Разрыў паводле Лангбарда

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

3 000 знакаў пра два пакаленні

/i/content/pi/cult/384/7599/2-2.gifЗнянацку ў маім творчым лёсе адбылася значная падзея: партрэт архітэктара Іосіфа Лангбарда (2002 г.), над якім мы працавалі разам з архітэктарам Ігарам Марозавым, трапіў на выстаўку ў Нацыянальны мастацкі музей. З гэтай нагоды з'явіліся і тэмы для разваг.

Змястоўная мемарыяльная выстаўка "Іосіф Рыгоравіч Лангбард (1882 - 1951). Архітэктар і мастак", прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння выбітнага дойліда, сабрала творы сапраўдных зорак мастацтва ХХ стагоддзя. Ісак Бродскі - "партрэтыст нумар адзін" тагачаснага жывапісу, Аляксандр Лакціётаў - так-так, той самы стваральнік сонечнага "Ліста з фронту", вядомага па школьных падручніках... Гэтыя класікі былі сябрамі архітэктара.

А вось скульптараў сярод удзельнікаў выстаўкі аказалася толькі двое: карыфей савецкага параднага партрэта Заір Азгур і... ваш пакорны слуга. Натуральна, гэтыя скульптурныя выявы Іосіфа Лангбарда аказаліся рознымі - нездарма іх размясцілі ў супрацьлеглых баках галерэі. Парадны і рэпрэзентатыўны бюст класіка скульптуры і наша "галава-шар", узнятая па-над гледачамі на калонападобным п'едэстале без базы ды антаблементу... Прытрымліваючыся лангбардаўскага духу прастаты і вертыкальнасці, мы з Ігарам Марозавым вырашылі адмовіцца ад усяго лішняга на карысць лаканічнасці і архітэктанічнасці. За аснову кампазіцыі намі быў узяты модуль будынкаў Лангбарда.

Выдатны азгураўскі партрэт, якому ўласціва дакладнае падабенства да натуры, цалкам знаходзіцца ў рамках канону. Найперш - савецкага, і далей - акадэмічнага, класіцыстычнага, антычнага. Гэта скульптурны твор, прызначаны ўпрыгожваць архітэктуру. Мы з Ігарам Марозавым спрабавалі разбурыць гэты канон - класіцыстычную сістэму існавання скульптуры ў архітэктурнай прасторы, якая прымае скульптурную выяву толькі як дэкаратыўны акцэнт ці "разыначку". Наш партрэт задумваўся для ўсталявання ля адной з мінскіх пабудоў дойліда як арганічная частка лакальнай прасторы, гарманічна звязаная з месцам існавання - архітэктурнай спадчынай Іосіфа Лангбарда.

Паміж прадстаўленымі на выстаўцы двума партрэтамі палягае сапраўдны паўвекавы разрыў пакаленняў. Чаму ён узнік? І чаму знакавая для Мінска фігура Лангбарда ўвесь гэты час знаходзілася (і знаходзіцца) па-за ўвагай скульптараў? Пытанне не з простых. А сама выстаўка толькі выявіла гэтую тэндэнцыю. Пад час працы над партрэтам мы даткліва вывучалі іканаграфічны матэрыял. І ўжо тады зразумелі, што Заір Азгур быў адзіным нашым папярэднікам...

Урэшце, як падаецца, постаць Лангбарда вартая і асобнага помніка. Сціплай мемарыяльнай дошкі на фасадзе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета для яе маштабу відавочна недастаткова.

Павел ВАЙНІЦКІ, скульптар, мастацтвазнаўца