Чым падкупляе “…Зязюля”?

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Гродзенскія гастролі: палёт нармальны

/i/content/pi/cult/384/7597/1-5.jpegНа сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага адбыліся гастролі Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Не часта гродзенцы прадстаўляюць сваё мастацтва сталічнай публіцы, і, зразумела, што прыезд гэты выклікаў шырокую цікавасць як у колах прафесіяналаў, так і сярод звычайных аматараў тэатральнага мастацтва.

Гледачам былі прадстаўлены тры работы: "Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання" Уладзіміра Рудава, "Палёт над гняздом зязюлі" Дэйла Васэрмана паводле рамана Кена Кізі і "№ 13" Рэя Куні. Гэткая рэпертуарная афіша сталася аднолькава цікавай як для ахвотных адпачыць у тэатры ды весела правесці час, так і для тых, хто шукае тут інтэлектуальнай падпіткі ды размоў на хвалюючыя філасофскія пытанні. Першым даспадобы прыйшліся "№ 13" і "Камедыя", другія ж па праве ацанілі "Палёт над гняздом зязюлі", што дае падставы казаць пра разнастайную рэпертуарную палітыку тэатра, арыентаваную на самыя розныя катэгорыі гледачоў.

 

Акурат на "Палёце над гняздом зязюлі" хацелася б спыніцца больш падрабязна. Не ў апошнюю чаргу таму, што рэжысёр спектакля Генадзь Мушперт - бадай, адзін з нямногіх, хто ў сучасных тэатральных умовах не падзяляе спектаклі на глядацкія і інтэлектуальныя. У кожнай з яго пастановак прысутнічае тэма-разважанне, зварот да тых або іншых пытанняў, важных для чалавека і яго інтэлектуальна-духоўнага свету. Разам з тым, ён не паддаецца спакусе сысці ў самафіласофстваванне і ніколі не забываецца, што спектакль можа быць якім заўгодна, але не мае права быць сумным. Гэтыя дзве важныя якасці арганічным чынам сышліся і ў пастаноўцы паводле культавага рамана Кена Кізі.

На сцэне - псіхіятрычная клініка, у сценах якой і адбываецца дзеянне спектакля. Адно за адным, з'яўляюцца яе насельнікі: як тыя, хто "выпраўляе" стан уласнай псіхікі, так і персанал. Асаблівых адрозненняў, акрамя фармальных, паміж імі не назіраецца: у кожнага з персанажаў маецца ўласная "асаблівасць" псіхалогіі паводзін у соцыуме, якая ў той або іншай ступені і прывяла яго сюды. Акцёры не іграюць ні паталогію, ні падпарадкаванасць уласным хваробам. Для пацыентаў гэта - усяго толькі прызнанне ўласнай непаспяховасці ў свеце, дзе на першым месцы - культ сілы, прыгажосці і бездакорнасці. І для таго, каб не выходзіць на спаборніцтва з тымі, хто загадзя акажацца мацнейшы, усе яны... збягаюць у свет, 

/i/content/pi/cult/384/7597/1-6.jpg

дзе магчымасць быць "няпоўнаспраўным" прызнаецца за кожным і аўтаматычна вызваляе ад пастаяннай неабходнасці адпавяданняў ды параўнанняў.

Макмэрфі, ролю якога выконвае ў спектаклі Аляксандр Шалкаплясаў, пры ўсім сваім жаданні "падмяць", падладкаваць пад уласныя патрэбы існуючы побыт і парадкі, усё ж не выглядае радыкальным "пратэстнікам". Яго высакамернасць і нахрапістасць знікаюць надзвычай хутка, змяняючыся спагадай і нават шкадаваннем да тых, хто аказваецца побач з ім. Перад намі не класічны "хіпі", рух якіх захапляў моладзь 60-х гадоў мінулага стагоддзя, - нефармальнасць героя Шалкаплясава выяўляецца найперш праз яго нежаданне адмовіцца ад радасцей жыцця ды ператварыцца ў функцыю, што мусіць быць цаглінкай у агульнай сістэме парадку і падпарадкавання. Менавіта гэтае яго жаданне - каб усе людзі навокал прызналі ўласную індывідуальнасць і не імкнуліся да немаведама кім абвешчанага стандарту, каб кожны жыў, зыходзячы з асабістых адчуванняў ды перажыванняў, - і становіцца галоўным рухавіком усёй сцэнічнай дзеі.

Прыемна адзначыць, што пастаноўка не стала "монаспектаклем" акцёра Шалкаплясава, а прадэманстравала цудоўную і, на жаль, надзвычай рэдкую для сучаснага беларускага тэатра якасць - ансамблевасць, у самым класічным сэнсе гэтага паняцця. Прытым, што кожны з акцёраў на сцэне, стварыў цікавыя, індывідуальныя вобразы, за якімі раскрываліся і асабістыя біяграфіі герояў, і іхнія страхі, перажыванні, характары, уся пастаноўка склалася ў пранізлівую поліфанію, дзе галоўнай каштоўнасцю з'яўляецца тая еднасць і ўменне існаваць у прасторы спектакля сугучна, далікатна, без залішняга надрыву. Але кожны з герояў пры гэтым дакладна "трымае" тую або іншую думку, носьбітам і правадніком якой ён з'яўляецца. І тут шмат цёплых слоў хочацца сказаць на адрас персанажаў, сыграных Сяргеем Курыленкам (Дэйл Хардзінг), Васілём Мінічам (Білі Бібіт), Сяргеем Венсковічам (Правадыр Бромдэн), Святланай Марэцкай (Сястра Рэтчэд) ды іншымі акцёрамі, кожны з якіх стаў далікатнай і своеасаблівай "фарбачкай" у агульным мастацкім палатне.

Пад час прагляду ўзгадаўся спектакль паводле гэтага ж твора, паказаны колькі гадоў таму башкірскімі акцёрамі ў рамках Міжнароднага фестывалю "Панарама", - тады галоўнай "дзеючай сілай" быў папраўдзе шалёны акцёрскі тэмперамент, які выклікаў шквал эмоцый як на сцэне, так і ў зале. Гродзенскі ж спектакль падкупляе найперш тым, што знешняя актыўнасць адыходзіць на другі план, бо рэжысёр скіроўвае ўвесь тэмперамент у рэчышча асэнсавання закладзенай аўтарам твора сітуацыі: у сферу маральна-этычнага выбару кожнага чалавека - не толькі тых, хто знаходзіцца на сцэне, але і нас, гледачоў, таксама. Прычым сам гэты выбар аніякім чынам не "падрыхтоўваецца": нам не прапануюць вырашыць, што добра, а што дрэнна, як трэба сябе паводзіць, а як - нельга, бо гэткі шлях паўтарае той, які ў самім рамане Кена Кізі і прыводзіць герояў у псіхіятрычную клініку. Няма дабра і зла, а ёсць толькі радасць жыцця і павага да чалавека - бадай, менавіта гэты "месэдж" аказваецца тым самым адкрыццём, якое глядач робіць для сябе па заканчэнні спектакля. Ці ж гэтага мала?

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА