Спецыяльна для Нясвіжа

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Радзівілы — рарытэты. Радыкальна — з піетэтам

/i/content/pi/cult/384/7593/2-1.jpegУ трэці раз Нясвіж стаў сведкам трохдзённых "Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў". І ўзняў пытанні не толькі фестывальнага руху ды ўслаўлення праз яго нацыянальных культурных здабыткаў, але і саміх форм пленэрнага ды "ваколпленэрнага" мастацтва: замкава-палацава-салоннага - і вулічнага, на адкрытым паветры. А таксама навуковага падыходу да аднаўлення мінуўшчыны - і міфалагічна папулярызатарскага.

Тры фестывальныя дні ўключалі ў сябе не толькі музычныя праграмы і спектаклі дзённа-вечарова-начнога паказу, але і змястоўную экскурсію для акрэдытаваных журналістаў, праведзеную загадчыкам сектара "Палацавы ансамбль" Аляксеем Буднікам. Артысты таксама спрабавалі да яе далучыцца, ды дарма: у той самы час у іх пачыналася рэпетыцыя. Мы ж пабачылі не толькі ўжо адкрытыя для агляду залы, але і тое, што пакуль схавана ад наведвальнікаў. Вачам не верылася: усяго год таму паглядзець можна было літаральна чатыры пакоі, дзе практычна не было рарытэтаў - адно фотаздымкі, гістарычныя сведчанні, макеты. Цяпер жа ў замку - безліч набытых з розных крыніц аўтэнтычных рэчаў, шмат артэфактаў з прыватных калекцый, якія дадзены для экспанавання, але не з'яўляюцца маёмасцю гэтага музея.

Прыгажосць - выключная. Унутранае аздабленне будынка выглядае, так бы мовіць, "з іголачкі", прытым, што літаральна ў кожнай зале захаваны аўтэнтычныя дэталі і фрагменты. Пра майстэрства беларускіх рэстаўратараў сведчыць выпадак, калі іх калега, перайшоўшы працаваць на іншы аб'ект і потым наведаўшы Нясвіж, радасна выклікнуў пра адзін з "прадметаў даўніны": маўляў, знайшлі-такі! А той аказаўся - наноў зробленым.

Прэс-канферэнцыя - у Гетманскай зале Адзін з дзённых канцэртаў - у Тэатральнай зале, дзе ў час нядаўняга Міжнароднага фестывалю "Уладзімір Співакоў запрашае" граў славуты Барыс Беразоўскі./i/content/pi/cult/384/7593/2-2.jpeg

- Раяль - вельмі добры, акустыка - таксама, - падзялілася ўражаннямі адна з удзельнікаў канцэрта "Ты словы свае прысвяціў Беларусі..." Таццяна Лойша. - Але інструмент устаноўлены на дыване, яго цяжка перасунуць, каб лепш адчуваць залу і, што галоўнае для канцэртмайстра, саліста. На будучыню, пэўна, гэта прадугледзяць...

Усё гэта - знешнія дэталі. А што ж да мастацкага начыння "Вечароў..."? На мой погляд, "фішкай" сталі музычныя рарытэты - прэм'еры абсалютна новых і адноўленых старых твораў. Спецыяльна для Нясвіжа "Беларуская капэла" на чале з Віктарам Скорабагатавым, якая ўваходзіць у склад Вялікага тэатра, замовіла нашым кампазітарам рамансы на вершы Уладзіслава Сыракомлі. Упершыню прагучалі "Тост у доме В.Марцінкевіча" Сяргея Бельцюкова, "Што прысніцца" Ларысы Сімаковіч. Былі і маленькія адкрыцці. "Песню сялянкі-ліцвінкі" Вячаслаў Кузняцоў пабудаваў на гуканнях-перазовах, што больш уласцівыя інструментальнай музыцы - адлюстраванню ў ёй рэха ды іншых гукаў прыроды, - а ў вакальнай практыцы не сустракаюцца. Але Дзіяна Трыфанава цудоўна справілася з незвычайным прыёмам, натуральна ўпісаўшы сваю гераіню ў краявіды, што слухалі яе за вокнамі палаца.

Працягам таго канцэрта адбылася прэзентацыя фільма "Фаўст", знятага "Белвідэацэнтрам" пра аднайменную оперу Антона Генрыха Радзівіла на лібрэта самога Гётэ (праўда, прыблізна з сотні чалавек, што змяшчае зала, на прагляд засталіся толькі некалькі). Стужка атрымалася папраўдзе мастацкай, з ухілам у містыку, з удала знойдзенымі выяўленчымі сродкамі, адпаведнымі мефістофелеўскай тэматыцы. Вось толькі ўласна "дакументальнасці" (у сэнсе - навуковага падмурка) часам бракавала. Каб пазбегнуць недарэчнасцей, па музычныя звесткі "з першых вуснаў" наўрад ці трэба звяртацца да гісторыкаў і журналістаў - гэтыя разважанні лепш было пакінуць таму ж доктару мастацтвазнаўства, прафесару Вользе Дадзіёмавай ці камусьці з ейных выхаванцаў. Ці, можа, Ганне Каржанеўскай, якая значна перарабіла твор, каб надаць яму опернасці. Ці дырыжору Льву Ляху, які спрычыніўся да гэтай і іншых беларускіх музычна-гістарычных работ тэатра.

Містыка, дарэчы, умяшалася і ў паказ фільма: відэа "завісла", крыху не дацягнуўшы да фіналу. Можа, "тыя сілы" не хацелі, каб наша вока рэзалі арфаграфічныя недакладнасці ў цітрах? Асабліва пасля таго, як рускамоўныя выказванні ўдзельнікаў здымак агучваліся дыктарам у перакладзе: вось, маўляў, якая павага да беларускасці! Між тым, наўрад ці патрабаваўся той перакладчык першаму намесніку генеральнага дырэктара нашага Вялікага тэатра Уладзіміру Рылатку: ён добра размаўляе па-беларуску. Чаму ж не падказалі яму, што стужка будзе на роднай мове?

Ледзь не сенсацыяй успрымалася выкананне ў касцёле "Вострабрамскай літаніі" Юзафа Дашчынскага - першае пасля больш як 150-гадовага забыцця. Чатыры гады таму маладая даследчыца Святлена Немагай знайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Вільнюса рукапісныя партыі гэтага твора. Яны сталі асновай для партытуры, падрыхтаванай Уладзімірам Байдавым. "Дагэтуль лічылася, - піша Святлена Немагай, - што першыя разбудаваныя апрацоўкі літаніі, зробленыя ў манументальна-канцэртным ключы, належаць С.Манюшку (Чатыры "Вострабрамскія літаніі"). Сёння відавочна, што менавіта літанія Ю.Дашчынскага стала першым прыкладам такога роду твораў".

Акрамя таго, у канцэрце гучала музыка Осіпа Казлоўскага - яшчэ аднаго беларускага (і, пазней, расійскага) кампазітара эпохі класіцызму. Відавочнай стала прынцыповая стылёвая розніца двух аўтараў-сучаснікаў. І справа не ва ўзроставай розніцы паміж імі, што складала амаль чвэрць стагоддзя, а ў эстэтычных прыярытэтах ды кампазітарскіх індывідуальнасцях. Творчасць Казлоўскага - больш дасканалая, "класічная" ва ўсіх сэнсах слова, багатая на гармоніі, драматургічна ўраўнаважаная. Музыка ж Дашчынскага - размаітая, "яршыстая", з хістаннямі ад строга вытрыманай духоўнасці да паланэзнай танцавальнасці і раптоўных сентыментальных элементаў. Фрагменты бясконцых кадансаў, уласцівыя класіцызму з яго прагай да завершанасці, спалучаюцца ў ёй з разамнёнасцю, уласцівай рамантызму: "пытанне", зададзенае напрыканцы амаль кожнай часткі, атрымлівае "адказ" толькі ў пачатку наступнай. А якая розніца ў аркестроўцы! Галоўны хормайстар тэатра, народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч спраўна кіравала хорам, салістамі і аркестрам, знайшоўшы адметнасці кожнай з партытур. Каб глыбей прасачыць асаблівасці почырку Дашчынскага, далейшым даследчыкам будзе цікава параўнаць цяперашнюю канцэртную версію з арыгіналам.

А што ж да галоўных падзей "Вечароў..." - спектакляў на адкрытым паветры? Балетам "Кармэн-сюіта" і "Балеро" так і хацелася "дадаць" звыклых для іх сцэнаграфічных фантазій Я.Лысіка і Э.Гейдэбрэхта. Затое яшчэ больш яскравымі станавіліся суадносіны харэаграфіі Валянціна Елізар'ева і яе выканання - свайго ў кожнага з артыстаў. Цікавая праграма была падабрана для заключнага канцэрта. А "Яўгеній Анегін", які адкрываў "Вечары..." (да яго быў толькі канцэрт у ратушы), аздабляўся выстаўкай скіраваных да беларускай гісторыі работ навучэнцаў Мінскага мастацкага каледжа імя А.Глебава. Трэці паказ гэтага прэм'ернага спектакля вымусіў канчаткова прызнаць так званы інварыятыўны метад рэжысуры Аляксандра Прахарэнкі, пры якім усё залежыць ад артыстаў - нават павароты вядомага сюжэта. Праўда, наконт "вядомага" можна было і паспрачацца: двое жаночых галасоў ззаду мяне беспаспяхова намагаліся ўзгадаць, хто каго павінен забіць. А ў фінале оперы радасна ўздыхнулі: вось, маўляў, пазнаём цяпер сюжэт "са школьнай праграмы". Дзякуючы выдатнаму складу салістаў, сюжэтна-музычныя перыпетыі оперы П.Чайкоўскага былі праведзены папраўдзе класічна. Але Анегін Уладзіміра Пятрова закахаўся ў Таццяну яшчэ з першай сустрэчы, толькі баяўся ў тое верыць. А ці ж можна не закахацца, калі гераіню спявала Настасся Масквіна? Яе Сцэна ліста, нягледзячы на лівень, была надзвычай разнастайнай па псіхалагічных станах - і да дробязей пераканаўчай.

Увогуле ж, тэатр прывёз у Культурную сталіцу-2012 папраўдзе найлепшых артыстаў, уключаючы валтарніста сусветнага ўзроўню Аляксандра Сапожнікава, паказаў багата беларускай музыкі - ажно да Арыі Любкі з "Сівой легенды" Дзмітрыя Смольскага, прэм'ера якой чакаецца на пачатку сезона. Але скіраванасць свята засталася хіба асветніцкай, адрасаванай самім нясвіжцам. Можа, калі-небудзь "дарасцём" і да фестываляў, што прывабяць замежных турыстаў? Толькі для гэтага патрэбны не адно гатэлі (пакуль артыстаў і журналістаў тры дні запар зранку везлі ў Нясвіж, пасля апоўначы - назад у Мінск) ды больш прыстасаваная сцэна, але і, галоўнае, адметныя нацыянальныя "разыначкі", якія мы яшчэ толькі-толькі назапашваем. Адной з іх маглі б стаць выступленні духавых, што сёлета так прыцягнулі публіку. Можна было б узгадаць і папулярны ў мінуўшчыне жанр "музыкі на вадзе", пабудаваўшы адпаведны "плавальны сродак". Будзе фестываль - будуць і новыя ідэі!

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"