Чаго чакаюць ад фалькларыстаў?

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

З пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

 

27 чэрвеня ў БДУКіМ прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Было абмеркавана пытанне "Аб стане і перспектывах падрыхтоўкі спецыялістаў для сферы традыцыйнай мастацкай культуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў".

Міністр культуры краіны Павел Латушка, адкрываючы пасяджэнне, зазначыў, што традыцыйная культура - важны складнік дзяржаўнай ідэалогіі, стратэгічны рэсурс дынамічнага развіцця грамадства, таму ў гэтай сферы павінны працаваць высокаадукаваныя ды шматгранныя спецыялісты. І для іх падрыхтоўкі сёння - ва ўмовах новых адукацыйных стандартаў (тэрмін навучання студэнтаў у БДУКіМ скарочаны да чатырох гадоў) - патрабуюцца якасна новыя падыходы... Важнасць узнятага пытання вызначыла фармат пасяджэння. Прайшло яно дынамічна, з канкрэтнай пазнакай праблем і з не менш канкрэтным "генерыраваннем" слушных высноў.

Словам, замест "пераможных" справаздач на парадак дня быў вынесены грунтоўны аналіз сітуацыі. Рэктар БДУКіМ Барыс Святлоў падкрэсліў, што з 2008 года на аднаго выпускніка-бюджэтніка пры размеркаванні прыпадае 2,78 заяўкі. З больш чым 
17 000 работнікаў клубных устаноў звыш трох тысяч - спецыялісты-практыкі ва ўзросце, старэйшым за 55 гадоў. Вышэйшую адукацыю маюць 23 працэнты, сярэднюю спецыяльную - 41. Між тым, леташні план прыёму ВНУ не выканала. Не знайшла адраснага абітурыента спецыяльнасць "Духавыя народныя інструменты". Сацыялагічныя апытанні і пазіцыя рэгіянальных аддзелаў культуры сведчаць, што маладыя спецыялісты маюць належную тэарэтычную падрыхтоўку, але практычных навыкаў ім не хапае.

Ад фалькларыстаў сёння чакаюць "шматфункцыянальнасці": яны павінны валодаць навыкамі выканальніцкага майстэрства, асновамі рэжысуры святаў і абрадаў... Выснова наступная: не ўсе прафарыентацыйныя рэзервы яшчэ выкарыстаны, а да фальклору ды абрадазнаўства варта далучаць са школьнай парты. Папулярызацыі ж народных духавых павінна паспрыяць даступнасць гэтых музычных інструментаў. Апрача аднаўлення лабараторыі па вырабе іх вопытных узораў пры ВНУ гаворка ішла і пра стварэнне дударскага аркестра на базе БДУКіМ. Універсітэцкі гурт "Дудачка", надзвычай яркім выступленнем якога, дарэчы, і распачалося пасяджэнне калегіі, пераканаў, што гучанне будучага аркестра будзе адмысловым.

У ходзе пасяджэння была ўзнята і праблема больш сістэмнай экспедыцыйнай дзейнасці студэнтаў, іх пастаянных і шчыльных стасункаў з носьбітамі традыцыі. Намеснік начальніка аддзела ўстаноў адукацыі і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Анатоль Мукалаў казаў пра пэўны недахоп навучальна-праграмнага матэрыялу.

Рэктар Інстытута культуры Беларусі Іван Крук запэўніў, што неўзабаве будзе выдадзена 60 навучальных праграм, у тым ліку тыпавых планаў. Ён прапанаваў стварыць мабільную каманду, у складзе якой будуць і студэнты БДУКіМ, для рэгулярнай экспедыцыйнай дзейнасці. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі слушна заўважыў пры гэтым, што матэрыялы не толькі будучых, але і колішніх экспедыцый варта было б звесці ў агульны інфармацыйны банк.

Намеснік міністра культуры краіны Тадэуш Стружэцкі закрануў пытанне стварэння дырэкцыі Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва "Берагіня". А дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лакотка казаў пра неабходнасць падрыхтоўкі рэстаўратараў не толькі для аднаўлення народнай архітэктуры, але і тканін, вырабаў з дрэва...

Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута закрануў пытанне не толькі неабходнасці стварэння доўгачаканага Нацыянальнага музея народнага мастацтва, але і неадкладнасці перападрыхтоўкі рэгіянальных кадраў, што працуюць у сферы традыцыйнай культуры.

Праблему адаптацыі маладых спецыялістаў у рэгіёнах агучыў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Ігар Кузняцоў.

 

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"