгарадках) не павінна залежаць ад колькасці карыстальнікаў. Цяперашні аграгарадоцкі спецыяліст мае вялікую нагрузку: ён не толькі абслугоўвае чытачоў, але і адказвае за працу прававых цэнтраў, аматарскіх клубаў, стварэнне электронных баз, абслугоўванне карыстальнікаў з дапамогай ПК і гэтак далей. Тыпавыя штаты не дазваляюць сёння пры нагрузцы ў 500 чытачоў мець другога работніка, але з працай, што вядзе бібліятэкар аграгарадка, аднаму чалавеку справіцца вельмі цяжка.

dadalka:

- У бібліятэкараў - залішняя справаздачнасць, плюс штоквартальныя і штомесячныя інфармаванні па выкананні розных праграм...

adm:

- А з артыкулам Вольгі Палунчанка пагаджаецеся?

dadalka:

- Светлагорская РЦБС не згодная з такой мадэллю рэформы бібліятэк. Нельга, на нашу думку, замяніць стацыянарнае абслугоўванне сельскага насельніцтва паслугамі бібліямабіля. Сельская бібліятэка - цэнтр культуры і сацыяльнага жыцця, месца захавання яго гісторыі, народных традыцый ды абрадаў, месца стасункаў. Мы не маем права пагаршаць якасць жыцця сяльчан.

baczkova:

- Артыкул калегі з Віцебскай вобласці прачытала з задавальненнем, хоць і не зусім згодная з ёй. Маю 30-гадовы стаж бібліятэчнай працы, і мне вельмі прыемна, што ёсць сельскія бібліятэкары, неабыякавыя да развіцця бібліятэчнай справы, якія хочуць, каб усё змянілася ў лепшы бок, разважаюць на высокім прафесійным узроўні... Падтрымліваю ідэю стварэння новых відаў устаноў: бібліяэтэкі-клубы, бібліятэкі-музеі... Толькі патрэбны разумны падыход у залежнасці ад тых сацыяльных умоў, у якіх знаходзіцца ўстанова. Пры аптымізацыі, лічу, неабходна ўлічваць інтарэсы насельніцтва, бо менавіта для яго мы працуем. І калі у невялікай вёсцы бібліятэка як цэнтр зносін і баўлення вольнага часу патрэбна хоць некалькім людзям, яна ў вёсцы павінна быць, хоць, можа, гэта і нявыгадна эканамічна...

adm:

- А што не падтрымліваеце?

baczkova:

- Ідэю стварэння ЦС МБЭК. Наўрад ці гэта стане эканамічна мэтазгодным. Кожны мае права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне.

sausian:

- Мне падаецца, пункт гледжання Вольгі Палунчанка заслугоўвае ўвагі і абмеркавання, але ўсе згаданыя праблемы павінны вырашацца на больш высокім узроўні, чым раённы.

baczkova:

- Згодная з тым, што некаторыя кірункі дзейнасці, якія сёння патрабуюцца ад бібліятэк, лепш весці спецыялістам. Але ж бібліятэкі павінны інфармацыйна суправаджаць гэты працэс... Пагаджаюся і з тым, што нашым установам не варта канкурыраваць з дамамі культуры. Наша задача - прывабіць да кнігі, чытання... Аднак калі ў бібліятэчным мерапрыемстве будзе тэатралізаваная частка пра любімых кніжных герояў ці песня, дык тое не значыць, што гэта аўтаматычна клубнае мерапрыемства. Фонды бібліятэк - шматгаліновыя, таму кірункі дзейнасці для бібліятэкараў - таксама розныя. І сёння абмяжоўвацца толькі выстаўкамі-праглядамі не варта, бо гэта занадта сумна.

adm:

- Можа, вы маеце нейкі дадатны вопыт у вырашэнні тых пытанняў, якія былі закрануты ў артыкуле пра рэформу ЦБС?

dadalka:

- Так, натуральна. Напрыклад, аўтар узнімае праблему рамонту кніг. А ў нас штогод упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Светлагорскага райвыканкама рэалізоўвае ў бібліятэках два праекты: сацыяльнай адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці ды часовай працоўнай занятасці моладзі, дзякуючы чаму аднаўляецца дадаткова больш за 8 000 кніг. Дарэчы, не магу пагадзіцца з аўтарам і наконт незапатрабаванасці бібліятэчных мерапрыемстваў разнастайнай скіраванасці. Да прыкладу, у нашым раёне прафілактычныя акцыі па ахове здароўя, у якіх актыўна ўдзельнічаюць і бібліятэкі, дапамаглі знізіць узровень інфіцыравання ВІЧ сярод насельніцтва.

baczkova:

- Будучае сельскіх бібліятэк - і вялікіх, і невялікіх - бачу ў поўнай іх камп'ютарызацыі. Карыстальнікі ў бібліятэк - розныя, і запатрабаванні ў іх - таксама. Але галоўнае ў бібліятэчнай справе залежыць ад самога бібліятэкара, ад таго, як ён сам бачыць сэнс сваёй прафесіі і як ставіцца да выканання абавязкаў.

adm:

- А ці шмат работнікаў без спецыяльнай адукацыі? Наколькі эфектыўна выкарыстоўваецца пазабюджэт для матэрыяльнага стымулявання працы актыўных у творчым плане спецыялістаў?

shabunya:

- Нават адзін нядобрасумленны бібліятэкар для кіраўніка і супрацоўнікаў аддзела бібліятэчнага маркетынгу з'яўляецца праблемай. А калі ён не адзін? Па нашай ЦБС - 71,5 працэнта спецыялістаў. Пры гэтым у ЦРБ усе 22 спецыялісты маюць вышэйшую бібліятэчную адукацыю... Часта ў сельскія і нават гарпасялковыя бібліятэкі прыходзяць спецыялісты іншага профілю ды заяўляюць пра сябе лепш, чым некаторыя спецыялісты са шматгадовым стажам. Усё залежыць ад асобы, ад жадання, ад агульначалавечай культуры. Апошнім часам прытрымліваемся думкі: лепш няхай бібліятэка будзе зачынена, чым у ёй будзе нядобрасумленны бібліятэкар... Стымуляванне працы творчых спецыялістаў у сучасных умовах - справа складаная. Для вырашэння шматлікіх праблем пазабюджэт - не выйсце. Калі існуе такая магчымасць, яна выкарыстоўваецца. Зазначу, што ёсць спецыялісты, якія творча і самааддана працуюць, не думаючы пра матэрыяльнае стымуляванне. Проста, інакш яны не могуць.

zhuromskaja:

- Вакансій па раёне няма, а неспецыялістаў у бібліятэках раёна працуе не так ужо і шмат...

varapaeva:

- Хачу дадаць вось яшчэ што. У студэнтаў-завочнікаў сесія - усяго два тыдні. Натуральна, тэрмін для навучання - малы. А выснова наступная: бібліятэкары павінны пастаянна займацца самаадукацыяй.

adm:

- Ці запатрабаваны сярод чытачоў цэнтры прававой інфармацыі? З якіх сродкаў фінансуецца абнаўленне іх камп'ютарнай базы? Ці варта тут штосьці змяняць?

shabunya:

- На жаль, нельга сказаць пра высокую іх запатрабаванасць у большасці бібліятэк нашага ўзроўню. І, на маю думку, гэта менш за ўсё залежыць ад намаганняў бібліятэкара. Базы даных прававой інфармацыі "Эталон" устаноўлены ў іншых шматлікіх арганізацыях. Слушнай лічу ідэю аб неабходнасці кансультацыйнай дапамогі юрыстаў у працы цэнтра. Гэта павінна быць прадугледжана дакументамі, што рэгламентуюць дзейнасць цэнтра, а не адбывацца па ініцыятыве бібліятэкара, якую юрыст можа проста праігнараваць... Трэба вывучаць і ўкараняць лепшы вопыт работы цэнтраў прававой інфармацыі. Бясспрэчна, што ў сучасных умовах наяўнасць апошніх у сценах бібліятэкі - неабходнасць, хоць іх фінансаванне і адбываецца за небюджэтныя сродкі. Колькасныя паказчыкі выкарыстання цэнтра не павінны быць у цэнтры ўвагі.

dadalka:

- Я лічу немэтазгодным утрыманне ПЦПІ ў сельскіх бібліятэках, але ж яны шырока запатрабаваны ў гарадскіх і гарпасялковых установах, пра што сведчаць статыстычныя паказчыкі: 2 000 карыстальнікаў, 3 500 наведванняў, 5 000 выдадзеных дакументаў з пачатку гэтага года. Для сельскай бібліятэкі неабходная прававая інфармацыя высылаецца па электроннай пошце.

adm:

- Наколькі распаўсюджаны сярод сельскіх бібліятэкараў прыпіскі ў справаздачах?

shabunya:

- Пытанне для мяне не зусім прыемнае. Хаця б таму, што няма нічога горш, чым адказваць за вынікі чужой працы. Адно скажу: ніколі за гады сваёй працы з сельскімі бібліятэкарамі не дазволіла сабе нешта кшталту: "Напішыце штосьці ў фармуляр, галоўнае, каб план быў выкананы"... Усімі метадамі, наколькі гэта магчыма, змагаемся супраць дадзенай недапушчальнай з'явы. Справаздачы ад кожнай бібліятэкі прымаем толькі на падставе пярвічных форм уліку (чытацкіх фармуляраў), звяраем іх з дзённікамі ўліку работы, пры выездах выкарыстоўваем іншыя метады. Калі ў нечым сумняваемся, гутарым з насельніцтвам. Выяўленыя факты памылак ва ўліку ці прыпісак даводзім да ведама кіраўніцтва на саветах аддзела культуры, саветах пры дырэктары ЦБС. Праца такіх бібліятэк бярэцца на строгі кантроль. Калі прафілактычная і метадычная дзейнасць не спрацоўвае, мы развітваемся з такімі бібліятэкарамі. Хочам, каб гэта не было тэмай дня. Бо казаць у нашай сферы пра прыпіскі проста недарэчна. Вось тут, дарэчы, і зноў пра рэформу не лішнім будзе ўспомніць. І яна павінна быць такой, каб не схіляла да прыпісак. Як? Пра гэта трэба думаць шмат і многім... Ва ўсялякім выпадку, колькасныя паказчыкі не заўсёды могуць сказаць пра якасць абслугоўвання і задаволенасць чытачоў.

adm:

- Дзякуй, Ніна Канстанцінаўна, за шчыры адказ! Як ідзе камп'ютарызацыя сельскіх (не аграгарадоцкіх) бібліятэк? Ці выкарыстоўваецца тут спонсарская дапамога?

zhuromskaja:

- Праблема - адна з балючых. У нас нават адна аграгарадоцкая бібліятэка не камп'ютарызавана да сённяшняга дня...

shabunya:

- Як і ва ўсіх бібліятэках рэспублікі, у нас ідзе працэс аўтаматызацыі адпаведна Дзяржпраграме "Культура Беларусі". На жаль, сярод неаграгарадоцкіх бібліятэк аўтаматызавана толькі адна - Новазасімавіцкая сельская бібліятэка. Спонсарскую дапамогу атрымаць нялёгка, тым больш для аўтаматызацыі. Менш за ўсё гэта залежыць ад намаганняў і крэатыўнасці бібліятэкара ці нават дырэктара ЦБС...

adm:

- З гэтым, урэшце, і паспрачацца можна... Сёння ўжо згадвалася ўскосна пытанне папаўнення кніжных фондаў. Давайце на гэты конт паразважаем больш грунтоўна.

dadalka:

- Названую праблему вырашаем з дапамогай Інтэрнэта і штогадовай падпіскі на электронныя базы даных Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ("Універсальная бібліятэка", "GrabennikOn" ды іншыя). У Светлагорскім раёне на папаўненне фондаў штогод накіроўваецца не менш за 15% (у 2011-м - 18%) ад сумы бюджэтнага фінансавання ўстаноў, у тым ліку 2/3 ад гэтай сумы ідзе на аплату падпіскі. Што да кніжнага фонду ЦБС, дык ён складае больш за 567 тысяч экзэмпляраў. Больш за 50% выданняў незапатрабаваны ў выніку маральнай ды фізічнай састарэласці і дублетнасці, а таксама з прычыны жорсткага абмежавання спісання ў апошняе дзесяцігоддзе.

adm:

- Якім чынам, на ваш погляд, трэба працаваць са спонсарамі і мецэнатамі, каб прыахвоціць іх ахвяраваць пэўную суму грошай на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэк?

dadalka:

- Спонсарская подтрымка выкарыстоўваецца для заахвочвання актыўных чытачоў і пераможцаў бібліятэчных конкурсаў. А для таго, каб праца са спонсарамі ды мецэнатамі была больш паспяховай, думаю, варта запрашаць іх на бібліятэчныя мерапрыемствы, віншаваць з прафесійнымі святамі ды юбілеямі, запэўніваць у высакароднасці ды неабходнасці падтрымкі культуры. Але ж якія б мерапрыемствы бібліятэкі ні рыхтавалі, калі прадпрыемства ці фірму не ўзначальвае чалавек, які пастаянна чытае кнігі, дык ніякая рэклама не дапаможа, ніякія дзеянні не прынясуць дадатнага эфекту.

sausian:

- Калі казаць пра спонсарства ў нашым Лідскім раёне, дык яно, хутчэй за ўсё, абмяжоўваецца дарэннем кніг. Калі зараджалася прадпрымальніцкая дзейнасць, мы атрымлівалі невялікія грошы ад бізнесменаў... Можа, мы не так з імі працуем? Не ўмеем узаемадзейнічаць з-за сваёй сціпласці? Спадзяёмся на дзяржаву, на грошы, якія зарабляем ад платных паслуг... Мяркую, трэба ствараць у дзіцячых бібліятэках апякунскія бацькоўскія саветы, ісці да прадпрымальнікаў са шчырай размовай аб важнасці кніжнага выхавання...

adm:

- Як вы думаеце, наколькі лагічным на фоне агульнага "нечытання" з'яўляецца тое, што дзіцячыя бібліятэкі маюць планы платных паслуг?

targonskaja:

- Я не хацела б вярнуцца ў той час, калі мы не аказвалі платныя паслугі: на маю думку, менавіта яны ўзнялі бібліятэчную справу на больш высокі ўзровень. Гэта прымусіла бібліятэкара ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі, шукаць новыя падыходы, развівацца творча ды інтэлектуальна. Сёння даход ад камерцыйнай дзейнасці дае магчымасць набыць і абсталяванне, і расходны матэрыял як для аказання платных паслуг, так і для далейшага развіцця ўстановы. І, канешне ж, - для стымулявання працы работнікаў. Іншая справа - не хочацца, каб даводзіліся планы аказання гэтых паслуг. Бібліятэкары - вельмі адказныя людзі, яны і без планаў будуць працаваць з поўнай аддачай.

adm:

- А як ставіцеся да камерцыйнага фонду?

targonskaja:

- На маю думку, ён таксама павінен быць. Як інакш набыць самыя "гарачыя" навінкі? Хоць цяпер, праўда, дзяржаўных грошай, выдаткаваных на камплектаванне, хапае, каб набыць добрыя кнігі і на бясплатнай аснове даць пачытаць карыстальнікам. Але камерцыйны абанемент дысцыплінуе чытача, дае яму упэўненасць, што ягоны ўклад у набыццё кніг прыносіць карысць любімай бібліятэцы.

baczkova:

- У нашай сістэме - 56 відаў платных паслуг. І хоць гэта нямала, але я лічу, што пашырэнне спектра аказання платных паслуг павінна быць абавязковым: гэтага патрабуе час. Застанёмся на адным узроўні - не выжывем. Іншыя зоймуць патрэбную нішу.

dadalka:

- Колькі слоў хачу сказаць пра камп'ютарныя паслугі. У нашым раёне - 13 сельскіх бібліятэк, што маюць доступ да Сусветнага павуціння. Яны выкарыстоўваюць гэты выхад у асноўным для дастаўкі неабходнай інфармацыі з цэнтральнай бібліятэкі праз электронную пошту, для самастойнага пошуку даных, а не для камп'ютарных гульняў. Да прыкладу, Дубраўская сельская бібліятэка ўжо зарабіла на аказанні гэтай паслугі каля 500 000 рублёў за перыяд са студзеня па май бягучага года.

sausian:

- Для Лідскай РЦБС план платных паслуг складае 150 мільёнаў рублёў. Але я лічу, што бібліятэчная кніга павінна быць бясплатнай. А такія віды паслуг, як ксеракапіраванне, сканіраванне, ламініраванне, раздрукоўка з электроннага носьбіту, ды іншыя віды могуць быць і платнымі...

varapaeva:

- На бібліятэкара, у тым ліку сельскага, ускладзена выключная адказнасць. Ад яго, як і ад настаўніка, залежыць далучэнне людзей да кнігі, творчай самарэалізацыі. І кожны работнік павінен гэта ўсведамляць.

Ад рэдакцыі. Як бачна, сённяшняя бібліятэчная справа - далёка небеспраблемная. І зараз, калі ідзе абмеркаванне канцэпцыі праекта Кодэкса Рэспублікі Беларусь "Аб культуры", любая слушная заўвага бібліятэкара-практыка - на вагу золата. Мы па-ранейшаму чакаем вашых неабыякавых допісаў пра далейшае ўдасканаленне бібліятэчнай дзейнасці.

Матэрыялы он-лайн-канферэнцыі падрыхтавалі Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ і Яўген РАГІН

 

 

цікавы